Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі «Энэргаатам» паведаміў пра новыя абстрэлы Запароскай АЭС расейскімі вайскоўцамі


Запароская АЭС
Запароская АЭС

Украінскае ядзернае агенцтва «Энэргаатам» паведаміла, што расейскія вайскоўцы зноў абстралялі Запароскую АЭС.

«Зафіксавана пяць „прылётаў“ у раёне камэндатуры станцыі — непасрэдна побач з участкам зваркі і сховішчам крыніц выпраменьваньня. На невялікім участку загарэлася трава, але, на шчасьце, ніхто не пацярпеў, — цытуе паведамленьне „Настоящее время“. — Яшчэ пяць „прылётаў“ адбыліся ў раёне пажарнай часткі, разьмешчанай непадалёку ад ЗАЭС».

У «Энэргаатаме» адзначылі, што сытуацыя на станцыі знаходзіцца пад кантролем.

Так званы кіраўнік Запароскай абласной адміністрацыі, якога прызначылі расейскія войскі, Яўген Баліцкі абвінаваціў у абстрэлах УСУ. Ён заявіў, што «зафіксавана мінімум тры прылёты ў раёне сховішча радыяактыўных ізатопаў». Паводле яго слоў, у выніку абрыву ліній электраперадач пачаўся пажар на полі, на месцы працуюць пажарныя.

Запароская АЭС — самая буйная атамная электрастанцыя ў Эўропе, разьмешчаная ў горадзе Энэргадары, які апынуўся пад кантролем расейскіх вайскоўцаў у сакавіку гэтага году. АЭС раней зазнала абстрэлы 5 і 7 жніўня.

У выніку, як паведамляў «Энэргаатам», пацярпелі электрычная падстанцыя «Прамень», таксама ўдары прыпалі на пляцоўку АЭС каля аднаго з энэргаблёкаў, дзе знаходзіцца ядзерны рэактар. Адзін з трох працуючых энэргаблёкаў быў адключаны. Украіна і Расея абвінавацілі ў абстрэлах адна адну.

Украінскае ядзернае агенцтва ў сваіх сацыяльных сетках таксама пісала пра меркаванае мінаваньне Запароскай АЭС і пляны расейскіх вайскоўцаў нібыта падарваць АЭС. Расейскі бок адмаўляе мінаваньне станцыі і называе гэтую інфармацыю «ўкідам ад Захаду».

  • 10 жніўня кіраўнікі МЗС краінаў «вялікай сямёркі» заклікалі Расею неадкладна вярнуць Украіне кантроль над Запароскай АЭС. Расея ў той жа дзень заклікала правесьці пасяджэньне Рады бясьпекі ААН, каб абмеркаваць «украінскія абстрэлы» ЗАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG