У 2020 годзе выйшаў, мабыць, апошні вялікі дакумэнтальны фільм пра Міхаіла Гарбачова: «Горбачёв. Рай» рэжысэра Віталія Манскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарбачоў. Рай». Фільм пра першага і апошняга прэзыдэнта СССР. ВІДЭАШто ўразіла ў стужцы, дык гэта ня толькі жывы і сьветлы розум 90-гадовага немачнага Гарбачова, але і тое, наколькі гэты чалавек прасякнуты ўкраіншчынай і ўкраінскай культурай.
Гарбачоў быў напалову этнічным украінцам з паўкраінскага паселішча на Стаўрапольлі. Ягоная жонка Раіса Максімаўна таксама была этнічнай украінкай — прынамсі, напалову. Гарбачоў увесь фільм сьпявае ўкраінскія песьні, чытае ўкраінскія вершы, устаўляе ў размове ўкраінскія прымаўкі і фразы. Можна сапраўды паверыць у шчырасьць такіх людзей, як Гарбачоў, калі яны разважаюць пра нібыта адзінства расейцаў і ўкраінцаў — ну і беларусаў, як заўсёды, да купы.
Міхаіл Сяргеевіч мог бы застацца ў памяці як герой той наіўнай рэклямы Pizza Hut — Perestroika, Glasnost, раззбраеньне, новыя магчымасьці, падзеньне Бэрлінскага муру і «жалезнай заслоны». І ўсё гэта для мяне на тле дзяцінства, калі на ўсё глядзіш зь верай у хэпі-энд.
У канцы 80-х і на пачатку 90-х мы жылі ў галечы і паўгалодныя. Бабуля і дзед слалі нам у Маскву харчы зь Беларусі, а ў школе раздавалі гуманітарную дапамогу — дацкую тушонку і сухое малако. Тым ня менш гэта спалучалася з моцнай надзеяй і моцнай верай у лепшае, якія працягвалі жыць па вялікім рахунку да «ракіроўкі» Мядзьведзева з Пуціным у 2012 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр удзельнік падпісаньня Белавескіх пагадненьняў з боку Расеі Генадзь БурбулісЦяпер, вядома, усё гэта бачыцца зусім па-іншаму, чым нават год таму.
Украінскасьць нават для такіх напалову ўкраінцаў, як Гарбачоў, была пра сала, «горілку» і «Ніч яка місячна...». Ніяк не пра матэматыку, хімію ці палітыку на ўкраінскай мове. І Пуціна, якога з Украінай зьвязваюць ужо толькі нянавісьць, рэўнасьць і агрэсіўнае жаданьне падпарадкаваць, выгадавалі менавіта такія, як Гарбачоў.
Абаяльнасьць і харызма не пакінулі Міхаіла Сяргеевіча нават у глыбокай старасьці. Але апошні кіраўнік СССР увайшоў у гісторыю яшчэ і Чарнобылем, працягам вайны ў Аўганістане, масакрамі ў Рызе, Вільні і Тбілісі, працягам тыраніі і палітвязьнямі (Навадворская і Сахараў сядзелі ў ягоны час). Усё гэта яму наўрад ці можна дараваць.
Гарбачоў не хацеў распаду СССР. А значыцца, не хацеў адраджэньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Распад СССР быў вынікам ягоных памылак, а найперш — памылак ягоных папярэднікаў. Перабудова была шчырай, але няўдалай спробай менавіта захаваць савецкі рэжым. Проста рэформы пачаліся ўжо тады, калі выратаваць імпэрыю было, бадай, немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вынікам стаў больш бясьпечны сьвет і большая свабода для мільёнаў людзей». Сусьветныя лідэры пра ГарбачоваПасьля свайго фіяска 1991 году Гарбачоў за трыццаць гадоў не адзначыўся нічым пазытыўным і прымушаў за сябе толькі саромецца. Ён удзельнічаў у расейскіх выбарах з карыкатурнымі вынікамі. Рабіў палітычныя заявы рознай ступені неадэкватнасьці. Ён падтрымаў расейскую анэксію Крыму, і гэтым ягоную характарыстыку можна было б абмежаваць.
Расейскія шавіністы ненавідзяць Гарбачова і сьвяткуюць ягоную сьмерць. Сёлета таксама памерлі трое падпісантаў Белавескага пагадненьня: Шушкевіч, Краўчук, Бурбуліс. У жывых з тых падпісантаў цяпер застаўся толькі тагачасны прэм’ер-міністар Украіны Вітольд Фокін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка...Pizza Hut пакінула Расею ў чэрвені 2022 году. Настальгічны рэклямны ролік з 90-х глядзіцца цяпер як глупства і недарэчнасьць. Замілаваньне старога пакаленьня расейцаў Украінаю як краем варэнікаў і Тараса Бульбы выклікае агіду яшчэ большую, чым ролік з Гарбачовым і чым нашая прыкрая наіўнасьць усіх гэтых гадоў. Вайна Расеі супраць Украіны абнуліла ўсё. У тым ліку і Міхаіла Гарбачова.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў