Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўваліся пытаньні амністыі і адначасна пазбаўленьня палітычных уцекачоў грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»
Ён патлумачыў, што амністыя распаўсюдзіцца і на тых вязьняў, якія ўчынілі «нязначныя злачынствы, уключаючы дзеяньні пратэставай накіраванасьці». Літасьць адносна гэтай катэгорыі зьняволеных абстаўляецца шэрагам умоваў — гэта і «нязначнасьць правіны», і «раскаяньне».
Сьцісла
- Амністыя — рэакцыя Лукашэнкі на паглыбленьне расколу, палярызацыі ў беларускім грамадзтве.
- Гэта не саступка Захаду, бо амністыя заплянаваная куртатая і спалучаная з пазбаўленьнем грамадзянства палітычных уцекачоў.
- Абмежаваны характар амністыі тлумачыцца інэрцыяй рэпрэсіўнай машыны і патэнцыйным незадавальненьнем прыхільнікаў улады.
Нагадаю, што летась, таксама пад афіцыйны Дзень народнага адзінства, такіх амніставаных набралася цэлых 13 чалавек з 675. Цяпер у краіне налічваецца 1327 палітычных вязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю — амаль удвая больш, чым было год таму, і ў 100 разоў больш, чым летась было амніставана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі: Камісія памілавала 13 асуджаных з 20 разгледжаныхЦяпер пэўная нечаканасьць ня ў тым, што Лукашэнка і сёлета гаворыць пра вельмі абмежаваную амністыю адносна «палітычных», а ў тым, што ён наагул пра яе загаварыў.
Тэндэнцыяй апошніх месяцаў было мэтадычнае закручваньне ўсіх магчымых гаек, умацаваньне рэпрэсіўнасьці рэжыму. А тут нібыта палёгка, хай і невялічкая.
Папулярная ў сацсетках вэрсія («у рэжыму скончыліся грошы») наўрад ці дакладная. Па-першае, пакуль яшчэ ня скончыліся, як ня скончыліся яны і ў спонсара рэжыму — Расеі. Па-другое, за невялікую амністыю, фактычна адно за жэст літасьці, Захад грошай ня дасьць і санкцыі не аслабіць. Ці ў лепшым для рэжыму выпадку — зробіць сымэтрычна: мікраскапічна зьменшыць ня самыя важкія і істотныя санкцыі. На жэст адкажуць жэстам, калі адкажуць наагул.
Так што выглядае, што матывацыя ўсё ж унутраная. І Лукашэнка яе на нарадзе і агучыў: «Часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў: усіх мачыць, саджаць і гэтак далей. Ведаеце, адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дадавала. Але тым ня менш проста адысьці ад гэтага пытаньня і ня чуць гэтых людзей — так ня будзе».
Гэтымі словамі Лукашэнка фактычна канстатаваў глыбокі раскол у беларускім грамадзтве, пацьвердзіў тое, што зафіксавана ў шматлікіх сацыялягічных апытаньнях. Паводле гэтых апытаньняў, ладныя часткі беларускага грамадзтва, прыкладна роўныя паводле колькасьці — «ядро пратэсту» і «бастыён Лукашэнкі» — не прымаюць адна адну, цярпець ня могуць і не хацелі б жыць разам у адной краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ненавідзяць адзін аднаго». Дракахруст пра бездань беларускага расколуІ Лукашэнка гэтую палярызацыю, раскол адчувае, і зусім ня толькі з апытаньняў. «Адзінства ў грамадзтве гэта ніколі не дадавала» — гэта вельмі далікатна і мякка сказана. Ня тое каб гэта проста цяпер нечым пагражала рэжыму. Але гэта бомба запаволенага дзеяньня і для яго, і нават для грамадзтва ў цэлым. Любы «чорны лебедзь» можа стаць дэтанатарам для гэтай бомбы.
Гэтую небясьпеку Лукашэнка адчувае і ўсьведамляе. Адсюль і сама ідэя амністыі як сродку прымірэньня, «засыпаньня» прорвы, якая цяпер падзяляе беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полюсы» беларускага грамадзтва татальна не прымаюць адзін аднаго — ацэнка сацыёлягаАле гэтаму імпульсу ў яго супрацьстаяць іншыя, так выглядае, мацнейшыя.
У Лукашэнкі захавалася траўма ад падзеяў 2020 году. Акрамя таго, раскручаны махавік рэпрэсіяў ужо мае вялікую інэрцыю — і псыхалягічную, і палітычную.
Спыніць сваіх хунвэйбінаў і «губазікаў» для Лукашэнкі ўжо мае пэўную і немалую цану. Людзі стараліся — цкавалі, палявалі, катавалі, саджалі — а цяпер усё адкруціць, усім дараваць, усё забыць?
І таму амністыя, патрэбу ў якой Лукашэнка адчувае, атрымліваецца такой куртатай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС раскрыў дэталі законапраекту аб пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу», і забароне ўезду ў краіну да 30 гадоўАле ў якасьці пэўнага прабачэньня перад сваімі нават за такі маленечкі «пернік» ворагам, ім жа — і новы «бізун»: праект аб тым, каб пазбаўляць палітычных уцекачоў грамадзянства.
Такі дадатковы зьдзек на афіцыйны Дзень народнага адзінства: з вамі, уцекачамі, мы нават і спрабаваць дасягнуць адзінства ня будзем, мы вас проста выключым са складу народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленьне грамадзянства: спадчына СССР і Трэцяга Райху. Меркаваньне экспэрткіТое, што падобныя практыкі ў мінулым ужывалі выключна таталітарныя рэжымы — нацысцкі і савецкі, у беларускай уладзе ўжо нікога не турбуе.
Дарэчы, тое, што амністыю заплянавана спалучыць з увядзеньнем інстытуту пазбаўленьня грамадзянства — яшчэ адно сьведчаньне таго, што справа не ў грашах. Аднаўленьне сталінскіх і гітлераўскіх практык абыходжаньня з палітуцекачамі агіду ад беларускага рэжыму ў сьвеце толькі ўзмоцніць. Але яму гэта ўжо няважна.
У Англіі падчас войнаў Пунсовай і Белай ружаў быў папулярны лёзунг — Save the soldiers, kill the lords (Шкадуй салдатаў, забівай лордаў). Гэтым адаптаваным да сучаснасьці лёзунгам Лукашэнка і кіруецца: «салдатаў» ворага ён гатовы шкадаваць, але па мінімуму, ну, а варожым «лордам» ён падрыхтаваў не фізычную, але грамадзянскую сьмерць — альбо краты на доўгія гады, альбо пазбаўленьне грамадзянства.
А што да народнага адзінства... Ну, вонкава ўсё ціха. Толькі «варанкі» ГУБАЗіКа палююць на новых ахвяраў. Але як там у Васіля Быкава ў «Знаку бяды» — «А бомба чакала сваёй пары...».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.