Калі аналізуеш акалічнасьці справы Фядуты-Кастусёва-Зянковіча, то разумееш, як лёгка пасьля 2020 году беларускім сілавікам знаходзіць патэнцыйных «змоўшчыкаў»: выберы 10 выпадковых беларусаў, пачні сачыць за імі і праслухоўваць — і акажацца, што палова зь іх абавязкова ў нейкай непарлямэнцкай форме абмяркоўвалі штосьці «такое».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі Зянковічу, Кастусёву, Фядуту і іншым падсудным у справе аб «змове»: да 11 гадоў зьняволеньняЯк вынікае з матэрыялаў судовага паседжаньня і з апошняга слова Аляксандра Фядуты, «змоўшчыкаў» спэцслужбы «вялі» даволі даўно, ад жніўня 2020 году, фактычна падштурхоўваючы, правакуючы іх на пэўныя дзеяньні і сустрэчы. Відавочна, гучная справа патэнцыйных «тэрарыстаў» была неабходная ўладзе, каб прадэманстраваць, што апазыцыя нібыта зусім ня мірная і не дэмакратычная.
У сваёй яркай апошняй прамове ў судзе Аляксандар Фядута падрабязна спыніўся ў тым ліку і на ўласных матывах удзелу ў «змове».
«Фядута: Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць зь мяне, спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеяньняў. Але гэта так! (...)
Калі ні закон у выглядзе Сьледчага камітэту, ні Бог у выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сыстэма краіны стала сыстэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і шляхам беззаконьня цягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём без закону».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўны тэкст апошняга слова Фядуты: «Расьсьледаваньне паказала грамадзтву, што ўлады баяцца неляяльнасьці войска»Я асабіста не сумняюся, што Аляксандар Фядута кіраваўся акурат тымі самымі высокімі матывамі. Мяркую, тут і маральны аспэкт: адчуваньне віны і імкненьне «выправіць» сваю памылку 1994 году, калі на першых выбарах прэзыдэнта Беларусі Фядута быў у камандзе будучага пераможцы, Аляксандра Лукашэнкі. Тут і гістарычны аспэкт: Фядута агучыў сваю прамову ў судзе, ведаючы, што яна ўвойдзе ў гісторыю і што ягонае імя пры любым разьвіцьці падзей будзе зьвязанае з гэтай прамовай.
Бо гісторыя расстаўляе ўсё на свае належныя месцы. Гэта як, напрыклад, у фільме «Апэрацыя Валькірыя» пра нямецкіх афіцэраў, якія рыхтавалі замах на Гітлера і спробу вайсковага перавароту. З пункту гледжаньня тагачаснай фашысцкай улады яны былі «здраднікамі дзяржавы». Але з гледзішча гісторыі і новай дэмакратычнай Нямеччыны — яны героі.
Гэтак і ў цяперашняй беларускай гісторыі. Сапраўдныя змоўшчыкі супраць народу — тыя, што захапілі ўладу праз фальсыфікацыю на выбарах, наплявалі на закон і справядлівасьць, б’юць, арыштоўваюць і саджаюць нявінных людзей за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.
У амэрыканскай, нямецкай, францускай Канстытуцыях ёсьць радкі і палажэньні, якія прызнаюць «права народу на паўстаньне». Яшчэ ў XII стагодзьдзі багаслоў Ян з Солсбэры пісаў: «Забіць тырана ня толькі законна, але і справядліва».
«Калі ўрад парушае права народу, паўстаньне для народу і для кожнай ягонай часткі ёсьць сьвятое права і неадкладны абавязак», — сказана ў Дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна Францыі ў 1789 годзе. А ў 1971 годзе Канстытуцыйны суд Францыі прызнаў Дэклярацыю юрыдычна абавязковым дакумэнтам. То бок, калі нічога не застаецца, тады — «любыя сродкі».
Як сьведчыць гісторыя, змовы і рэальныя ваенныя перавароты здараюцца выключна ў тых краінах, дзе няма дэмакратыі, дзе няма магчымасьці законнай замены ўлады, дзе ігнаруюцца правы грамадзян.
Лукашэнка днямі заявіў: «Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе».
Беларусь і так даўно стала краінай, дзе ўладу фактычна немагчыма зьмяніць ніякім легальным спосабам, а цяпер гэта хочуць замацаваць і юрыдычна.
Калі ўладу нельга зьмяніць законным шляхам, праз дэмакратычныя выбары, то застаюцца выключна іншыя спосабы. Ня самыя прыгожыя і ня самыя мяккія. Палацавыя перавароты, змовы, «табакеркі», грамадзянскія войны. Зрэшты, «гісторык», які заяўляў, што Францыск Скарына працаваў у Піцеры, можа гэтага і ня ведаць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўцаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.