Жанна Захаркевіч і Надзея Сьцепанцова — адныя з самых вядомых сёстраў Беларусі. Змагаліся, былі асуджаныя, уцяклі, праславіліся. Ці лёгка пачынаць жыцьцё з нуля, калі табе каля 50; колькі месцаў працы яны зьмянілі ў Польшчы і на што хапае заробку, сёстры расказалі Свабодзе.
Што за сёстры?
Жанна і Надзея выйшлі на марш пратэсту 6 верасьня 2020 году ў Горадні. Разам зь імі выйшлі 5 тысяч чалавек. Крымінальная справа за марш 6 верасьня — самая масавая справа за пратэсты ў Горадні. У ёй забіралі каля сотні чалавек. У той дзень адбылося некалькі жорсткіх сутычак людзей зь сілавікамі. За адно такое сутыкненьне сёстрам прысудзілі 3 і 3,5 года «хіміі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвярым горадзенцам прысудзілі па «справе аб счэпцы» 3 і 3,5 года «хіміі». ВІДЭАСёстры расказваюць, што пасьля прысуду яны купілі мапу, пад’ехалі да мяжы зь Літвой і 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве. Правальваліся па пояс у ваду і ўжо мелі сумненьні, што выйдуць некалі да людзей, мо загінуць у лесе. Урэшце яны выйшлі да літоўскіх памежнікаў.
Потым сёстры трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі. Фільм паглядзелі 10 мільёнаў чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм Юрыя Дудзя пра новых беларускіх эмігрантаў за дзень паглядзелі больш за 3 млн чалавекНядаўна стала вядома, што ў Беларусі сясьцёр зноў асудзілі, цяпер завочна, і прызначылі замест «хіміі» калёнію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэсту пракурора дзьвюм сёстрам з Горадні замянілі «хатнюю хімію» на калёнію. А яны больш за год жывуць за мяжойНадзея ў Беларусі працавала інжынэрам у будаўніцтве, спачатку ў дзяржаўнай арганізацыі, потым у прыватнай; Жанна — юрыстам у аддзеле кадраў у горадзенскай паліклініцы. Ім 51 і 49 гадоў, маюць вышэйшую адукацыю. Польскую мову разумеюць, але пакуль на ёй не гавораць.
Пераяжджалі чатыры разы
У Літве жанчыны правялі два месяцы, пакуль чакалі завяршэньня расьсьледаваньня незаконнага пераходу імі мяжы. Там яны ня мелі права працаваць.
Год таму яны пераехалі ў Польшчу. Спачатку каля месяца пажылі ў Варшаве. Жытло ім аплаціў фонд Humana.
Потым накіраваліся да нямецкай мяжы ў горад Зялёна Гура, дзе па абвестках знайшлі працу на ўпакоўцы. Зараблялі каля 500 даляраў у месяц.
«Нам там вельмі падабалася. Там не было нормы за дзень, быў добры калектыў, праца цікавая. Мы там з задавальненьнем затрымліваліся; калі запрашалі ў суботу, то таксама ішлі з задавальненьнем», — успамінае Жанна.
Звольнілі, бо не выконвалі нормы на працы
Але неўзабаве яны вырашылі перасунуцца бліжэй да Беларусі, у Беласток, дзе жыве вялікая дыяспара беларусаў. Зьнялі двухпакаёвую кватэру паблізу цэнтру, плошчай каля 40 «квадратаў». За месяц трэба плаціць 385 даляраў.
Потым Надзея пераехала ў асобную падобную кватэру, плаціць за яе каля 340 даляраў.
Працу гарадзенкі шукалі цягам месяца. Знайшлі зноў на пакаваньні тавараў, якія людзі замаўляюць праз інтэрнэт. Там умовы аказаліся больш складанымі. За дзень трэба было выконваць норму — упакаваць каля 170 пасылак.
«Нам пачалі даваць самыя складаныя замовы: цяжкія пакеты малака; дробязі, пры якіх ты ня выканаеш нормы (што 10 малых запчастак адсканаваць, што адну вялікую замову). Больш дасьведчаныя палякі адмаўляліся ад нявыгадных замоваў. Мы гэтага ня ведалі. Нам прывезьлі — мы зрабілі», — кажа Жанна.
«Мы ў меншасьці, не маглі чагосьці патрабаваць, маўляў, ня будзем рабіць. Адчуваеш сябе непаўнавартасным. Калі не задаволены, то можаш ісьці з працы», — разважае Надзея.
Нормы сёстры не выконвалі, не хапала каля 20 адзінак. Яны прасілі ўлічыць узрост і тое, што яны навічкі.
Праца была па чарзе ў дзьве зьмены па 8 гадзін: першая пачыналася ў 5:30, другая заканчвалася ў 22:00. Пазьней іх сталі прымушаць затрымлівацца па 10 гадзін, таксама выходзіць у суботу. За перапрацоўку плацілі паводле звычайнага тарыфу.
«Тое, што мы пачалі адмаўляцца, нам было ў мінус. Мы казалі, што мы ня можам так шмат працаваць. Нам патрэбен адпачынак. Чыста фізычна стамляесься, ужо, відаць, узрост ня той», — кажа Надзея.
«У суботу ў нас атрымліваўся адзін выходны, бо ў нядзелю ў нас акцыя (пратэсту), нам не было часу адпачываць у нядзелю», — дадае Жанна.
Праз 4 месяцы сёстрам не працягнулі дамову аб працы. Яны без афіцыйнага афармленьня ўладкаваліся на падобную працу — на пакаваньне дыетычнага харчаваньня, але там гісторыя паўтарылася. Празь месяц іх звольнілі.
«Тут што дырэктар, што прыбіральніца — адно і тое ж»
Цяпер Надзея і Жанна пайшлі ў клінінгавую кампанію — прыбіраюць офісы. Аплата мінімальная — 14 злотых за гадзіну. За месяц — 2000 злотых (430 даляраў).
Гэтая праца ім падабаецца больш, хаця фізычна яны і тут вельмі стамляюцца. Надзея адзначае важны плюс для сябе — яна пры такой рухавай працы моцна схуднела.
«У мяне зьяўляюцца думкі, што калі я вярнуся ў Беларусь і зноў займуся сядзячай працай, то магу набраць вагу, таму хачу далей рухацца», — тлумачыць Надзея.
Жанна робіць акцэнт на паважлівым стаўленьні да супрацоўнікаў у кампаніі.
«Я працую прыбіральніцай, але не адчуваю такога ціску і прыніжэньня з боку кіраўніцтва. Праца ў кадрах — гэта пастаянныя кантакты з дырэктарамі, пастаяннае тузаньне, прыніжэньне. Цябе прымушаюць рабіць насуперак заканадаўства. Хаця тая праца мне вельмі падабаецца. Тут ты ходзіш па заводзе, быццам прафэсар. З табой усе прывітаюцца, пагавораць, усьміхнуцца, запытаюцца, як маесься, як сябе адчуваеш», — кажа яна.
Надзея ўспамінае забаўны выпадак, калі выкінула канапкі свайго дырэктара, бо думала, што ён ужо сышоў з працы.
«Потым выбачалася. Ён кажа: „Нічога“. Пагаварылі на агульныя тэмы. Ці ты б сабе дазволіў такое ў Беларусі, дзе прыбіральніцу за чалавека ня лічаць? А тут што дырэктар, што прыбіральніца — адно і тое ж. Стаўленьне з павагай», — падсумоўвае Надзея.
«Уладкуюся я тут ці не, але адназначна паеду будаваць Новую Беларусь»
Амаль увесь заробак гарадзенкі аддаюць за жытло. Нагадаем, заробак $430, жытло ў адной — $385, у другой — $340.
«Мы не жывём, мы выжываем», — адказваюць сёстры на пытаньне, як ім у такіх умовах. Дадаюць, што ім дапамагаюць матэрыяльна іншыя людзі.
«Па рэстарацыях не паходзіш. Але куды можам, па сродках і магчымасьцях, то ходзім або езьдзім. Адпачываем душой на акцыях (пратэсту), паказваем свой супраціў», — тлумачаць яны.
Сустракаюцца зь сябрамі пасьля акцый, ходзяць у госьці і прымаюць гасьцей, бяруць удзел у фэстывалях і гарадзкіх падзеях.
«Мне ў Беластоку лепш», — кажа Жанна, нягледзячы на ўмовы, у якіх даводзіцца жыць.
Сёстры ня дома ўжо больш за год, хаця думалі, што выедуць на некалькі месяцаў.
Яны не пераймаюцца тым, што ім у іхнюю адсутнасьць замянілі «хімію» на калёнію.
«Пакуль мы ў Польшчы, у Беларусі нас могуць хоць расстраляць», — іранізуе Жанна.
«Мы ганарымся гэтым. Відаць, таму, што тут мы вядзём такую дзейнасьць, то вырашылі дадаткова асудзіць, — працягвае Надзея. — Мы гаворым адкрыта. Мы і тут заклікаем, каб людзі не здаваліся, каб паказвалі гэты супраціў, бо ў Беларусі гэта немагчыма зрабіць. Мы павінны хаця б тут паказваць, што мы памятаем, што мы не забыліся нічога, інакш усё засьне, як у 2006-м, як у 2010-м».
Гарадзенкі вераць, што вернуцца дадому, хоць і не разьлічвалі на такі доўгі ад’езд. Кажуць, што калі застануцца яшчэ даўжэй, то пачнуць больш дасканала вучыць польскую мову, «прызнаваць» у Польшчы свае дыплёмы, каб атрымаць лепшую працу.
«Вядома, не хацелася бы дапускаць нават думкі такой. Хочацца дадому, на родную зямлю, да родных людзей», — кажа ўрэшце Надзея.
«Уладкуюся я тут ці не, адназначна паеду будаваць новую Беларусь, калі зь мяне здымуць усе абвінавачаньні», — запэўнівае Жанна.