Актуальнасьць мастацкай прозы Адамовіча — гэта актуальнасьць Сэрвантэса, Талстога, Быкава, калі ў чалавеку выяўлена вечнае, тое, што не састарэе праз доўгія гады. Вядома ж, здараецца, што пад узьдзеяньнем сучасных падзеяў пэўны твор апынаецца ў цэнтры грамадзкай увагі.
Пасьля жніўня 2020-га загаварылі пра адамовічаўскіх «Карнікаў» — аналёгія з сучаснасьцю чытаецца ўжо ў самім загалоўку.
Не зьдзіўлюся, калі гэтую аповесьць прыбралі зь бібліятэкі СІЗА КДБ ды іншых турмаў: паралелі відавочныя нават не абазнанаму ў літаратуры чытачу зь першых старонак, з узгадкі пра народжанага Ганнай Шыкльгрубэр невядома ад каго аднаго з самых чорных пэрсанажаў сусьветнай гісторыі. Ды і апісаная Адамовічам псыхалёгія нікчэмнасьці, якая апантаная ідэяй панаваць над народамі, тлумачыць шмат што ў паводзінах некаторых сучасных дзеячоў.
Калісьці, прыгадваючы на маю просьбу паводзіны камуністычнага кіраўніцтва БССР у першыя дні пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч казаў пра здраду свайму народу. І прывёў прыклад з часоў вайны (як мы тады казалі, «апошняй вайны», цяпер ужо ня можам гэтак казаць, цяпер ужо і студзень 2022-га — гэта «даваенны час»). Нацысты, заўважыў Адамовіч, выбіралі сабе зь ліку беларусаў менавіта тых памагатых, якія былі няйбольш бязлітасныя да сваіх жа, да беларусаў; «І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў — дык табе давяраць будуць бязьмежна».
Ці ня гэтак дзейнічае цяперашняя вышэйшая ўлада, калі самыя руплівыя выканаўцы злачынных загадаў узносяцца па кар’ернай лесьвіцы?
Але што доўгі час здавалася мне састарэлым з творчай спадчыны Адамовіча — дык гэта ягоныя публіцыстычныя тэксты, асабліва публікацыі на тэму ядзернага раззбраеньня. Не выклікала сумневу іх гістарычная роля (надрукаванае ў «Новом мире» ў 1988 эсэ «Чэснае слова, больш ня выбухне!» было прарывам праўды пра Чарнобыль і да таго ж вельмі паспрыяла віцяблянам у барацьбе супраць Віцебскай АЭС).
Аднак дзякуючы і Гарбачову, і шмат у чым антыядзернаму руху, у якім Адамовіч быў у першых шэрагах, пагроза ядзернага апакаліпсысу, як здавалася, сышла зь ліку самых надзённых.
Аказалася — не. Так, зьмяніліся ўмовы, зьніклі палітычныя ды інтэлектуальныя фігуры, зь якімі палемізаваў Адамовіч, але ягоныя развагі, абгрунтаваньні, ды і сама энэргетыка тэкстаў — уражваюць сваёй актуальнасьцю. Хоць ты бяры і, замяняючы прозьвішчы, перадрукоўвай.
І вось яшчэ апісаньне Адамовічам вельмі прыкметнай гутаркі: «Была такая дыскусія, націскаць ядзерную кнопку альбо не націскаць, нават калі цябе атакуюць. Я казаў: нельга націскаць, таму што страшны ня першы атамны ўдар, а другі — менавіта ён да рэшты зьнішчыць усё жывое. Пачалі цягаць мяне ў ЦК. Спачатку паклікаў Антановіч: «Што Вы ўсіх палохаеце атамнай вайной, усясьветнай катастрофай? Адкуль Вы ўзялі ўсё гэта?». І тут ён мне сказаў сваю гістарычную фразу: «Ну што Вы ўсіх палохаеце, палохаеце. Ня ў гэтым справа, у рэшце рэшт — загіне, ці не загіне народ. Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі».
Гутарка адбылася ў 80-я, прыгадваў яе Адамовіч ў пачатку 90-х, і тэзіс Антановіча (пры Лукашэнку ён зойме пасаду міністра замежных спраў) здаваўся вяршыняй бяздумнага цынізму. Некаторыя нават казалі, што дыялёг Адамовіч прыдумаў, што такога не магло быць.
А вось цяпер мы чуем ад дзеяча значна больш высокага рангу: «А зачем планета, если на ней не будет России?», а ўсьлед за гэтым — «Они подохнут, а мы попадём в рай». То бок, і дзясятку людзей шанцу на гэтым сьвеце не даецца.
І — зноў жа, з публіцыстыкі Адамовіча: «Калі можна „для шчасьця“ і „для будучыні“ ахвяраваць тысячамі галоў (чужых, зразумела), дык чаму не мільёнаў (для, адпаведна большага шчасьця)? А калі мільён, дык чаму толькі адзін? І якая розьніца, каму і якой колькасьці „быць шчасьлівымі“, калі шчасьце магчыма ў прынцыпе — на чыіхсьці пакутах? Важны дазвольны прынцып, а ўжо прымяніць яго знойдзецца каму».
Гэта Адамовіч разважае над Дастаеўскім. У ягоных тэкстах увогуле шмат адсылак да пісьменьнікаў, філёзафаў, навукоўцаў, — якія, паводле ягоных словаў, разам з народнай творчасьцю стварылі «той кісларод гуманізму, якім мы і сёньня дыхаем».
І як сапраўдны гуманіст, Алесь Адамовіч ставіць у цэнтар сваёй і мастацкай, і публіцыстычнай творчасьці, роўна як і грамадзкай дзейнасьці — чалавека.
Таму і застанецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.