Улады Італіі наклалі арышт на адзінаццаць вілаў, фактычным уладальнікам якіх зьяўляецца мільярдэр Вячаслаў Кантар, паведамляе італьянскае выданьне L’Unione Sarda. У публікацыях Кантар названы бізнэсоўцам, блізкім да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Гаворка ідзе ў тым ліку аб нерухомасьці на востраве Сардынія, купленай расейцам у сям’і былога кіраўніка кабінэту міністраў Італіі, цяпер дэпутата Эўрапарлямэнту Сыльвіё Бэрлюсконі, а адна зь вілаў мяжуе зь ягонай летняй рэзыдэнцыяй. Берлусконі і раней уваходзіў у лік сяброў Пуціна, а ў час вайны заявіў, што ўкраінскія ўлады маглі б саступіць расейцам акупаваныя тэрыторыі.
Эўрапейская рада распарадзілася арыштаваць актывы Кантара яшчэ ў красавіку, пасьля ўвядзеньня супраць яго пэрсанальных санкцый у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Затрымка ў выкананьні рашэньня зьвязана са складанасьцямі выяўленьня кампаній, якія фармальна валодалі нерухомасьцю мільярдэра.
Да ўвядзеньня санкцый Вячаслаў Кантар быў уладальнікам вытворцы мінэральных угнаеньняў «Акрона», яго багацьце ацэньвалася ў 4,6 мільярда даляраў. Акрамя таго, Кантар быў уладальнікам дзьвюх дабрачынных арганізацый — «Дабрачынны фонд Кантара» і «Сусьветны форум памяці Галакосту». Улады Вялікай Брытаніі падазраюць, што празь іх адмываліся сродкі, атрыманыя падманным шляхам. Увесну рахункі Кантара ў Брытаніі замарозілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны раскрытыкаваў заходнія санкцыі супраць расейскіх алігархаў, якія, паводле палітыка, закранулі «мізэрную частку карупцыянэраў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: Януковіч у сакавіку прыехаў у Беларусь, каб пасьля захопу расейцамі Кіева ачоліць Украіну