Лукашэнка ў Хатыні чарговы раз заявіў, што нібыта пад бел-чырвона-белым сьцягам праводзіўся генацыд беларускага народа.
Праўда, гэтым разам не прагучала фраза «пад гэтым сьцягам расстрэльвалі» — бо, нягледзячы на актыўныя намаганьні праўладных гісторыкаў, адшукаць факты расстрэлаў пад бел-чырвона-белым сьцягам не ўдалося.
А не ўдалося таму, што іх не было. А вось пад чырвонай зоркай на фуражках энкавэдыстаў — так, расстрэльвалі, у Курапатах і ня толькі, і якраз гэта і набыло маштаб сапраўднага генацыду беларускага народу.
Увосень 1991 году, пасьля таго, як Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг атрымалі статус дзяржаўных сымбаляў, мне, у той час дэпутату Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, вэтэран вайны з нацызмам, двойчы паранены і ўзнагароджаны баявымі ордэнамі, перадаў ліст з заклікам прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну песьню «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Пачынаўся той ліст гэтак: «Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу. Выдатна, што што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь нарэшце зразумеў важнасьць у гэтай справе нацыянальна-гістарычнага падыходу, і народу вернуты ягоны старажытны сьцяг і старажытны герб».
Звалі гэтага вэтэрана Васіль Быкаў. Разам зь ім ліст падпісалі сын забітага нацыстамі партызана Рыгор Барадулін і былы баец партызанскай брыгады Алесь Адамовіч.
У сваёй прамове Лукашэнка ўжыў словы «Ідзі і глядзі!» Гэтак называўся фільм, зьняты па творах Алеся Адамовіча, які ў свой час прайшоў па кінаэкранах усяго сьвету. Сёньня ўвесь сьвет глядзіць на беззаконьне і рэпрэсіі рэжыму, маштабу якіх Эўропа ня ведала з часоў Другой усясьветнай вайны.
А беларусы, гаворачы пра тых, хто ўчыняе гэтыя рэпрэсіі, успамінюць назву аповесьці Адамовіча — «Карнікі».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.