Краіны ЭЗ дамовіліся сумесна навучаць украінскіх вайскоўцаў

Краіны Эўрапейскага Зьвязу дамовіліся стварыць адмысловую місію для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аб гэтым заявіў Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у зьнешняй палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль на нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краінаў ЭЗ, якая праходзіць у Празе.

«Размова ня толькі аб баявых дзеяньнях, але і ў цэлым аб тым, як вядзецца вайна, менавіта гэтаму будуць навучаць вайскоўцаў», — удакладніў па выніках перагавораў Бурэль.

Паводле яго слоў, многія краіны ЭЗ ужо дапамагаюць Украіне навучаць або перападрыхтоўваць салдат, таму насьпела неабходнасьць кансалідаваць намаганьні для іх лепшай каардынацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры замежных спраў ЭЗ абмяркоўваюць у Празе вайну ва Ўкраіне і шэнгенскія візы для грамадзянаў Расеі і Беларусі

Падрабязнасьці аб тым, як будзе працаваць спэцыяльная місія, кіраўнік дыпляматыі ЭЗ не ўдакладніў. Прадугледжваецца, што ўкраінскія вайскоўцы будуць праходзіць навучаньне ў суседніх краінах — членах ЭЗ.

Ідэю Бурэля падтрымліваюць усе ўдзельнікі пражскай сустрэчы. Напярэдадні міністар абароны Люксэмбургу Франсуа Баўш усумніўся ў тым, ці правільны гэта спосаб аказаньня дапамогі. Баўш выступае за перамовы ў гэтым пытаньні на двухбаковым узроўні пры агульнай каардынацыі з боку ЭЗ. Падобнага меркаваньня прытрымліваецца кіраўнік Міністэрства абароны Аўстрыі Клаўдыя Танэр.

  • Акрамя таго, на сустрэчы ў Празе, куды таксама прыехалі кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ, абмяркуюць візавыя абмежаваньні для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Украіна, шэраг краінаў Балтыі, Польшча і Нідэрлянды выступаюць за ўвядзеньне поўнай забароны на выдачу віз. Нямеччына і Францыя выступаюць за адмену спрошчанага візавага рэжыму, што прывядзе да падаражаньня шэнгенскай візы і павелічэньня тэрмінаў яе атрыманьня для расейцаў і беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ўвядзе дадатковыя праверкі для ўсіх грамадзян Расеі і Беларусі, якія ўяжджаюць у краіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны: ЭЗ павінен забараніць уезд усім грамадзянам РФ, акрамя «сапраўдных апанэнтаў Пуціна»