Пуцін дзейнічаў сьвядома, таму суд над ім павінен быць хуткім — пракурор у справе Мілошавіча

Уладзімір Пуцін

Джэфры Найс, галоўны пракурор у справе былога прэзыдэнта Сэрбіі Слабадана Мілошавіча, лічыць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «дзейнічаў сьвядома» і што суд у гэтай справе павінен быць хуткім.

Пра гэта Джэфры Найс заявіў у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Эспресо».

«Калі ёсьць дастаткова доказаў і ёсьць выразная структура злачынстваў або зьнішчэньня неваенных аб’ектаў, гэта зьяўляецца парушэньнем кодэкса вядзеньня вайны. Мы бачым, што адбывалася ў першыя дні вайны. Пуцін ведаў, што адбываецца, і мог спыніць свой народ. Мы бачым, што ён дзейнічаў сьвядома. Ён рабіў, што хацеў. Ён хацеў учыніць тыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва. І гэта відавочны доказ таго, што судовы працэс не павінен быць доўгім», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: У Гаазе першыя справы па ваенных злачынствах Расеі пачнуць разглядаць у канцы 2022 году

Напярэдадні ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны адбылася сустрэча з Джэфры Найсам, на якой абмяркоўвалася стварэньне спэцыяльнага трыбунала ў справе злачынства агрэсіі супраць Украіны, які будзе судзіць вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расеі. Як паведамляе офіс прэзыдэнта, Джэфры Найс упэўнены, што спэцыяльны трыбунал можа быць створаны хутка.

Украіна раней выступіла з ініцыятывай стварыць спэцыяльны трыбунал для прыцягненьня да адказнасьці кіраўніцтва Расеі за агрэсію супраць Украіны. Паводле ўкраінскага боку, стварэньне такога трыбуналу падтрымалі Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Эўрапарлямэнт, Парлямэнцкая асамблея NATO і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць Лукашэнку асудзіць за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне? Тлумачыць экспэртка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгадаў лёс Кадафі, Хусэйна, «добрага сябра» Мілошавіча, і Чавэса, які «выратаваў нашу краіну»