Тэлеграм-каналы ГУБАЗіКу 5 верасьня паказалі кадры з затрыманым мужчынам, які нёс з сабой дзьверцы ад халадзільніка. На дзьверцах была налепка з Пагоняй, на іншай налепцы чалавек выкідаў у сьметніцу фашыстоўскую свастыку, былі і анархісцкія сымбалі.
«Гэты носьбіт чырвонага чубу — анархіст са стажам», — напісалі ў праўладных тэлеграм-каналах. Пазьней высьветлілася, што затрыманага завуць Віктар Жаркевіч. У мінулым ён быў вядомым панк-музыкам, а апошнім часам працаваў будаўніком, менавіта таму на яго надзелі аранжавую будаўнічую каску.
Сябра Жаркевіча літаратар Севярын Квяткоўскі кажа, што слава Жаркевіча засталася ў 1990-х, калі ён гучаў разам з гуртом Hate to State («Нянавісьць да дзяржавы»). Гэта быў адзін зь першых беларускіх панк-гуртоў.
«Гэта была такая альтэрнатыўная плынь, вельмі блізкая да анархістаў і антыфашыстаў. Апошнія гадоў пятнаццаць ён жыў звычайным жыцьцём, працаваў будаўніком. Тусаваўся са сваімі старымі сябрамі, ні музычнай, ні палітычнай дзейнасьці ня вёў. А так ён вельмі калярытны і цікавы чалавек», — кажа Севярын.
Творчым псэўданімам Жаркевіча быў «Мао», так яго называлі і сябры. Былы супрацоўнік газэты «Навінкі» Глеб Рубанаў кажа, што мянушку «Мао» музыка ўзяў сабе сам, пасьля таго як некалькі гадоў пажыў у сквотах Гамбургу.
«Hate to State гралі цяжка, зь веданьнем справы, арыентаваліся на заходніх аднадумцаў, а вакалістам у іх быў Мао — культавая асоба ў Менску тых часоў, высокі, здаравенны і абаяльны. Ён пажыў у Нямеччыне ў сквотах, пранікся там усімі гэтымі ідэямі. „Макдональдс цум котцэн!“ — памятаю іхную песьню з такім рэфрэнам», — пісаў пра Жаркевіча Альгерд Бахарэвіч.
Hate to State сьпяваў у асноўным на расейскай мове. Тэксты песьняў пісаў сам Жаркевіч. Да беларускай мовы музыка прыйшоў пасьля вяртаньня зь Нямеччыны, расказвае Севярын Квяткоўскі.
«Тады сярод панкоў было папулярным захапляцца ўльтралевымі поглядамі, хаця, вядома, ніякім маоістам ён ніколі ня быў. Радыкальным анархістам — так. Ён быў неад’емнай часткай газэты „Навінкі“. Фігура вядомая, але хутчэй у пэўнай субкультурнай нішы», — кажа Рубанаў.
У першым нумары газэты «Навінкі» (люты 1998) было зьмешчанае «віншаваньне алдовага панка Мао беларускаму народу з нагоды Новага году». Сам музыка на фатаздымку ў газэце — зь вялікім клоўнскім носам. Гэта была сатыра на стан рэчаў на радзіме.
«Дакладна ведаю, што жыў ён па-панкаўску — вельмі сьціпла і небагата. Пры гэтым яшчэ сабаку даглядаў, ня ведаю куды зараз гэтага сабаку падзелі і ці не замкнулі ў кватэры. Ён мне тэліў 31 жніўня ў 7.40 раніцы, але я ня даў рады адказаць і сам не перанабраў потым, забыўшы. Цалкам магчыма, што яшчэ тады і затрымалі», — кажа Глеб Рубанаў.
Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, у чым менавіта абвінавачваюць Віктара «Мао» Жаркевіча і дзе ён цяпер.