Франак Вячорка пра візы: «Зьявіліся фірмы, якія нажываюцца на беларусах»

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка патлумачыў дэталі візавай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да грамадзян Беларусі.

«Яшчэ нядаўна абмяркоўваўся поўны візавы бан для беларусаў — гэта значыць нявыдача турыстычных візаў. Але ўдалося гэтага пазьбегнуць», сказаў Франак Вячорка ў інтэрвію «Зеркалу».

Франак Вячорка

«Мы скарэктавалі палітычную думку, — кажа дарадца Ціханоўскай. — І зараз гэтыя абмежаваньні ня тычацца беларусаў. Пры гэтым спрошчаны візавы рэжым часткова быў адменены ўвосень летась. Тады ён тычыўся толькі афіцыйных дэлегацый. Цяпер атрымаць шэнгенскія візы ня могуць сілавікі, чыноўнікі, работнікі лукашэнкаўскага парлямэнту і іншых устаноў. Але звычайныя беларусы працягваюць атрымліваць візы. У некаторых консульствах выдаюць візаў больш, у некаторых менш. Але ўсё роўна беларусы працягваюць карыстацца спрошчаным візавым рэжымам. І гэта перамога. Нам вельмі важна, каб гэтая сытуацыя не зьмянілася да горшага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна: Эўразьвяз ня ўвёў візавых абмежаваньняў супраць беларусаў

Тым ня менш, на думку Вячоркі, пагроза візавых санкцый для грамадзян Беларусі застаецца і залежыць ад таго, у якой ступені Беларусь будзе задзейнічаная ў вайне Расеі супраць Украіны.

«Я думаю, што ў выпадку, калі зьменіцца статус-кво з удзелам беларусаў у вайне, сытуацыя можа мяняцца, — кажа Вячорка. — Зараз беларускія добраахвотнікі, партызаны, валянтэры, актывісты, праваабаронцы і мэдыя зрабілі вельмі важную справу па аднаўленьні добрага імя беларусаў. Але калі будзе поўнамаштабнае ўваходжаньне Лукашэнкі ў вайну, а да гэтага ідзе, сытуацыя можа памяняцца. І ня факт, што нам удасца тады балянсаваць», — удакладняе Франак Вячорка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эўразьвяз сваім рашэньнем у пытаньні візаў не хацеў падштурхнуць Беларусь у бок Расеі». Думка гісторыка

Таксама палітык зьвярнуў увагу на практыку выдачы візаў: «Цяпер ёсьць праблема ў тым, што зьявіліся фірмы, якія нажываюцца на беларусах, якія задзіраюць кошты, выкупляюць месцы ў візавых цэнтрах. Зь імі трэба вырашаць пытаньне. Мы ўжо ўздымалі гэтую праблему таксама і з Эўракамісіяй. Але справа ў тым, што там няма такога цэнтралізаванага мэханізму. Кожнае міністэрства самастойна арганізоўвае гэтую сыстэму. На жаль, ёсьць несумленныя людзі, якія нажываюцца на беларусах. Але многія консульствы, нягледзячы на паменшаны склад, працягваюць выдаваць візы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт у кібэрбясьпецы дасьледаваў, чаму беларусы ня могуць запісацца на візы. У МЗС Польшчы адрэагавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, Латвія, Літва і Эстонія плянуюць абмежаваць уезд расейцам з шэнгенскімі візамі