Летась 14 юных беларусаў атрымалі атэстаты дзяржаўнага ўзору Ўкраіны
Першая онлайн-школа ва Ўкраіне працуе з кастрычніка 2020 году. Ідэя яе стварэньня ўзьнікла ў экс-акторкі Рускага тэатру, сьпявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якая ў канцы жніўня 2020 году вымушаная была зь дзецьмі пакінуць Беларусь. Яна вывучала, куды ўладкаваць вучыцца сваіх дзетак.
Натуральна, ва ўкраінскіх школах не было беларускай мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі. Уся адукацыя была на ўкраінскай мове. Анастасія прыйшла да высновы, што трэба фармаваць сваю школу, каб захаваць веды роднай мовы, спадчыну, гісторыю — увогуле, каб зрабіць сам працэс навучаньня для беларускіх дзетак больш камфортным. І каб дзеці па вяртаньні ў Беларусь змаглі працягваць без праблем вучыцца на радзіме. У лютым 2021 году пачалася супраца з адной з найлепшых у Кіеве прыватных школ «Мідгард».
Сёлета ўжо другі навучальны год скончыўся ў супрацы менавіта зь «Мідгардам». У чэрвені 2022-га, нягледзячы на вайну, 14 юных беларусаў, якія вымушана выехалі з бацькамі са сваёй краіны, пасьпяхова здалі іспыты і атрымалі атэстаты дзяржаўнага ўзору Ўкраіны.
«Гэта школа „Мідгард“, да якой мы „прычэпленыя“ з нашым беларускім вэктарам, — адна з найбуйнейшых і, на маю думку, найлепшая прыватная школа ва Ўкраіне. Навучаньне ў гэтай школе каштуе ад 800 даляраў і вышэй. Там такі зорны настаўніцкі калектыў! І нашы дзеці маюць магчымасьць за зусім малыя грошы ці ўвогуле бясплатна (калі сям’я ў складаным фінансавым становішчы) вучыцца ў найлепшых украінскіх настаўнікаў (я ўжо не кажу пра рэпрэсаваных беларускіх)», — расказвае Анастасія Шпакоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы верым, што нашы дзеці вернуцца ў Беларусь». У Варшаве ствараецца беларуская онлайн-школаШкольныя праграмы Ўкраіны і Беларусі падобныя, але ёсьць асаблівасьці
У школе застаецца больш за 30 дзяцей, якія вучыліся тут раней. З аб’ектыўных прычын сышлі каля 15–20 вучняў, якія вымушаныя былі выехаць з Украіны і пайсьці ў мясцовыя школы ў іншых дзяржавах.
«Але ў папярэдніх сьпісах шмат новых вучняў. Ідуць заяўкі з Грузіі, таксама ў нас хочуць вучыцца дзеткі зь Беларусі — беларусаў зараз шмат ва ўсім сьвеце, і мы іх запрашаем. У нас навучальны год пачнецца крыху пазьней — з 12 верасьня. Таму ёсьць шанец да нас далучыцца. Спадзяёмся, што колькасьць вучняў да верасьня будзе такая ж, як была раней — да 60 чалавек. Калі будзе больш, давядзецца дадатковыя клясы адкрываць», — дадае Анастасія.
Школьныя праграмы ў Беларусі і ва Ўкраіне падобныя. Ёсьць некаторыя разыходжаньні: праграма па матэматыцы ў Беларусі больш складаная, па ангельскай мове — наадварот, у прыватнай школе «Мідгард» вучацца паводле амэрыканскай праграмы. Нашмат больш гадзін, чым у Беларусі, адводзіцца на гісторыю.
Асноўныя школьныя прадметы беларускім дзеткам выкладаюць украінскія настаўнікі, а беларускі «вэктар» прадметаў — беларускія пэдагогі. У школе працуе 37 настаўнікаў — беларускіх і ўкраінскіх.
«Склад менавіта беларускіх настаўнікаў які быў, такі і застаецца — 12 пэдагогаў. Шмат хто зь іх знаходзіцца ў Беларусі, яны зазналі рэпрэсіі, і гэта адзіная для іх магчымасьць увогуле зарабляць на жыцьцё. Нам вельмі важна падтрымаць іх», — кажа Шпакоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТАРасейская мова і літаратура — па жаданьні
У школьнай праграме вырашылі сёлета нічога не ламаць, у Першай беларускай онлайн-школе ва Ўкраіне застануцца і расейская мова, і літаратура. Але вывучаць гэтыя прадметы можна па жаданьні. Анастасія Шпакоўская тлумачыць чаму:
«Я разумею, якое стаўленьне да расейскай мовы можа быць цяпер.
Я памятаю гэту праблему ва Ўкраіне, калі мы толькі заснавалі школу. Было шмат украінскіх сем’яў, дзе дзеці размаўляюць па-расейску. Гэтыя дзеці кантактавалі ў сацсетках, пісалі расейскімі літарамі, і гэта было сорамна чытаць! Размаўляць нібыта і ўмеюць, але дзеці зусім непісьменныя», — успамінае Анастасія Шпакоўская.
Аднак школа найперш стваралася дзеля таго, каб беларускія дзеці маглі вярнуцца дамоў і працягваць вучобу ў беларускай школе, быццам бы яны там і не адсутнічалі.
«Таму, улічваючы ўсе гэтыя фактары, мы вырашылі пакінуць расейскую мову і літаратуру. Але, падкрэсьліваю, гэтыя прадметы не абавязковыя», — зазначае спадарыня Шпакоўская.
Па суботах — «Урокі дабрыні з Маляванычам» і ўвесь «беларускі вэктар»
З новага навучальнага году спэцыяльна для дзяцей, якія сышлі з гэтай школы і пайшлі ў іншыя, альбо якія вучацца ў польскіх, нямецкіх, грузінскіх школах, па суботах будуць заняткі па беларускім вэктары.
«Нашы настаўнікі будуць выкладаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі, гісторыю беларускага мастацтва. Захаваюцца ў нас і „Ўрокі дабрыні з Маляванычам“ (акторам Аляксандрам Ждановічам).
Гэта будуць паўнавартасныя ўрокі. Усё па жаданьні, можна далучыцца да аднаго прадмета, можна да ўсяго беларускага вэктару — па суботах у першай палове дня»
Анастасія Шпакоўская запрашае ўсіх ахвотных у Першую беларускую онлайн-школу ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб наш карабель даплыў да перамогі». Як беларуская онлайн-школа ва Ўкраіне скончыла год пад выцьцё сырэн