«Ім была пастаўлена задача пабадзяцца па ўсім сьвеце, знайсьці самае лепшае, тое, што мы ня можам ствараць самі — працэсары, праграмнае забесьпячэньне — і стварыць гэты кампутар. Шчыра скажу, у ім менш за 20%, каля 12% беларускага. Да канца году будзе 30%», — апісаў Лукашэнка школьнікам новую беларускую распрацоўку — супэркампутар.
Свабода паспрабавала адшукаць яго ў продажы, але гэта не ўдалося. На заводзе «Гарызонт» ня ведаюць, калі ён зьявіцца ў адкрытым доступе, і ня могуць агучыць ягоныя характарыстыкі.
Гэтая спроба зрабіць першы беларускі кампутар далёка ня першая. Прыгадваем, як вынаходзілі беларускую ЭВМ.
1989 год. Кампутар «Няміга»
«Няміга» ПК 588 — савецкі кампутар, які распрацавалі ў Менскім радыётэхнічным інстытуце на катэдры электронных вылічальных сродкаў. Першапачаткова яго распрацоўвалі як аналізатар спэктру, але пазьней дапрацавалі для масавага выпуску. У асноўным яго выкарыстоўвалі ва ўстановах адукацыі для навучаньня.
З 1989 году выпусьцілі агулам каля 13 000 машын. Працэсары для гэтых кампутараў былі таксама беларускія — выпускаліся на заводзе «Інтэграл». Кампутар меў і сваю апэрацыйную сыстэму — «Няміга», файлавы мэнэджар Nemiga Commander, музычны рэдактар, электронную табліцу.
Існавалі нават гульні, напісаныя пад гэтую сыстэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль няма ў масавай вытворчасьці». Дзе купіць беларускі ноўтбук, які Лукашэнка паказаў школьнікам
2000–2003 гады. Супэркампутар «Скіф»
Гэта сумесная распрацоўка Беларусі і Расеі, якой пачалі займацца ў 2000–2003 гадах. Тады ж выпусьцілі і першы супэркампутар пад такой назвай. Мадэль «Скіф-1000» нават трапіла ў лік 500 самых магутных кампутараў сьвету, заняўшы 98 пазыцыю.
Кампутар меў 288 працэсарных вузлоў і дазваляў выконваць 2,5 трыльёна апэрацый у сэкунду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнік, ружовая бульба і беларуская віягра: 11 інавацый Акадэміі навук. ФОТАНоўтбукі
Пра зборку першага беларускага ноўтбука загаварылі ў 2009 годзе. Нібыта гэта мелася зрабіць кампанія «Інтэгралтэхнікс» — дачка беларускага заводу «Інтэграл». Тады пісалі, што ноўтбук ужо ёсьць і праходзіць сэртыфікацыю.
У выніку ноўтбук так і не зьявіўся, а на кіраўнікоў кампаніі завялі крымінальную справу за налепкі «Інтэграл» на маніторах Acer і Philips. Яны мусілі пераконваць чыноўнікаў, што прадукцыю вырабілі не сусьветна вядомыя брэнды, а беларускія вытворцы.
Цяпер сайт кампаніі «Інтэгралтэхнікс» не адчыняецца, а на сайце «Інтэграла» ў сьпісе прадукцыі няма ноўтбукаў. Няма ноўтбукаў і манітораў беларускай вытворчасьці і на паліцах беларускіх крамаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прыдумалі офісны супэркампутар коштам 20 тысяч даляраў
Смартфоны
У 2008 годзе беларускае прадпрыемства «Прамсувязь» выпусьціла свой мабільны тэлефон — «Евротеф-М». У тэлефоне нават была камэра. Тады чыноўнікі гаварылі пра выпуск першай партыі ў тысячу адзінак.
Адмыслоўцы, якія тэставалі тэлефон, тады казалі, што зь беларускага ў ім — толькі зборка, усе дэталі кітайскай вытворчасьці. Папулярнасьці прадукт не займеў і даволі хутка сышоў з продажу.