«Плянаваў, разьвязаў і вёў агрэсіўную вайну». Ва Ўкраіне завялі крымінальную справу на Кадырава. Справаў на Пуціна і Лукашэнку няма

Рамзан Кадыраў

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў аб пачатку крымінальнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

Рамзана Кадырава падазраюць у зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў з мэтай зьмены межаў Украіны, а таксама ў плянаваньні, падрыхтоўцы, разьвязваньні і вядзеньні агрэсіўнай вайны і прызнаньні яе правамоцнай.

Паводле ўкраінскага сьледзтва, Кадыраў «арганізаваў уварваньне на тэрыторыю Ўкраіны шэрагу падразьдзяленьняў, якімі ён кіруе — аддзелу Паўднёва-Каўкаскай акругі войскаў Нацгвардыі РФ, упраўленьня Фэдэральнай службы войскаў Нацгвардыі РФ па Чачэнскай Рэспубліцы і МУС РФ па Чачэнскай рэспубліцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі чачэнцаў паслалі ваяваць супраць Украіны

У прыватнасьці, адзначылі ў пракуратуры, паводле загадаў Кадырава вайскоўцы захоплівалі і кантралявалі асобныя населеныя пункты Кіеўскай, Данецкай і Луганскай абласьцей, парушаючы законы і звычаі вайны, і жорстка ставіліся да цывільнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты, якіх вінавацяць у злачынствах у Бучы, трапілі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі

У Офісе генэральнага пракурора таксама паведамілі, што аналягічныя расьсьледаваньні пачалі ў дачыненьні да камандзіра батальёну Хусейна Мяжыдава, які ў лютым-сакавіку ўтрымліваў цывільнае насельніцтва ў падвалах Гастомеля і выкарыстоўваў іх у якасьці «жывога шчыта», а таксама да намесьніка начальніка ўпраўленьня войскаў Данііла Мартынава, пад кіраўніцтвам якога ў сакавіку вайскоўцы з Чачні напалі на Барадзянскі псыханэўралягічны інтэрнат і захапілі яго.

Сьледзтва праводзяць СБУ і Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

Справаў на Пуціна і Лукашэнку няма

У той жа час ва Ўкраіне пакуль не завялі крымінальную справу супраць расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна за разьвязваньне агрэсіі. Няма справы і супраць Аляксандра Лукашэнкі, які надаў тэрыторыю Беларусі для расейскага нападу.

Аднак супраць Пуціна і ўсіх прадстаўнікоў Рады бясьпекі Расеі праводзяць расьсьледаваньне, пачатае 21 лютага, яшчэ да вайны, пасьля заяваў аб прызнаньні так званых «ЛНР» і «ДНР» незалежнымі дзяржавамі, а пасьля ўварваньня — супраць усіх дэпутатаў Дзярждумы.

Да сваёй адстаўкі генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што фармальна адкрыць крымінальную справу супраць дзейнага прэзыдэнта Расеі немагчыма.

«Я неаднаразова заяўляла, што найбольшы ваенны злачынец стагодзьдзя — гэта Ўладзімір Пуцін. Але ці завялі мы супраць яго крымінальную справу? У яго фармальны імунітэт. Выконваючы нормы міжнароднага права і нацыянальнага права, мы ня можам пачаць такую вытворчасьць, пакуль ён зьяўляецца прэзыдэнтам Расеі», — сказала Венядзіктава ў канцы сакавіка 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не браты і ня сёстры. Гэта нашы ворагі». Дырэктарка псыхіятрычнага інтэрнату пад Кіевам расказала пра расейскую акупацыю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.