Колішні прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, які ўцёк у Расею адразу пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў 2014 годзе, на пачатку сакавіка знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, чакаючы магчымасьці вярнуцца ва Ўкраіну і ачоліць яе пасьля захопу ўкраінскай сталіцы расейскімі войскамі, паведамляе The Washington Post.
Паводле інфармацыі амэрыканскага выданьня, Расея перад вайсковым уварваньнем ва Ўкраіну стварыла дзьве групы марыянэткавага ўраду, які мусіў замяніць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і цяперашні ўрад пасьля іхнага зрынаньня. Ключавымі асобамі гэтых групаў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч і алігарх Віктар Медзьвядчук, які стаў адным зь лідэраў галоўнай прарасейскай партыі Ўкраіны (яго 12 красавіка затрымала Служба бясьпекі Ўкраіны. — РС).
Паводле зьвестак выданьня, Віктар Януковіч знаходзіўся са сваёй групай у Беларусі ў пачатку сакавіка. Другая група ўплыву, з удзелам былых сяброў партыі Януковіча, сабралася на поўдні Ўкраіны перад захопам яго расейскімі войскамі.
Выданьне таксама паведамляе, што ФСБ Расеі цягам некалькі гадоў павялічыла колькасьць свайго дэпартамэнту, які адказваў за Ўкраіну, з 30 афіцэраў у 2019-м да 160 напярэдадні ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
Паводле інфармацыі The Washington Post, перад уварваньнем Расеі афіцэры ФСБ ужо знаходзіліся на тэрыторыі Ўкраіны і арандавалі кватэры ў бясьпечных раёнах Кіева, якія расейскія войскі не плянавалі абстрэльваць. За некалькі дзён да ўварваньня ФСБ загадала сваім інфарматарам выехаць са сталіцы і пакінуць ключы ад сваіх кватэр для расейскіх апэратыўнікаў.
Выданьне паведаміла, што сабрала гэтыя зьвесткі ў часе свайго расьсьледаваньня, якое ішло некалькі месяцаў. Журналісты The Washington Post вывучылі мноства канфідэнцыйных матэрыялаў, у тым ліку перахопленых выведкамі, а таксама правялі інтэрвію з высокапастаўленымі чыноўнікамі Ўкраіны, ЗША і Эўропы.