Кампанія Maxar апублікавала новыя спадарожнікавыя здымкі аэрадрому Зябраўка, фатаграфіі зробленыя 12 жніўня. На здымках на галоўнай узьлётна-пасадачнай паласе можна бачыць сьляды пажару ад нядаўняга выбуху, а паблізу відаць спаленая расьліннасьць.
У ноч з 10 на 11 жніўня жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны Беларусі паспрабавала супакоіць беларусаў: «10 жніўня каля 23 гадзіны ў часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне». Аднак у вэрсію міністэрства мала хто паверыў.
Украінскае кіраўніцтва неўзабаве абвергла інфармацыю аб тым, што ўдар нанесьлі Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі – вайна». Што вядома пра здарэньне на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад ГомлемШто вядома пра аэрадром «Зябраўка»?
Пра выкарыстаньне расейскімі войскамі вайсковага аэрадрому «Зябраўка» пад Гомлем стала вядома ў першыя дні вайны. Адтуль рэгулярна выляталі самалёты і гелікоптэры, запускалі ракеты па Ўкраіне.
Расейскія вайскоўцы засталіся на тэрыторыі «Зябраўкі» і пасьля адыходу расейцаў з поўначы Ўкраіны і часткова з тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка.
Ад «Зябраўкі» да тэрыторыі Ўкраіны, якую цяпер кантралюе ўрад у Кіеве, каля 50 кілямэтраў.
Гэтага больш чым дастаткова для ракетных удараў як старой савецкай зброяй кшталту комплексаў «Точка-У», так і новымі заходнімі сыстэмамі залпавага агню накшталт амэрыканскай HIMARS.
«Зябраўка» даволі блізка ад Гомля, густанаселены Навабеліцкі раён абласнога цэнтру ўсяго за дзесяць кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генштабе Ўкраіны адкінулі датычнасьць украінскіх войскаў да выбухаў на аэрадроме ў Гомельскай вобласьці і ў Крыме