Пра «польскую справу» стала вядома летась у Дзень Волі. Тады затрымалі Анджэя Пачобута, а таксама трох прадстаўніц незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву. За два дні да гэтага затрымалі старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Усіх абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці», артыкул прадугледжваў да 12 гадоў турмы.
Тры фігуранткі жывуць у Польшчы
Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь СІЗА на беларуска-польскую мяжу.
Цяпер жанчыны жывуць у Варшаве і Беластоку. Яны застаюцца абвінавачанымі. Прадстаўніцы СПБ займаюцца сямейнымі і грамадзкімі справамі, але пазьбягаюць камэнтароў.
Вядома, што Пачобуту таксама рабілі падобную прапанову вызваленьня, але ён адмовіўся, бо не хацеў зьяжджаць зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: трое зь пяці зьняволеных у Беларусі палякаў-палітвязьняў прыехалі ў ПольшчуАнжаліка Борыс пад падпіскай аб нявыезьдзе
Анжаліку Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня. Яе адвезьлі да маці ў вёску пад Горадняй. Ужо празь некалькі дзён старшыня СПБ вярнулася дадому ў Горадню, дзе жыла да затрыманьня.
Першапачаткова мэдыя памылкова пісалі, што Борыс пад хатнім арыштам, але гэта было ня так. Яе адразу выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязку зьяўляцца на допыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліку Борыс зьмясьцілі пад хатні арышт. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісалаАнджэй Пачобут моцна схуднеў, сядзіць у «шанхаі»
Адзіны зь пяці фігурантаў, хто застаецца за кратамі, — гэта Анджэй Пачобут. У верасьні будзе паўтара года, як ён сядзіць. Журналіста зноў перавялі на «Валадарку» ў Менск.
Як расказалі ягоныя блізкія, Анджэй сядзіць у «шанхаі» — падвальным памяшканьні. У ягонай камэры прыкладна на 25 «квадратаў» знаходзіцца каля 25 чалавек. Асабістага месца ў вязьняў вельмі мала. Улетку ў камэрах горача.
Большасьць часу журналіст праводзіць у «кабінэтах», бо знаёміцца са справай. Там сьпёку пераносіць лягчэй. У Анджэя хворае сэрца, гарачыня пагаршае стан.
На азнаямленьне сыходзіць увесь час з 9:30 да 17:40 зь перапынкам на абед. Яму далі на гэта месяц, які ўжо заканчваецца. У справе шмат тамоў, там сустракаюцца гістарычныя дакумэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту і актывісту Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту выставілі новае абвінавачаньнеНядаўна стала вядома, што на дадатак да абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці» Пачобуту выставілі ячшэ адно — у «закліках да санкцый, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт ЛукашэнкіАнджэй піша дадому штодня. Лісты сваякам і ад сваякоў даходзяць. Быў пэрыяд, калі перарвалася ліставаньне з малодшым сынам Яраславам. Лісты сталі вяртацца назад — бо «не прайшлі цэнзуру». Анджэй камунікуе з сынам ад нараджэньня толькі па-польску, перапісваюцца яны таксама на сваёй роднай мове. Пасьля скаргі родных ліставаньне аднавілася. Зь СІЗА паведамілі, што вінаватых пакаралі.
Зьняволены таксама мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Таму ён амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы, і моцна схуднеў. Адзеньне колішняга памеру, якое яму перадаюць блізкія, на ім ужо вісіць.
Адначасна Анджэй трымаецца бадзёра і хоча годна прайсьці гэты пэрыяд, надалей не плянуе прасіць аб памілаваньні. Рыхтуецца да гадоў «лягераў».
Неўзабаве справу маюць перадаць у пракуратуру, значыць, у хуткім часе можа пачацца суд. Ці будуць Анджэя Пачобута судзіць разам з Анжалікай Борыс, ці ў асобным працэсе, пакуль невядома.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.