Яны вядуць тую ж вайну, у якой мы дагэтуль цярпелі ў асноўным паразы — нават выйшаўшы сотнямі тысяч на плошчы ўсёй Беларусі ў 2020 годзе. І яны могуць перамагчы, як перамагалі ў мінулых бітвах гэтай вайны ў 2005 і 2014 гадах, калі Расея спрабавала ўсталяваць ва Ўкраіне свой дыктатарскі рэжым.
Мая бабуля па пашпарце ўкраінка. Мае продкі былі запароскімі казакамі і захоўвалі казацкую ідэнтычнасьць нават праз 150 гадоў пасьля таго, як расейцы расфармавалі Запароскую Сеч.
Мой прадзед скончыў мастацкую вучэльню ў Кіеве і быў сярод тых, хто распрацоўваў дызайн заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, пра які цяпер усе ведаюць.
Двое з маіх дзяцей пахрышчаныя ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай царкве. Бо ў Маскве доўгі час не было беларускіх каталіцкіх сьвятароў (цяпер ёсьць). А ўкраінскія ўніяцкія набажэнствы, вы не паверыце, да нядаўняга часу штомесяц паўпадпольна ў Маскве адбываліся.
Многія з нас маюць такія ж сувязі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пад пагрозай абстрэлаў сьвяткуе Дзень Дзяржаўнага сьцяга і праводзіць міжнародную канфэрэнцыю аб дэакупацыі КрымуТак атрымалася, што я нават нарадзіўся 24 жніўня, за некалькі гадоў перад тым, як Украіна стала незалежнай. І таму ў апошнія гады гэты дзень нязьменна пачынаўся для мяне тэлетрансьляцыяй параду на Храшчаціку. Летась я яшчэ жыў у пуцінскай Маскве, і ўкраінскі парад успрымаўся мной як своеасаблівая маленькая духапад’ёмная прыемнасьць, дадатковая безнадзейная сублімацыйная «хвіга ў кішэні». Сумная праява стану ўнутранай эміграцыі, якая з таго часу ператварылася ў эміграцыю рэальную.
І ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны мы ўсе павінны маліцца за гэты край і за гэтых людзей, якія застаюцца прыкладам адвагі і непахіснасьці ў змаганьні за свабоду і годнасьць.
Хочам мы гэтага ці не, Украіна ваюе ня толькі за сябе, але і за нас. Ва ўкраінскім Прычарнамор’і і на Данбасе зараз вырашаецца лёс усяго нашага рэгіёну. І ўсе міжнародныя высілкі, усе міжнародныя санкцыі павінны цяпер быць скіраваныя толькі на адно: забесьпячэньне ваеннай перамогі Ўкраіны над сіламі зла, тыраніі і нянавісьці.
Пуцін лічыць, што Ўкраіна і Беларусь не павінны быць незалежнымі дзяржавамі. Таму перамога Ўкраіны над ім будзе новым шанцам для перамогі Беларусі. А параза Ўкраіны можа азначаць канец Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін думае пра Беларусь. Вайна ва Ўкраіне як шанец захаваць беларускую незалежнасьцьТаму полк імя Каліноўскага, полк «Пагоня» і шматлікія іншыя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць поруч з украінцамі, цяпер знаходзяцца на самым перадавым фронце барацьбы ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Усяляк дапамагаць ім — абавязак усіх беларусаў.
Вядома, мы маем што закідаць украінцам. Так, яны ў сваёй масе нічога ня ведаюць пра Беларусь, не цікавяцца ёю і недаацэньваюць яе. Многія ўкраінцы недаацэньваюць тыранію Лукашэнкі, а некаторыя да нядаўняга часу нават замілоўваліся ёю на тле ўкраінскага беспарадку і карупцыі. Цяпер праз Лукашэнку яны выдаляюць беларускіх пісьменьнікаў з курсу школьнай літаратуры і прыбіраюць некаторыя беларускія назвы з вуліц.
Але, зрэшты, яны і не абавязаныя ведаць нас, вучыць нашу літаратуру. І не абавязаныя мець вуліцы, названыя збольшага за савецкім часам у гонар стандартнага набору беларускіх гарадоў ці дзеячоў. Як і мы не абавязаныя чытаць іхную літаратуру ці называць вуліцы ў гонар такога ж стандартнага і зацьверджанага камуністычнымі бюракратамі набору з тарасаў шаўчэнак і багданаў хмяльніцкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Шольц: Пуцін казаў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржаваміЛукашэнка і Пуцін канчаткова зьнішчылі хлусьлівую каляніяльную ілюзію «рэспублік-сёстраў» і «трыадзінай Русі». Крывадушнае ўсходнеславянскае братэрства аказалася братэрствам аднаго Каіна і двух Абэляў.
Але паміж Беларусьсю і Ўкраінай калісьці можа зьявіцца шчырае нармальнае добрасуседзтва. Як паміж самадастатковымі людзьмі, што ветліва паважаюць адно аднаго і добра сябруюць бяз брэжнеўскіх пацалункаў і без лукашэнкаўскіх чарак з-пад гарэлкі, разьбітых аб крамлёўскі паркет.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.