Падобны сьпіс існаваў і раней, але ў новым зьявіліся некаторыя зьмены. Найперш, дадаліся два новыя дыягназы, якія не адпавядаюць дзяржслужбе — абсэсіўна-кампульсіўны разлад і дысацыятыўны разлад. Поўны сьпіс хваробаў можна паглядзець тут.
А з пункту «разлады настрою» ў той жа час прыбралі дэпрэсіўныя эпізоды лёгкай і сярэдняй ступені. Гэта значыць, што цяпер няцяжкая дэпрэсія ня будзе падставай для звальненьня са службы.
Міністэрства аховы здароўя таксама зацьвердзіла пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць рабоце зь дзяржаўнымі сакрэтамі: у новай вэрсіі пераліку, які набудзе моц з 1 верасьня, таксама зроблена выключэньне для дэпрэсіўных эпізодаў, але дададзеныя абсэсіўна-кампульсіўныя і дысацыятыўныя разлады.
Чаму так магло адбыцца? Спыталі ў былога чыноўніка Анатоля Котава і псыхатэрапэўткі Натальлі Скібскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глеб падпісаны на суполку «За Пуціна», Сабаленка абяцала падтрымаць Украіну, але перадумала. Чым жывуць сёньня беларускія спартсмэныАнатоль Котаў найперш кажа, што ня чуў пра выпадкі, каб чыноўнікам ставілі дыягназ «дэпрэсія».
«Людзі, што засталіся ў дзяржапараце, працягваюць працаваць у сыстэмным стрэсе. І дэпрэсія, мабыць, самае лёгкае псыхічнае захворваньне, якое зь імі можа здарыцца», — мяркуе былы супрацоўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
На думку Котава, калі б сёньня дзяржаўныя службоўцы прайшлі сур’ёзны мэдагляд, то дэпрэсію маглі б знайсьці ў большасьці супрацоўнікаў.
«Кожны дзень — гэта вялікая адказнасьць. Прычым усё залежыць ад буйнейшага начальніка, каго менавіта зрабіць крайнім у той ці іншай сытуацыі. Чаму падаюць надоі, скарачаецца валютная выручка або няма беларускіх камплектуючых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 5 гадоў прыбытак вырас удвая. Што з «Мотавелазаводам», якім застаўся незадаволены ЛукашэнкаВізыт Аляксандра Лукашэнкі на завод «Мотавела» суразмоўца называе адлюстраваньнем тых праблем, што існуюць у беларускай гаспадарцы сёньня.
«Ты ня можаш быць эфэктыўным, абапіраючыся толькі на сваё. У Мікалая Ладуцькі быў выбар: альбо ляпіць тое, што немагчыма прадаць, альбо завозіць кітайскія камплектуючыя і прадаваць прадукцыю ў Расею як беларускія матацыклы. У выніку за другі варыянт „адгрэблі“. Для ўсяго дзяржапарату востра стаіць пытаньне „калі“. Калі дойдуць да іх? Гэтае чаканьне — стрэс, у якім беларускія дзяржаўныя службоўцы жывуць штодня. Цяпер гэты стрэс дайшоў да стадыі „абы не пасадзілі“, а ў астатнім няхай робяць што хочуць».
Пры гэтым Котаў мяркуе, што самыя набліжаныя да Лукашэнкі чыноўнікі адчуваюць сябе больш-менш спакойна.
«А вось пасады ад намесьніка міністра і ніжэй — расстрэльныя. Аднак гэта сьвядомы выбар большасьці чыноўнікаў, я ім не зайздрошчу і не шкадую. Гаварыць пра трываласьць у такіх умовах вельмі цяжка. Сыстэма ўжо больш за два гады працуе ва ўмовах, калі ад яе патрабуюць больш, чым яна можа вытрымаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі павярнуцца тварам да сьпінкі крэсла, сесьці на яго як бы конна». Дзяўчына расказала, як вэрбуюць у ГУБАЗіКуТрадыцыйнымі мэтадамі лячэньня дэпрэсіі і стрэсу ў асяродзьдзі беларускіх чыноўнікаў Котаў называе алькаголь і тытунь.
«З такой зломленасьцю і пустатой кожны змагаецца як можа. Да псыхолягаў і лекараў зьвяртаюцца рэдка, а лечацца „народнымі“ мэтадамі, што не дадае здароўя ні людзям, ні ўсяму апарату ў цэлым».
Псыхатэрапэўтка Натальля Скібская хутчэй зьдзівілася, што ў сьпіс дадалі абсэсіўна-кампульсіўны разлад. Што тычыцца дэпрэсіўных эпізодаў, то яна тлумачыць, што яны могуць зьяўляцца на падставе як вонкавых, так і ўнутраных фактараў. Справакаваць такія эпізоды могуць моцныя перажываньні, празьмерная трывожнасьць і пастаянныя стрэсавыя сытуацыі.
«Колькі людзей працуе ў Беларусі ў такіх умовах? Думаю, большасьць. Пацыент, вядома, пакутуе ад гэтага, але, пэўна, будзе ў стане выконваць сваю асноўную дзейнасьць. Не выключаю, што доля такіх захворваньняў сярод чыноўнікаў павялічылася. Цяпер вельмі складаныя часы, а чыноўнікі жывуць ня ў вакуўме. Наколькі ведаю, раней працэнт чыноўнікаў, якіх шпіталізоўвалі менавіта з дэпрэсіямі, заўсёды быў дастаткова вялікі», — кажа Натальля Скібская.