Калі праўду не адрозьніш ад хлусьні. Чаму людзі ня вераць афіцыйнай інфармацыі пра выбухі ў Крыме і Зябраўцы

Выбухі у Крыме 9 жніўня

Падчас такіх пікавых падзей, кшталту незразумелых выбухаў на вайсковых аб’ектах у Крыме і Зябраўцы, расьце запыт на альтэрнатыўную інфармацыю.

Сьцісла:

  • Афіцыйная рэакцыя вайсковых уладаў Расеі і Беларусі на гэтыя выбухі аказалася на дзіва падобная.
  • Парадаксальным чынам афіцыйнай інфармацыі ня вераць ня толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі.
  • У абодвух дыктатарскіх рэжымах вайна запусьціла два супрацьлеглыя працэсы: аб’яднаньне «вакол сьцяга» і рост недаверу да афіцыйнай інфармацыі.
  • Незалежныя СМІ могуць выканаць ролю крызісных мэдыя, якія паказваюць, што адбываецца насамрэч.

Спачатку выбухнула ў Крыме. 9 жніўня на вайсковым аэрадроме «Сакі», што паблізу пасёлку Навафёдараўка, адбылося, паводле незалежных дасьледчыкаў, больш за дзесяць выбухаў, зьнішчана каля васьмі самалётаў.

Потым дайшла чарга да Беларусі. У ноч з 10 на 11 жніўня жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі на небе сполахі (ня менш за 8 водбліскаў). Усё гэта адбывалася ў раёне аэрадрому ў Зябраўцы.

Афіцыйная рэакцыя вайсковых уладаў Расеі і Беларусі на гэтыя выбухі аказалася на дзіва падобная. Мінабароны РФ заявіла, што адбылася дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў. Многія назіральнікі нагадалі, што нешта падобнае расейскае вайсковае кіраўніцтва казала пасьля гібелі крэйсэра «Масква».

Міністэрства абароны Беларусі пракамэнтавала выбухі ў Зябраўцы так: «10 жніўня каля 23 гадзіны ў часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне». І ад «загараньня рухавіка» восем выбухаў? Ну-ну...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі – вайна». Што вядома пра здарэньне на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад Гомлем

Тут варта ўзгадаць такі факт. Лукашэнка падчас сьвяткаваньня Дня Рэспублікі расказаў, што нібыта некалькі дзён таму ўкраінскія войскі спрабавалі нанесьці ўдар па вайсковых аб’ектах Беларусі, але ўсе ракеты былі перахопленыя. То бок, паводле Лукашэнкі, з боку Ўкраіны быў ажыцьцёўлены рэальны ваенны напад на Беларусь. Хоць ніякіх фактаў у доказ той вэрсіі ён не прывёў.

Цяпер жа факт нейкіх выбухаў на вайсковым аэрадроме не выклікае сумневаў, ён прызнаны. Але патлумачаны «загараньнем рухавіка»...

Украінскія ўлады таксама напускаюць туману, не бяруць на сябе адказнасьць за гэтыя выбухі, але і не адмаўляюць катэгарычна сваю датычнасьць. Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк напісаў у twitter: «Эпідэмію тэхнічных аварый на вайсковых аэрадромах у Крыме і Беларусі ru-вайскоўцам варта разглядаць як папярэджаньне: Забудзьце пра Ўкраіну, зьніміце форму і сыходзьце. Ані ў акупаваным Крыме, ані ў акупаванай Беларусі вы ня зможаце пачувацца ў бясьпецы. Карма знойдзе вас усюды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна змагла вярнуць паўтысячы целаў сваіх абаронцаў, якія загінулі на ўсходзе. Пра беларусаў пакуль нічога не вядома

Усё гэта да чаго? Пра давер да афіцыйнай інфармацыі. Ён і дасюль быў ня вельмі вялікі. Моцна падарвала давер да ўлады эпідэмія ковіду. У Беларусі мала хто верыў у тыя лічбы інфікаваных і памерлых, якія давала Міністэрства аховы здароўя. Потым здарыліся прэзыдэнцкія выбары, пасьля якіх Ярмошына аб’явіла, што Лукашэнка набраў 80% галасоў, і гэта канчаткова падарвала давер да палітыкі ўлады.

Парадаксальным чынам афіцыйнай інфармацыі ня вераць ня толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі. Але апошнія лічаць, што так трэба дзеля вышэйшых дзяржаўных інтарэсаў: праўды казаць нельга, бо будзе паніка і іншыя нэгатыўныя наступствы.

А ўжо падчас вайны лічыцца, што казаць праўду — гэта амаль што працаваць на ворага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея працягвае абстрэлы ўкраінскіх гарадоў на ўсёй лініі фронту, цэлячы пераважна ў цывільныя аб’екты. Ад пачатку вайны загінула 361 дзіця

Я не бяруся сьцьвярджаць ці высьвятляць, што насамрэч там выбухнула. А ўсяго толькі хачу засьведчыць, што большасьць абыватэляў ня верыць афіцыйнай інфармацыі.

Дарэчы, забаўна было назіраць рэакцыю расейскіх прапагандыстаў на выбухі ў Крыме. Спачатку яны абурыліся нахабствам і крыважэрнасьцю ўкраінцаў, якія замахнуліся на тэрыторыю РФ (бо яны ж лічаць Крым расейскім), патрабавалі даць адэкватны адказ. То бок сумневаў, што гэта справа рук украінскіх вайскоўцаў, не было. І толькі потым, атрымаўшы патрэбную ўстаноўку, падтрымалі афіцыйную вэрсію пра выпадковую дэтанацыю боепрыпасаў.

І ўжо пасьля таго, як была агучана афіцыйная вэрсія, зьявіліся фатаздымкі пустога пляжу ў Навафёдараўцы, што недалёка ад аэрадрому, і інфармацыя пра вялікія чэргі на Крымскі мост. Расейскія грамадзяне, якія адпачывалі ў Крыме, не паверылі заяве Мінабароны, хуценька сабралі манаткі і кінуліся ўцякаць далей ад небясьпечнага месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня можа рэалізаваць перавагу ва ўзбраеньні на полі бою. Украіна працягвае зьнішчаць камандныя пункты расейцаў на поўдні

Парадокс сытуацыі ў тым, што ў абодвух дыктатарскіх рэжымах вайна запусьціла два супрацьлеглыя працэсы: аб’яднаньне «вакол сьцяга» і рост недаверу да афіцыйнай інфармацыі. Два гэтыя трэнды дзіўным чынам ужываюцца адзін з адным.

Адначасова падчас такіх пікавых падзей, кшталту незразумелых выбухаў на вайсковых аб’ектах, расьце запыт на альтэрнатыўную інфармацыю. І тут незалежныя СМІ могуць выканаць ролю крызісных мэдыя, якія паказваюць, што ж адбываецца насамрэч.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.