Сёньня 50 гадоў тэлеапэратару Дзьмітрыю Завадзкаму, які зьнік 22 гады таму

Дзьмітры Завадзкі

28 жніўня споўнілася б 50 гадоў тэлеапэратару Дзьмітрыю Завадзкаму, беларускаму журналісту, супрацоўніку Грамадзкай расейскай тэлевізіі (ОРТ, цяпер — Першы канал). Ён зьнік 7 ліпеня 2000 году, на той момант яму было 27 гадоў

Раніцай таго дня Завадзкі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Паўла Шарамета, карэспандэнта ОРТ па Беларусі, які прылятаў з Масквы. З тых часоў Завадзкага больш ніхто ня бачыў. Ягоны аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

З 1994 па 1996 год Завадзкі працаваў у апэратарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на ОРТ. Летам 1997 году ён разам з Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі. З кастрычніка 1999 году па травень 2000-га Завадзкі працаваў у Чачэніі, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзёньнік».

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданьні Максім Малік засуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі ў гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ў іншых злачынствах і засудзілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль пры ўладзе гэты рэжым, усё пакрываюць», — маці зьніклага журналіста Дзьмітрыя Завадзкага

Вэрсія забойства

Афіцыйныя вэрсія — забойства з помсты за інтэрвію Завадзкага «БДГ», у якім ён згадаў пра беларускіх наёмнікаў. Сям’я лічыць, што прычынай быў фільм пра вайну ў Чачэніі.

«Я схіляюся да таго, што прычынай стаў фільм „Чачэнскі дзёньнік“, — кажа Сьвятлана Завадзкая. — Ён павінен быў выйсьці на ОРТ 10 ліпеня 2000-га. Па тэлевізіі круцілі анонс гэтай стужкі аўтарства Паўла Шарамета. Магчыма, наверсе спалохаліся. Ня выключана, што 7 ліпеня Дзіму ўзялі, каб даведацца пра зьмест, ці будзе там нешта пра Беларусь. Але, седзячы ў Менску, мантаваць ён, вядома, ня мог. Магчыма, яго катавалі, а калі ўбачылі, што ня змогуць схаваць сьлядоў, забілі...»

Падчас сьледзтва старанна вывучалі біяграфію Дзьмітрыя, у якой не было ніякіх чорных плямаў, успамінае Сьвятлана.

«Адзінае, за што ўдалося зачапіцца, вось гэтае інтэрвію «БДГ». І ў мяне такое ўражаньне, што ўжо потым да гэтага інтэрвію проста падцягнулі абвінавачаных. Гэтая вэрсія толькі на першы погляд моцная, але навошта бандытам было браць Дзіму ў аэрапорце, калі якраз напярэдадні ён адзін езьдзіў на рыбалку? І чаму камэры, як на зло, менавіта 7 ліпеня не працавалі і пост міліцэйскі ў аэрапорце зьнялі? Гэта ўсё Ігнатовіч зрабіў?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З гадамі яшчэ больш адчуваецца гэты боль». Сьвятлана Завадзкая пра зьнікненьне мужа 20 гадоў таму

Цела няма

27 лістапада 2003 году суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена. У сакавіку 2004 году пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы аб выкраданьні Завадзкага «у сувязі зь неадшуканьнем бязь вестак зьніклай асобы». У 2005 годзе расьсьледаваньне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпыненае.

У 2019 годзе ўдава Завадзкага Сьвятлана зьвярнулася ў Следчы камітэт Беларусі з просьбай дапытаць у якасьці сьведак асобаў, прозьвішчы якіх назваў у інтэрвію DW экс-баец беларускага САХР Юры Гараўскі. Гараўскі прызнаўся ва ўдзеле ў палітычных забойствах грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў Беларусі і назваў прозьвішчы іншых выканаўцаў злачынстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне трасе, калі ўсё гэта чытаю». Сьвятлана Завадзкая аб прызнаньнях экс-байца «СОБРу» ва ўдзеле ў забойстве апазыцыянэраў

У студзені 2020 году ўдава Завадзкага атрымала афіцыйны адказ Сьледчага камітэту з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расьсьледаваньне ў справе выкрадзенага апэратара.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што з апазыцыйнымі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі расправіўся спэцыяльна створаны для гэтага «эскадрон сьмерці». Сярод датычных да выкраданьняў згадваліся былы дзяржсакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, былыя кіраўнікі МУС Уладзімер Навумаў і Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка. З гэтай прычыны ім быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і санкцыі адносна іх ніколі не скасоўваліся.