Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль пры ўладзе гэты рэжым, усё пакрываюць», — маці зьніклага журналіста Дзьмітрыя Завадзкага


Вольга Завадзкая, архіўнае фота
Вольга Завадзкая, архіўнае фота

20 гадоў таму зьнік журналіст Дзьмітры Завадзкі. Радыё Свабода пагаварыла зь ягонай маці Вольгай Рыгораўнай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Дзьмітры Завадзкі быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі, потым сышоў на ОРТ. Працаваў з апазыцыйным журналістам Паўлам Шараметам. 7 ліпеня 2000 году пры нявысьветленых абставінах прапаў у раёне менскага аэрапорту.

Праз два гады злачынства нібыта раскрылі, выкрадальнікаў журналіста асудзілі. Два зь іх дагэтуль у турме, але дзе знаходзіцца цела сына і чаму яго забілі, гэта Вользе Рыгораўне Завадзкай па цяперашні дзень невядома.

Сыгнал у мабільным Вольгі Завадзкай гучыць доўга. «Была на кухні, а пакуль пад’еду да тэлефона, патрэбен час. Мабільнасьць у мяне ўжо ня тая», — чую па-ранейшаму прыгожы голас Вольгі Рыгораўны.

Сама яна ўжо не выбіраецца на вуліцу нават на мыліцах. «Толькі па кватэры, на вазку».

Некалькі гадоў таму ў Вольгі Завадзкай дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Таксама жанчыне баляць ногі. Абменьваемся вітаньнямі і пераходжу да галоўнага.

«Час мінуў гэтак хутка, а для мяне нічога не зьмянілася», — уздыхае маці зьніклага апэратара і просіць не працягваць тэмы.

«Тысячу разоў казала, што, пакуль пры ўладзе гэты рэжым, нічога ня скажуць, усё пакрываюць», — ставіць кропку Вольга Рыгораўна.

У Беларусі ідзе выбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Наколькі яна цікавая Вользе Завадзкай? Ці зьвязвае яна зь ёй якія надзеі?

«На зьмену ўлады ніякіх надзей — не было б людзям горш. Ведаю пра Ціханоўскага, пра банкіра, што іх ужо «закрылі». Гэта чакалася. Як у маёй справе няма сумленнасьці, так і тут», — выказалася пра выбары Вольга Завадзкая.

На разьвітаньне спадарыня Вольга папрасіла перадаць падзяку чытачам Свабоды, які памятаюць яе сына і працягваюць дамагацца праўды пра ягонае зьнікненьне.

«Як магу, змагаюся. 20 гадоў бяз сына, 4 гады з хіміятэрапіяй. Вось такая ў мяне сумная арытмэтыка. Але нічога, трымаюся», — кажа Вольга Завадзкая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG