Увечары 18 жніўня Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што Расея рыхтуе правакацыі на гэтым аб’екце.
Свабода сабрала ўсё, што вядома аб цяперашняй сытуацыі на Запароскай АЭС.
Расея і Ўкраіна абмяняліся абвінавачаньнямі ў падрыхтоўцы правакацый
Украінская выведка паведаміла, што ўвечары 18 жніўня нарада кіраўніцтва Запароскай АЭС адбывалася без прадстаўнікоў расейскай карпарацыі «Росатом». Яны прыбылі ў Энэргадар адразу ж пасьля захопу станцыі расейскімі войскамі і ажыцьцяўлялі нагляд за працай украінскага пэрсаналу, а таксама распрацоўвалі магчымасьць пераключэньня АЭС на работу ў складзе расейскай энэргетычнай сыстэмы. Паводле выведкі Мінабароны Ўкраіны, ад’езд супрацоўніка «Росатома» можа сьведчыць пра тое, што Расея рыхтуе новыя правакацыі на Запароскай АЭС.
Як сьцьвярджаюць ва ўкраінскай выведцы, таксама расейцы абвясьцілі нечаканы «выходны» на Запароскай АЭС: 19 жніўня там будзе толькі апэратыўны пэрсанал, уваход для астатніх супрацоўнікаў будзе закрыты. Ведамства сьцьвярджае, што прадстаўнікі «Росатома» тэрмінова пакінулі тэрыторыю АЭС.
У сваю чаргу Міністэрства абароны Расеі заявіла, што Ўкраіна плянуе нанесьці «з гарадзкіх кварталаў Нікапаля» артылерыйскія ўдары, каб стварыць зону адчужэньня радыюсам 30 кілямэтраў, увесьці міжнародныя сілы і замежных назіральнікаў на тэрыторыю станцыі і абвінаваціць Узброеныя сілы Расеі ў ядзерным тэрарызьме.
Нікапаль, які некалькі апошніх тыдняў стала абстрэльвае Расея, знаходзіцца за 200 кілямэтраў ад Энэргадару, дзе Запароская АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі «Энэргаатам» паведаміў пра новыя абстрэлы Запароскай АЭС расейскімі вайскоўцаміАбстрэлы ствараюць рызыкі для бясьпечнай працы энэргаблёкаў
Расея разьмясьціла на тэрыторыі АЭС вайсковую тэхніку і вядзе адтуль абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, правакуючы ўкраінскую армію на абстрэлы ў адказ. Але кіраўніцтва апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» пераконвае, што ўкраінскае войска ўсьведамляе небясьпеку і не ажыцьцяўляе ўдараў у кірунку атамнай станцыі.
У жніўні Расея чатыры разы абстрэльвала Запароскую АЭС, каб абвінаваціць у гэтым украінскі бок.
У выніку абстрэлаў 5 жніўня на адным з блёкаў спрацавала аварыйная абарона і пэрсаналу давялося адключыць адзін з трох працуючых энэргаблёкаў. Тады ж сур’ёзна пашкодзілі азотна-кіслародную станцыю і аб’яднаны дапаможны корпус. Паводле «Енергоатому», ёсьць рызыкі ўцечкі вадароду, распыленьня радыяактыўных рэчываў і небясьпека пажару.
Пасьля абстрэлаў 6 жніўня са строю выйшлі тры датчыкі радыяцыйнага маніторынгу каля сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.
11 жніўня ад абстрэлаў пацярпела пажарная частка, што знаходзіцца на тэрыторыі АЭС на выпадак надзвычайных сытуацый на станцыі.
13 жніўня ў выніку выбухаў пашкоджаныя адкрытыя разьмеркавальныя прылады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў»: пасьля абстрэлаў адключылі адзін з энэргаблёкаў Запароскай АЭСУкраіна патрабуе ад сьвету спыніць ядзерны тэрарызм Расеі
Пасьля гэтай сэрыі абстрэлаў Украіна заклікала сьвет увесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі ў атамнай энэргетыцы і прымусіць яе вывесьці свае войскі з Запароскай АЭС.
Пытаньне аб магчымай ядзернай катастрофе вымушана была разгледзець і Рада Бясьпекі ААН, якая заклікала абодва бакі ўтрымацца ад любых ваенных дзеяньняў вакол станцыі. Усе чальцы Рады Бясьпекі падтрымалі заклікі адправіць тэрміновую місію МАГАТЭ ва Ўкраіну. Аднак удзельнікі не прыйшлі да адзінай высновы наконт таго, хто вінаваты ў абстрэлах і хто павінен несьці адказнасьць за спрыяньне місіі.
Раней украінскі бок выступаў супраць місіі МАГАТЭ, пабойваючыся, што гэта легалізуе захоп Расеяй Запароскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кампаніі «Енергоатом» паведамілі пра самую маштабную з пачатку вайны кібэратакуЦі можа поўнае спыненьне станцыі прывесьці да катастрофы?
Расея некалькі разоў заяўляла аб тым, што ў выпадку «працягу абстрэлаў станцыі ўкраінскім бокам» будзе вымушана спыніць працу апошніх двух блёкаў. Іх усяго на ЗАЭС шэсьць, але да апошняга часу працавалі толькі тры. Адзін быў спынены ў выніку абстрэлаў.
У Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны сьцьвярджаюць, што спыненьне Запароскай АЭС можа выклікаць аварыю, падобную той, што адбылася на «Фукусіме-1» у выніку землятрусу ў 2011 годзе.
Паводле ўкраінскіх спэцыялістаў, адключэньне ўсіх энэргакрыніц можа вывесьці са строю сыстэму ахаладжэньня і пашкодзіць актыўную зону рэактару, у выніку адбудзецца выкід радыяактыўных рэчываў у навакольле.
Залежна ад умоў надвор’я, радыяактыўную хмару можа панесьці на тэрыторыю Эўропы, а таксама Расеі і Беларусі.
«Варта адзначыць, што ЗАЭС знаходзіцца на беразе Кахоўскага вадасховішча, якое зьяўляецца каскадам вадасховішчаў ракі Дняпро. Такім чынам, аварыйныя падзеі на ЗАЭС могуць прывесьці да радыяактыўнага забруджаньня Дняпра і Чорнага мора», — адзначылі ў Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны.
Адзін з супрацоўнікаў станцыі на ўмовах ананімнасьці паведаміў агенцтву Reuters, наступствы аварыі на Запароскай АЭС могуць быць больш маштабнымі, чым пасьля катастрофы ў Чарнобылі ў 1986 годзе.
Супрацоўнік ЗАЭС таксама пацьвердзіў журналістам, што на станцыі знаходзіцца вайсковая тэхніка, а расейцы нацэльваюць зброю на пэрсанал кожны раз, калі тыя заходзяць на свае працоўныя месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 краіны сьвету заклікалі Расею вывесьці войскі з Запароскай АЭСУкраіна і ААН патрабуюць ад Расеі вывесьці свае войскі са станцыі
18 жніўня пытаньне бясьпечнай працы Запароскай АЭС абмеркавалі на сваёй трохбаковай сустрэчы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, кіраўнік Турэччыны Рэджэп Эрдаган і генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.
«Ядзерная бясьпека — гэта безумоўны прыярытэт для ўсіх у сьвеце, і Расея павінна тэрмінова і безь якіх-небудзь умоў вывесьці свае войскі з тэрыторыі ЗАЭС, спыніць усе правакацыі, усе абстрэлы. Недапушчальна, што Расея сьвядома ставіць усіх нас на мяжу глябальнай радыяцыйнай катастрофы», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, Украіна і ААН папярэдне ўзгаднілі парамэтры магчымай місіі МАГАТЭ на Запароскую станцыю. Але, сказаў Зяленскі, гаворка ідзе аб тым, каб яна прыбыла на станцыю «легальным чынам праз вольную ад акупантаў тэрыторыю».
«Ядзерны шантаж Расеі — гэта ўжо дакладна мусіць быць вырашальным аргумэнтам для ўсіх, хто яшчэ сумняваўся ў тым, што Расея заслугоўвае афіцыйнага прызнаньня дзяржавай-тэрарысткай і адпаведнага палітыка-юрыдычнага стаўленьня да яе», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
У сваю чаргу генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў утрымацца ад любых дзеяньняў, якія могуць пагражаць фізычнай цэласнасьці і бясьпецы.
«Неабходна забясьпечыць вывад тэхнікі і асабовага складу з тэрыторыі атамнай электрастанцыі. Гэтую тэрыторыю трэба дэмілітарызаваць», — заявіў Антонію Гутэрыш у Львове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Украіны, Турэччыны і генэральнага сакратара ААН. Што абмяркоўвалі?Што вядома пра Запароскую АЭС
Запароская АЭС разьмяшчаецца ва ўкраінскім горадзе Энэргадар. Гэта найбуйнейшая ў Эўропе і шостая паводле велічыні сярод атамных станцый у сьвеце. Тут працуюць шэсьць атамных энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю 6 мільёнаў кіляват.
Яшчэ адна яе адметнасьць — сыстэма абыходжаньня са скарыстаным ядзерным палівам. Гэта адзіная ўкраінская АЭС, якая не вывозіла яго ў Расею, а захоўвала на сваёй тэрыторыі.
Увосень 2019 году супрацоўнікі Беларускай АЭС тры тыдні вывучалі досьвед Запароскай атамнай электрастанцыі ў справе захоўваньня скарыстанага ядзернага паліва. Гэты візыт быў арганізаваны Міжнародным агенцтвам атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ), адмыслоўцы якога ў 2000 годзе назвалі Запароскую АЭС адной з трох найлепшых станцый у сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будзе як ва Ўкраіне? Беларусь вывучыла досьвед Запароскай АЭС у захоўваньні скарыстанага ядзернага паліваУ сакавіку пры захопе Энэргадару побач з Запароскай АЭС вяліся баявыя дзеяньні. Адзін са снарадаў трапіў у навучальна-трэнавальны корпус станцыі і спрычыніў пажар.
9 сакавіка расейскія вайскоўцы заявілі, што цалкам кантралююць АЭС. «Росатом» паведамляў, што кансультуе ўкраінскі пэрсанал Запароскай АЭС, але адмаўляў, што Расея плянуе ўзяць АЭС «пад поўны і пастаянны кантроль».
Украінская кампанія «Енергоатом», якая кантралюе ўсе дзейныя атамныя станцыі Ўкраіны, неаднаразова заяўляла, што Расея ператварае Запароскую АЭС у вайсковую базу і выкарыстоўвае яе як шчыт.