Апытаньне праводзілася шляхам ананімнага онлайн-анкетаваньня.
Яно паказала, што з дыскрымінацыяй у Літве асабіста сутыкалася 16% беларускіх эмігрантаў (ад знаёмых пра такія факты ведаюць 48%), у Польшчы — 31% (33%), Грузіі — 39% (49%).
Формы дыскрымінацыі, зь якімі сутыкаліся беларускія эмігранты ў Польшчы, Літве і Грузіі, паводле апытаньня:
- вэрбальныя абразы ў побыце і ў інтэрнэце (сутыкаліся 61% беларускіх эмігрантаў у Польшчы, у Грузіі — 65%, Літве — 68%),
- адмовы ў банкаўскім абслугоўваньні (Польшча — 24%, Літва — 17%, Грузія — 34%) і арэндзе жыльля (17%, 30%, 34% адпаведна),
- завышэньне цэнаў на тавары і паслугі (чвэрць апытаных у Грузіі, у Польшчы — 3%, Літве — 10%),
- дыскрымінацыйнае стаўленьне і нэгатыў з боку ўкраінцаў (у Польшчы — 63%, Грузіі — 21%, Літве — 51%) і мясцовых жыхароў (у Польшчы — 56%, Грузіі — 84%, Літве — 60%),
Беларускія эмігранты трох краін у пераважнай большасьці прытрымліваюцца антываенных поглядаў і дапамагаюць Украіне.
94% удзельнікаў апытаньня ў Польшчы вінавацяць у разьвязваньні вайны Расею, у Літве такі пункт гледжаньня падзяляюць 96% беларусаў, Грузіі — 97%.
На Беларусь адказнасьць за вайну ўскладаюць 42% рэспандэнтаў у Польшчы, 34% — у Літве, 38% — у Грузіі. Каля 10% беларусаў, якія жывуць у трох гэтых краінах, лічаць вінаватымі ў вайне Эўразьвяз і ЗША. На думку сацыёлягаў, за гэтымі лічбамі хаваецца незадаволенасьць удзельнікаў апытаньня тым, што краіны Захаду недастаткова падтрымлівалі Ўкраіну да пачатку вайны Расеі супраць Украіны і на пачатковым яе этапе.
83% апытаных беларусаў у Польшчы, 75% у Літве і 73% у Грузіі сказалі, што падтрымліваюць Украіну ў супрацьстаяньні зьнешняй агрэсіі рознымі спосабамі, самыя папулярныя зь іх — удзел у антываенных мітынгах, салідарнасьць у інфармацыйным полі і грашовыя пераводы (сукупна 55–65% у трох краінах). У Польшчы сярод беларусаў больш распаўсюджаны валянтэрскі рух у дапамогу ўкраінскім уцекачам, ім займаюцца 36% апытаных, у Літве і Грузіі гэты паказчык складае адпаведна 20% і 26%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі «змагары» і «ябацькі». Як вайна памяняла беларускае грамадзтваВялікая (18%) доля беларусаў Польшчы дапамагалі ўцекачам з Украіны з жытлом. Сацыёлягі тлумачаць актыўную пазыцыю беларускіх эмігрантаў у Польшчы тым, што там знаходзіцца найбольш шматлікая ўкраінская дыяспара, а лягістыка прасьцейшая.
Апытаньне таксама паказала, што сярод беларускіх перасяленцаў у Польшчы, Літве і Грузіі практычна няма прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Праціўнікаў ягонага рэжыму ў трох краінах прыкладна аднолькава — каля 90%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць удзелу Беларусі ў вайне на баку Расеі 86% беларусаў, — вынікі апытаньня прафэсара Вардамацкага