Дыпляматычная місія Крысьціны Юханэсан у Рэспубліцы Беларусь падыйшла да заканчэньня. На старонцы амбасады Швэцыі ў фэйсбуку амбасадарка афіцыйна разьвіталася зь беларусамі.
«Дарагія сябры, учора я пакінула Беларусь і вярнулася ў Стакгольм. Так, праляцела цэлых пяць год з моманту прыезду ў Менск, зусім ня верыцца! І тэрмін маёй дыпляматычнай службы ў якасьці Пасла Швэцыі, на жаль, падышоў да свайго завяршэньня. Хачу сказаць шчыры дзякуй усім, хто зрабіў маю працу ў краіне неверагодна цікавай, насычанай і поўнай новых адкрыцьцяў. Паўсюль, дзе я была, вы дарылі мне частку сваёй дабрыні і цяпла, дзяліліся вопытам і ведамі. І гэта сапраўды неацэнны падарунак».
Крысьціна Юханэсан адзначыла, што ёй пашчасьціла наведаць усе вобласьці Беларусі, і за гэты час яна вельмі палюбіла беларускую прыроду.
«Вашыя спакойныя і мілыя краявіды мне заўсёды нагадвалі Швэцыю, і часам нават здавалася, што ў Беларусі я амаль дома. Я палюбіла беларускую культуру, часьцінку якой я абавязкова захаваю ў сваім сэрцы. Я навучылася разумець вашую мілагучную мову і вельмі радая, што беларускія дзеткі маюць магчымасьць знаёміцца з нашай літаратурай на роднай мове».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цікавасьць да мовы пашырылася на культуру і гісторыю». Перакладчык стараскандынаўскіх шэдэўраў пра сваё захапленьне ПоўначчуТаксама Юханэсан напісала, што ніколі не забудзе «фэерычныя Дні Швэцыі на Плошчы Свабоды ў Менску, калі здавалася, што цэнтар гораду ператвараўся ў маленькую Швэцыю». Гэта стала магчымым дзякуючы сумесным беларуска-швэдзкім праектам.
«Нягледзячы на тое, што гэтыя пяць год не заўсёды былі захапляльнай і вясёлай вандроўкай, былі і складаныя моманты, аднак я заўсёды і паўсюль адчувала надзейную падтрымку каманды пасольства, якая дапамагла мне пераадолець усе складанасьці. Успаміны пра Беларусь, якую я за гэты час шчыра палюбіла, будуць саграваць мяне дома. І я, канечне ж, буду па вас усіх сумаваць...»
У амбасадзе Швэцыі амаль два гады пражылі грамадзяне Беларусі — Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі. Бацька і сын актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году і ўцяклі ад міліцэйскай пагоні, схаваўшыся за плотам амбасады, што месьціцца ў цэнтры Менску. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыў 11 ліпеня ноту пратэсту амбасадарцы Швэцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС заявіў пасольству Швэцыі пратэст у сувязі са «скрытым вывазам» двух беларускіх грамадзянНа дзяржаўнай тэлевізіі ў адной зь перадач паказалі, як сілавікі нібыта былі ў курсе ўсіх перамяшчэньняў Кузьнечыкаў і насамрэч ведалі пра іх пасьпяховыя ўцёкі зь Беларусі. Самі бацька і сын заявілі, што «доўга сьмяяліся» з афіцыйнай вэрсіі ўладаў, якія той перадачай, на іх думку, паспрабавалі прыкрыць некампэтэнтнасьць сілавікоў, што ўпусьцілі іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмяяліся некалькі разоў», — Кузьнечыкі пра вэрсію БТ аб іх уцёках з амбасады Швэцыі ў ЛатвіюШвэцыя ня стала адклікаць свайго амбасадара зь Беларусі пасьля падзей 2020 году, аднак адмовілася выдаваць Кузьнечыкаў сілавікам. Урэшце Кузьнечыкам удалося пакінуць тэрыторыю Беларусі і трапіць у Латвію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Кузьнечыкі ўцяклі з пасольства Швэцыі. Відэа