Польскія сілавікі затрымалі прарасейскага блогера, які напаў на беларускага студэнта і зьбіраўся ехаць да Лукашэнкі

Войцех Альшанскі

У Польшчы затрымалі мясцовага стрымэра Войцеха Aльшанскага, вядомага прарасейскімі і фашысцкімі поглядамі.

Былы актор Войцех Альшанскі, які ладзіў пікеты ў падтрымку Лукашэнкі і летась напаў на беларускага студэнта ў Быдгашчы, некалькі дзён таму аб’явіў аб намеры пераехаць у Беларусь. Пра яго затрыманьне паведаміла польская праваабарончая арганізацыя «Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў».

Альшанскі зьяўляецца адным зь лідэраў прарасейскай арганізацыі «Kamractwо» («таварыства»), у «Цэнтры маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў» яго называюць «фашыстам». Ён атрымаў вядомасьць у 2016 годзе, запісваючы ролікі на Youtube пад псэўданімам «Аляксандар Ябланоўскі», поўныя прапаганды гвалту, нянавісьці і антысэмітызму. Таксама Альшанскі адкрыта выступаў за выхад Польшчы з Эўразьвязу, супраць мігрантаў, ЗША і вакцынацыі.

У 2020 годзе Альшанскі разам са сваімі паплечнікамі зладзіў пікеты пад офісамі «Белсату» і Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Мітынгоўцы называюць сябе «польскімі нацыяналістамі», выказваюць падтрымку Лукашэнку і Пуціну, асуджаюць беларускую апазыцыю і асабіста Ціханоўскую, называючы яе «габрэйкай». Цэнтар маніторынгу апісвае арганізацыю Альшанскага як «антысэміцкую» і «антыўкраінскую».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт Беларусі: яшчэ адзін паляк папрасіў статусу ўцекача

Дзейнасьць затрыманага не абмяжоўвалася толькі словамі. У траўні 2021 году на беларускай акцыі ў Быдгашчы Альшанскі распыліў пярцовы газ у твар студэнту зь Беларусі Глебу Вайкулю, затым апублікаваў відэа інцыдэнту ў інтэрнэце і заклікаў нападаць на беларусаў. У лістападзе ў горадзе Каліш ён арганізаваў марш з нагоды Дня Незалежнасьці Польшчы, які абярнуўся беспарадкамі і антысэміцкімі лёзунгамі. У студзені 2022 на мітынгу антыпрышчэпнікаў у Быдгашчы Альшанскі заклікаў да забойства дэпутатаў Сэйму.

За гэтыя інцыдэнты стрымэра затрымлівалі, супраць яго пачалі шэраг крымінальных спраў. У Быдгашчы над ім ужо ідзе суд, другі павінен хутка пачацца ў Калішы.

Некалькі дзён таму Войцех Альшанскі ў чарговым стрыме выказаўся аб тым, што мае намер зьехаць у Беларусь разам зь некаторымі сваімі паплечнікамі. «Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў» паведаміў пра гэта аддзелам пракуратуры, якія займаюцца справамі ў дачыненьні Альшанскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік польскіх спэцслужбаў: «Польшча даўно знаходзіцца „пад прыцэлам“ Расеі»

Цэнтар у апошні час накіраваў уладам яшчэ некалькі заяваў аб незаконнай дзейнасьці Альшанскага. Напрыклад, арганізацыя Альшанскага праводзіла зьезд сваіх актывістаў на Грунвальдзкім полі. Сярод іх былі 18 дзяцей, якім перадавалі ідэі аб перасьледзе і забойстве габрэяў і ўкраінцаў. Аб тым, што адбываецца, апавясьцілі паліцыю і Агенцтва ўнутранай бясьпекі, яны зафіксавалі факты парушэньня закону ў адносінах дзяцей.

У выніку ў нядзелю, 28 жніўня, Альшанскага затрымалі з узброеным атрадам паліцыі. Яго выцягнулі з рэстарацыі, дзе ён праводзіў сустрэчу са сваімі паплечнікамі з усёй Польшчы і выступаў перад імі з прамовамі. Суд у Варшаве пачаў разгляд пытаньня аб меры стрыманьня — арышце.

Альшанскі не адзіны паляк, які меў намер паехаць у Беларусь з падтрымкай Лукашэнкі. Першым быў Эміль Чэчка, які дэзэртаваў з войска. У Беларусі ён абвінаваціў польскія ўлады ў масавых забойствах мігрантаў і быў задзейнічаны ў антыпольскай прапагандзе. На радзіме яго падазравалі ў пабіцьці ўласнай маці і іншых злачынствах. У сакавіку 2022 году Чэчку знайшлі павешаным. Затым у Беларусь прыехаў прарасейскі актывіст Марцін Мікалаек — ён стаў пэрсанажам антызаходняй прапаганды на дзяржаўнай тэлевізіі. У жніўні ў Беларусь прыехаў Міхал Місталь, сябра прарасейскай арганізацыі ў Польшчы, якая займалася прапагандай «русского мира».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік польскіх спэцслужбаў: прапаганда нават пасьля сьмерці выкарыстала Чэчку для правакацыі супраць Польшчы