«Ім была пастаўлена задача пабадзяцца па ўсім сьвеце, знайсьці самае лепшае, тое, што мы ня можам ствараць самі — працэсары, праграмнае забесьпячэньне — і стварыць гэты кампутар. Шчыра скажу, у ім менш за 20%, каля 12% беларускага. Да канца года будзе 30%», — апісаў Лукашэнка распрацоўку.
Па ягоных словах, кампутар зрабілі на заводзе Horizont.
У крамах-дыстрыб’ютарах заводу знаходзім маніторы ды іншую тэхніку ад заводу, але кампутараў і ноўтбукаў там няма.
У аддзеле продажаў заводу таксама ня ведаюць, дзе купіць такую тэхніку. «Няма такой інфармацыі ў нас пакуль. Можа, праз тыдзень нешта будзем ведаць», — адказалі ў аддзеле.
Ёсьць яшчэ Horizont Innovation Center, можа, ноўтбук сабралі там? Там сьпярша параілі пашукаць навінку ў фірмовых крамах, але пасьля ўдакладнілі:
«Пакуль у масавай вытворчасьці яго няма», — каротка адказалі ў цэнтры. Ні якая канфігурацыя ў навінкі, ні калі яна зьявіцца ў продажы, патлумачыць там не змаглі.