Рэспубліканцы: Расeя і Іран могуць выкарыстаць былых афганскіх спэцназаўцаў

Афганскі спэцназ

Былыя супрацоўнікі афганскіх службаў бясьпекі, пакінутыя пасьля эвакуацыі амэрыканцаў з краіны, уразьлівыя для вярбоўкі або прымусу з боку Расеі, Кітаю і Ірану.

Пра гэта заявілі ў ЗША заканадаўцы-рэспубліканцы, адзначыўшы, што адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна не надала прыярытэтнага значэньня іх эвакуацыі, паведамляе Reuters.

«Гэта асабліва актуальна, улічваючы паведамленьні аб тым, што некаторыя былыя афганскія вайскоўцы зьбеглі ў Іран», — гаворыцца ў дакладзе Камітэту міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША, прысьвечаным першай гадавіне захопу Кабулу талібамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўганістане зачынілася 231 СМІ, 6400 журналістаў страцілі працу

Адміністрацыя Байдэна, адзначаюць аўтары дакладу, падчас хаатычнай апэрацыі вываду амэрыканскіх войскаў у міжнародным аэрапорце Кабулу 14–30 жніўня 2021 году не змагла надаць прыярытэтную ўвагу эвакуацыі афганскіх спэцназаўцаў і іншых элітных падразьдзяленьняў, якія прайшлі падрыхтоўку ў ЗША.

Адміністрацыя ЗША называе апэрацыю «выбітным посьпехам». У яе выніку былі эвакуаваныя больш за 124 000 амэрыканцаў і афганцаў і завяршылася «бясконцая» вайна.

Аднак сотні навучаных у ЗША былых супрацоўнікаў службаў бясьпекі, а таксама іх сямейнікі застаюцца ў Афганістане на фоне паведамленьняў пра тое, што талібы забіваюць і катуюць былых афганскіх чыноўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы забілі або выкралі больш за 100 экс-супрацоўнікаў афганскіх сіл бяспекі, якім абяцалі амністыю — HRW

Гэтыя былыя супрацоўнікі «могуць быць завэрбаваныя або прымушаныя да працы на аднаго з супернікаў Амэрыкі, якія захоўваюць сваю прысутнасьць у Афганістане, уключаючы Расею, Кітай ці Іран», — гаворыцца ў дакладзе рэспубліканцаў.

Гэта сур’ёзная рызыка для нацыянальнай бясьпекі ЗША, бо гэтыя афганцы «ведаюць тактыку, мэтады і працэдуры амэрыканскіх вайскоўцаў і выведвальнай супольнасьці», — лічаць аўтары дакладу.

  • Талібы занялі Кабул 15 жніўня 2021 году — за два зь невялікім лішкам тыдні да тэрміну вываду з Афганістану войскаў ЗША. Амэрыканцы і іх саюзьнікі арганізавалі маштабную эвакуацыю з Афганістану заходніх дыпмісій і цывільных асоб, у тым ліку афганцаў, якія баяліся рэпрэсій з боку талібаў. Усяго было вывезена больш за 120 тысяч чалавек.
  • 30 жніўня амэрыканскае войска завяршыла вывад сваіх сіл з тэрыторыі Афганістану. Амэрыканскія войскі знаходзіліся ў Аўганістане амаль 20 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам давялося прадаць дачку». Масавы голад у Афганістане