Неіснуючая дзяржава Вяйшнорыя ўпершыню зьявілася ў сцэнары сумесных вучэньняў Расеі і Беларусі «Захад-2017». Паводле легенды вучэньняў, сумесна з Вэйсбарыяй (Заходняя Літва і цэнтральная Латвія) і Лубеніяй (супадае з тэрыторыяй Сувалкаўскага калідору) Вяйшнорыя павінна была раскалоць вайсковы саюз паміж Расеяй і Беларусьсю.
Міт спадабаўся карыстальнікам сеціва, і Вяйшнорыя стала мэмам. Яна абрасла прыкметамі дзяржавы (герб, сьцяг, межы), а беларускі гурт EIZVA напісаў дзяржаўны гімн. Па меры таго, як кампанія разьвівалася, у інтэрнэце зьявіўся «афіцыйны сайт» новай краіны і яе «электроннае консульства». Там жа была разьмешчаная спэцыяльная форма, дзе можна пакінуць заяўку на «пашпарт» рэспублікі. Ахвотных знайшлося даволі шмат — 6 тысяч чалавек, пакуль жа сайт прапаноўваў зрабіць «часовую картку вяйшнорца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Электронная дэмакратыя»: навошта віртуальная Вяйшнорыя абярэ дэпутатаў у сойм
Старонка Вяйшнорыі зьявілася была і ў «Вікіпэдыі» (цяпер яна выдаленая), аднак там адразу ж гаварылася, што ідзецца пра выдуманую дзяржаву, і затым падрабязна тлумачылася легенда вучэньняў «Захад-2017».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ваююць зь «Вяйшнорыяй» і што яна можаВяйшнорыя абзавялася і сваімі ганаровымі грамадзянамі. У іх запісалі нябожчыка прэзыдэнта Ізраіля Шымона Пэрэса, які быў родам з тых мясьцін, а таксама зяця тагачаснага амэрыканскага прэзыдэнта і мужа Іванкі Трамп Джарэда Кушнера. Сам Кушнер нарадзіўся ў Амэрыцы, але ягоны дзед родам з Заходняй Беларусі і мог бы быць вяйшнорцам.
На Вяйшнорыю ў Facebook падпісана больш за 5 тысячаў чалавек. На старонцы кожны дзень публікуюцца дзяржаўныя навіны і «гістарычныя факты».
«Вяйшнорыя стала гэткім інтэлектуальным прыстанішчам, разрадкай для стрэсу, які доўжыцца дзесяцігодзьдзямі. Паводле прынцыпу: магло ж быць і ў нас нармалёва!» — тлумачылі фэномэн Вяйшнорыі камэнтатары.
- Паводле інфармацыі са старонкі, назва «Вяйшнорыя» паходзіць ад літоўскага слова «вайшнорыс» – «гасьцінны».