«Вяртаюцца цэлымі зь Севераданецку, а потым рэжуцца на зборы чарэшняў». Добраахвотніца «Север» пра сумнае і сьмешнае ў палку Каліноўскага

Анастасія «Север» Махамет

Лекар батальёну «Волат» палку імя Кастуся Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет у інтэрвію Свабодзе расказала аб актыўнасьці на пратэстах, ролі жанчын на вайне і загінулых пабрацімах.

«Мэдыцына — гэта маё»

— Анастасія, хто вы, адкуль родам?

— Я нарадзілася ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці. Мой тата вайсковец. Таму разам зь імі мы падарожнічалі па вайсковых частках, а ўжо ў маім дзесяцігадовым узросьце пераехалі ў Менск. Пасьля школы я паступіла ў Барысаўскі мэдычны каледж, груба кажучы, зьехала да бабулі. Па сканчэньні вучобы тры гады працавала ў менскай радзільні № 1. Аднак у выніку вырашыла паступаць у мэдычны ўнівэрсытэт, які ўдала скончыла. Інтэрнатуру праходзіла ў Магілёўскім абласным анкалягічным дыспансэры.

Анастасія «Север» Махамет

— Чаму вырашылі зьвязаць жыцьцё з мэдыцынай?

— Нават ня ведаю. У мяне ў сям’і не было мэдыкаў, але зь дзяцінства хацелася быць лекарам. Калі я заканчвала школу, то яшчэ сумнявалася, а вось у каледжы дакладна зразумела — гэта маё. Нават рашэньне паступаць ва ўнівэрсытэт зьвязанае з разуменьнем, што я магу рабіць больш, чым рабіла тады. Бракавала толькі ведаў, паўнамоцтваў. Паступаць праз шэсьць гадоў пасьля школы ва ўнівэр — гэта тая яшчэ задачка. Але мне вельмі хацелася — і я гэта зрабіла!

— Прапаганда паказвае ролікі з вашымі былымі калегамі. Што думаеце пра гэта?

— Да ніяк не рэагую, яны нават нічога кепскага пра мяне сказаць не маглі. Начмэд лякарні проста сказала, што я сышла. Ну так, сышла. Некаторым людзям у нашым палку прыдумляюць мінулае, якога не было, а мне нават нічога не прыдумалі (сьмяецца). Проста сказалі, што я ня скончыла інтэрнатуру.

Анастасія «Север» Махамет

«Мы заснавалі першы студэнцкі незалежны прафсаюз»

— Раскажыце пра 2020 год, пра свой удзел у тых падзеях.

— Я была ў кампаніі юнакоў, якія стварылі першы студэнцкі незалежны прафсаюз у Беларусі — гэта быў прафсаюз БДМУ на базе Свабоднага прафсаюзу беларускага. Спачатку я была намесьніцай старшыні, а потым старшынёй прафсаюзу. І сьвяціла тварам, і судзілася супраць унівэру, і супраць Міністэрства аховы здароўя. Натуральна, іншую пратэставую дзейнасьць даводзілася хаваць, хоць я ўдзельнічала ў маршах. Зрэшты, мне здаецца, што ўсе і так усё разумелі, пагатоў у мяне на руцэ тату з арнамэнтам, нібыта выпадкова падобнае да бел-чырвона-белага сьцягу. Нават супрацоўнікі КДБ у мяне пра гэта пыталіся, а я адказвала, што гэта сымбаль агню — якія пратэсты?

— У вас была размова з КДБ?

— Ну так. У сакавіку 2021 году ў «Імагуру» быў збор прафсаюзаў, я была сярод затрыманых. Мяне дапытваў КДБ у Ленінскім РУУС. Іх найбольш цікавіў мой тэлефон. Хаця я, калі туды ішла, разумела падобны сцэнар, таму на тэлефоне абсалютна нічога не было. Скончылася ўсё размовай, дзе 90% інфармацыі, якую я выкладала, былі нейкія «левыя» рэчы, альбо я казала, што нічога ня памятаю. Вэрбаваць не спрабавалі, хоць многія знаёмыя з гэтага дзівіліся. Магчыма, таму, што ў мяне ў тэлефоне не знайшлі ніякіх пратэставых чатаў.

Анастасія «Север» Махамет

— У рух за перамены вы прыйшлі на хвалі 2020 году ці раней?

— Я не займалася пратэставай дзейнасьцю. Да 2020 году мне здавалася, што незадаволеных людзей вельмі мала. Я спрабавала ачалавечыць маленькае атачэньне вакол сябе. Мне здавалася, што ў большых аб’ёмах нешта рабіць сэнсу няма, бо нібыта ўсіх усё задавальняла.

— Скажыце як лекар: сытуацыя з каранавірусам паўплывала на пратэст 2020 году?

— Натуральна! Каранавірус і стаўленьне да яго раззлавалі людзей. Памятаю: сядзела на карантыне, у маім атачэньні трое людзей зь цяжкой пнэўманіяй, а нам расказваюць, што каранавірусу няма. Гэта, мякка кажучы, раздражняла.

— Здаецца, вы напісалі цэлую кнігу аб пратэстах у Беларусі.

— Усё так. Спачатку гэта былі гісторыі людзей пасьля маршу 16 жніўня 2020 году. Дапісала кнігу ўжо ва Ўкраіне, пісаць у Беларусі чамусьці не ўдавалася. Героі выдуманыя, але гісторыі рэальныя. Усё адбывалася насамрэч, але з рознымі людзьмі. Я даўно пішу пад псэўданімам «Александр Верт», кніга ў вольным доступе.

«Даехала маршруткай з Масквы да Кіева»

— Калі прынялі рашэньне выяжджаць зь Беларусі?

— Я не хацела выязджаць. І да гэтай пары ня ўпэўненая, што пагроза арышту для мяне была. Але былі нейкія непрыемныя званочкі: я заўважыла сачэньне, упэўнена, што хтосьці прыходзіў у маю кватэру, калі мяне там не было. Я баялася падставіць кагосьці. Шмат хто казаў: нават калі мяне арыштуюць, то я нічога не скажу. Я ў такое ня веру. Ніколі нельга даць такую гарантыю. Хто яго ведае, якія ў іх будуць мэтады і як ты будзеш на гэта рэагаваць. Зь цяжкасьцю я прыняла рашэньне зьехаць з краіны. Цяпер аб гэтым не шкадую, бо апынулася на сваім месцы.

Анастасія «Север» Махамет

— Як зьяжджалі?

— Праз Расею. Выехала цягніком у Маскву, а там села на маршрутку і даехала да Кіева, у лістападзе 2021 году такое яшчэ было магчыма. Пад Кіевам у мяне добрая сяброўка, я пражыла ў яе ўсю зіму. Я была на этапе легалізацыі дыплёмаў, а паколькі прыехала да Новага году, то вельмі марудна ўсё афармлялі. Дзесьці ў сярэдзіне сакавіка мела атрымаць дазвол на працу. У выніку нічога не атрымала. Наколькі ведаю, беларускі бок так і не адказаў на запыт, ці мой дыплём сапраўдны.

«Не было жгутоў, дык мы рэзалі роварную гуму»

— Як вы сустрэлі вайну?

— Напярэдадні гаварылі зь сяброўкай, што вайна хутчэй за ўсё будзе, але ўсё абмяжуецца Луганскай і Данецкай абласьцямі. Я яшчэ сказала, што бамбіць Кіеў — гэта занадта па-вар’яцку ў ХХІ стагодзьдзі. Урєшце стаю я 24 лютага на гаўбцы і думаю: «Ну ніхрана ж сабе! Як такое можа быць?» Але потым я палічыла, што ўсе пратэсты і ўся дзіч у Беларусі, той сюр, які ў нас адбываўся, — своеасаблівая прышчэпка, таму і да гэтага вар’яцтва можна адаптавацца хутчэй.

— Не было жаданьня сабраць рэчы і паехаць далей — у Польшчу ці куды яшчэ?

— Не. 24 лютага зь сяброўкай і яе дачкой ад’ехалі падалей ад Кіева, тады абвесьцілі камэнданцкі час на тры дні, як толькі ён скончыўся, то я паехала ў найбліжэйшы вайсковы камісарыят, а пасьля пайшла ў тэрабарону мэдыкам. Пад канец сакавіка я перайшла тады яшчэ ў батальён Кастуся Каліноўскага. Яны шукалі мэдыка, а я тут побач, да мяне толькі на машыне пад’ехаць.

Анастасія «Север» Махамет

— Каб быць вайсковым лекарам, ці шмат вам давялося даведацца новага?

— Так атрымалася, што я шмат цікавілася вайскова-палявой хірургіяй. Шмат чытала адмысловай літаратуры. Тэарэтычных ведаў у мяне было дастаткова, але даводзілася нешта падвучыць, нешта адкрыць для сябе. Я працую на эвакуацыі, не аказваю дапамогу проста на полі бою. Таксама шмат каго вучу, арганізавалі курсы, як аказваць дапамогу, выбачайце, «з га...на і палак». Не было жгутоў, дык мы рэзалі роварную гуму, каб было хоць нешта. А цяпер мы ўжо нават можам носам круціць, што вось гэты турнікет ня дужа надзейны. Выйшлі на іншы ўзровень, магчымасьцяў стала больш. Шмат хто стаміўся ад вайны — гэта цікава назіраць па лякарнях. Калі лякарня блізка ад лініі фронту, там цябе гатовыя на руках насіць, нават калі табе тое ня трэба. Калі ж ад’яжджаеш кілямэтраў за дваццаць, то на цябе могуць глядзець у такім стылі: «А што ты тут забыўся?» Ёсьць цяжкасьці, але ўсё разьвязваецца.

«„Волат“ быў „бацем“ батальёну»

— Першага свайго параненага памятаеце?

— Першыя мае параненыя былі лёгкімі, хлопцы з кантузіямі, хто дакладна, нават не запомніла. Было шмат дробязяў. Нават здаралася, што хтосьці з байцоў парэзаў палец, і мне яго таксама прывозілі. Я часта на іх сваруся, што «трохсоцяцца» (раняцца. — РС) на нейкай лухце на базе. Схадзіць у Севераданецк, вярнуцца цэлым, а потым парэзацца пры зборы чарэшняў. Ты дурненькі ці што? (Сьмяецца)

— А першы сур’ёзны выпадак?

— Гэта гібель «Волата» (Павел Суслаў. — РС). Потым мы высьветлілі, што ён атрымаў раненьне, не сумяшчальнае з жыцьцём, але ён доўга быў у прытомнасьці. Калі «Волат» трапіў да мяне, у яго ўжо спынілася сэрца, нейкім цудам яго завялі, адвезьлі ў лякарню яшчэ з пульсам. Нават пачалі апэрацыю, але сэрца спынілася паўторна. Там ужо і не спрабавалі больш, бо бачылі маштаб пашкоджаньняў. Гэта «Брэст» тады эвакуаваў на пікапе «Волата», я таксама ехала зь імі ў кузаве. Нас абстрэльвалі па дарозе, над намі лётаў «Арлан», такая сабе гісторыя была. Але я тады не заўважыла нічога, мне расказалі пасьля.

— Што за чалавек быў «Волат»?

— Гэта такая постаць, якую цяжка ня вылучыць. Ён часта даваў вельмі важныя караценькія камэнтары. Многія пагаджаюцца, што ён быў такім «бацем» батальёну, хаця і быў усяго толькі камандзірам першай роты. Пару дзён зь ім у адным акопе давалі болей, чым два месяцы «вучэбкі». Пасьля яго гібелі шмат было пад пытаньнем. У той момант для мяне нават было нечакана, як праявіў сябе Ваня «Брэст» (Марчук, загінуў у канцы чэрвеня пад Лісічанскам. — РС). Ён рэальна змог стаць камандзірам, аб’яднаў людзей, гатовых рассыпацца ад разгубленасьці.

Анастасія «Север» Махамет

— Наколькі разумею, вы былі на эвакуацыі той групы, дзе загінуў і «Брэст».

— Так, я была літаральна за кілямэтар ад іх. Чула большасьць іх перамоваў праз рацыю. Так атрымалася, што нашы хлопцы трапілі ў тыл праціўніка. На жаль, сіла ворага была нашмат большай. Галоўны герой гэтай гісторыі — «Тромблі» (Ян Дзюрбейка, быў у расейскім палоне. — РС), бо застаўся зь імі. Быў момант, калі «Тромблі» мог сысьці, але гэта значыць кінуць раненых. Я давала яму па рацыі мінімальныя парады аб першай мэдычнай дапамозе. Гледзячы на фота, я мяркую, што Іван быў яшчэ жывы на той момант, калі іх знайшлі. Хутчэй за ўсё, яго проста застрэлілі. Ён быў без прытомнасьці дакладна. Ёсьць два здымкі з загінулым «Брэстам». На першым бачна, што яго яшчэ ніхто не чапаў: ёсьць гадзіньнік, аптэчка, падсумак. Бачна, што на твары шмат бруду, але ня бачна крыві пад вокам. А на другім здымку нічога гэтага няма. І на гэтым фота ў яго на твары кроў, якая цячэ ці то са скроні, ці то з вуха. Ня выключана, што быў кантрольны стрэл у галаву, ніхто не правяраў, ці быў ён жывы.

Таксама мы прыйшлі да высновы, што «Сябро» (Васіля Парфянкова. — РС) дакладна застрэлілі. Ён быў такім чалавекам, які ня даўся б у палон, ён дастаў бы гранату, але ня здаўся, тут без варыянтаў.

— Вы да апошняга чакалі, што нехта выберацца?

— Я заставалася там даўжэй за ўсіх. Адправіла нашу машыну эвакуацыі і заставалася там ужо зь небеларусамі, якія мяне маглі вывезьці. Там была група, якая спрабавала да іх дабрацца, па іх спрабавалі вярнуцца, у тым ліку адзін наш, але не ўдалося, бо па іх страляў снайпэр. Была пошукавая група, некалькі разоў лётаў дрон, іх сапраўды шукалі. Я да апошняга чакала хоць нейкай інфармацыі, бо іх не было там, дзе мусілі быць. Мы спадзяваліся, што ў такой мітусьні іх мог эвакуаваць хтосьці яшчэ. Я зьехала позна ўвечары, разумеючы, што проста зараз мы нічога ня зробім. Сытуацыя на тым адрэзку разьвівалася так, што вярнуцца туды ўжо было немагчыма.

«Як гэта можа спалучацца ў адным чалавеку?»

— Раскажыце пра загінулых. Пачнем з Вадзіма «Папіка» Шатрова.

— Зь ім я стасавалася мала, але гісторыя ў тым, што мы ехалі ў адным аўтамабілі з базы на тое заданьне. Так атрымалася, што ў нас быў кепска замацаваны пандус для вазочка і ўвесь час спрабаваў зваліцца на «Кляшча» (Сяргей Дзёгцеў, цяпер у расейскім палоне. — РС). Усю дарогу «Клешч» ваяваў з гэтым пандусам, а «Папік» рагатаў, што ў «Кляшча» свая вайна. Я гэта так ярка запомніла, сьмяяліся з гэтага ўсю дарогу.

— «Сябро»?

— Яго па сёньня ў нас усе цытуюць. Ён вельмі радыкальны чалавек. Але было вельмі шмат сьмешных выпадкаў зь ім, зь яго фразамі, зь яго інтанацыяй. Хлопцы спрабуюць і сёньня яе перадаць, нібыта ён з намі. Напрыклад, характэрна гаварыў: «Ды гэта ўсё га...но».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаў

— Васіль «Атам» Грудовік?

— На апошнім заданьні з намі быў украінец, вельмі падобны абліччам да «Атама», было немагчыма паверыць. Калі краем вока бачыш, то думаеш, што гэта «Атам». Вельмі дзікая сытуацыя. Пагатоў з «Атамам» самае складанае становішча, бо няма здымку ягонага цела. Упэўнена сказаць, што яго няма, вельмі цяжка. І гэта цісьне. У бытавых пытаньнях ён быў вельмі мяккім і добрым, гатовым усё аддаць. А ў баявых умовах ён зусім іншы, гатовы першым ісьці ў бой, дзяжурыць на пазыцыі па сем гадзін, калі гэта патрэбна. Неяк у ім гэта ўсё спалучалася. У яго былі такія няпростыя адносіны з адным пабрацімам, пастаянна «бадаліся» між сабой. Помню, перад тым заданьнем мы спыніліся на запраўцы. І другі хлопец кажа: «Ну ты ж ненармальны, „Атам“. „Север“, скажы, што ён ненармальны?» «Не, ён нармальны», — адказваю. Яшчэ абняла яго. Ён так сьмешна радаваўся гэтай фразе, пабег купіў мне цукерку вялікую. Я так сьмяялася зь яго ў той момант, госпадзе. Чалавек, які бегаў з аграмадным кулямётам і пытаўся ў «Брэста»: «А можна мне наваліць?» І як гэта можа спалучацца ў адным чалавеку, я не ведаю.

Анастасія «Север» Махамет

«Добрыя людзі таксама ходзяць на вайну»

— «Брэст»?

— Калі батальён «Волат» толькі пачынаўся, то я ня думала, што Ваня будзе такім клясным камандзірам. У мяне ніколі так не вырашаліся пытаньні, як зь ім. Ён добра чуў, што яму казалі. Не заўсёды слухаўся, але ўнікаў у парады і прапановы. І рашэньні прымаў, узважваючы ўсё. Ён вельмі бараніў людзей, таму, як і «Волат», хадзіў першым. Ён не расказваў, як вам трэба ваяваць, а сам вёў у бой. У тыя дні мы гаварылі з Іванам, я прасіла яго паабяцаць, каб ён як мага сябе бярог. У батальёне ўсё круцілася вакол яго, нейкія сувязі будаваліся, але ўсё было вакол яго. Я яму яшчэ сказала, каб не хадзіў з адной гранатай супраць танку, а літаральна праз два дні адбыўся той бой. Ён быў вельмі сур’ёзным чалавекам, сьветлым. Гэта гісторыя пра тое, як добрыя людзі таксама ходзяць ваяваць.

— Наколькі цяжка пасьля такога далей рабіць сваё?

— Цяжка было ўсім. У той момант спачатку быў поўны ступар. Нам давялося цалкам пераструктураваць увесь батальён. Я прыняла рашэньне, што да 5 ліпеня ня буду прымаць рашэньня, што мне рабіць далей, бо была ў аглушаным стане. Тады яшчэ не было ні фотак, нічога, яны лічыліся зьніклымі бязь вестак. Я разумела, што з такімі траўмамі «Брэст» мог выжыць. 5 ліпеня было рандомнай датай, але менавіта ў гэты дзень зьявіліся здымкі Івана. Я зразумела тады, што не магу сысьці, ня маю права. Проста не дарую сабе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іван хацеў стрэліць з гранатамёта ў танк, стаў у поўны рост — і яго адразу расстралялі». Сьведка пра гібель «Брэста» і іншых беларусаў

— Вы, здаецца, сказалі: «Мёртвым быць ня страшна, страшна за тых, хто побач».

— Усё так. Калі цябе заб’юць, то наўрад ці пра гэта засмуцісься.

«Пасьля Севераданецку мы даруем адно аднаму ўсё»

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Унутраныя разборкі. Калі ёсьць свае і чужыя, то ўсё зразумела. А ўнутраныя сваркі вельмі выбіваюць, асабліва калі яны тупыя. На шчасьце, потым усё згладжваецца.

— А самае прыемнае на вайне?

— Калі яны вяртаюцца жывымі. Я памятаю, як адна апэрацыя заканчвалася ў мой дзень нараджэньня, і ў нас былі хлопцы, якія былі згубіліся, а пад ранак знайшліся. Яны мне зрабілі найлепшы падарунак на дзень нараджэньня.

Анастасія «Север» Махамет

— У вайны «нежаночае аблічча»?

— У мяне не было такіх праблемаў. Хаця я чула, што «Волат» нібыта быў супраць жанчын на вайне. Хаця я асабіста гэтага не заўважала. Я — мэдык, я наўпрост не займаюся вайной. Ведаю, якую работу яны выконваюць, і мне цяжка ўявіць, што такое рабілі б жанчыны. Гэта фізычна цяжка. І трэба мець вельмі вялікую вытрымку.

— Зь якімі праблемамі вы як жанчына сутыкаецеся на вайне?

— Я вельмі лёгка да ўсяго прызвычайваюся. Лёгка сплю ў падвалах. Жылі ў Севераданецку два тыдні ў падвале, усе з такім «выдатным» пахам, што пасьля гэтага гатовыя дараваць адно аднаму ўсё, калі мы цярпелі гэты смурод. Яны мяне вельмі берагуць, падкормліваюць салодкім. Я ня здольная есьці столькі салодкага, колькі яны мне прыносяць. Кожны зь іх верыць, што жыцьцё будзе ня тое, калі не прынясуць мне цукерак. Пры гэтым кажуць: «Калі што, ты ж жыцьцё нам будзеш ратаваць». Я на гэта адказваю, што не хачу працаваць і ня трэба мне працу падкідваць.

— Адкуль ваш пазыўны «Север»?

— Папраўдзе нейкай гісторыі няма. Я часта мяняла акаўнты ў тэлеграме, у нейкі момант ты перастаеш задумвацца пра сэнс новага ніку, проста бярэш першае-лепшае слова. Я хацела, каб пазыўны нармальна гучаў, каб яго не паблыталі зь іншым словам. І першае, што мне прыйшло ў галаву, — «Север».

Сабака Анастасіі «Шэры»

— У нашу размову часта ўмешваўся ваш шчанюк. Раскажыце пра яго ў канцы гутаркі.

— Гэтага шчанюка я забрала падчас апошняй задачы. Назвала «Шэры». Каля нашай базы была маці і шасьцёра шчанюкоў, адзін зь якіх запаў мне ў душу. Я забірала яго як звычайнага дварняка, а мне цяпер кажуць, што гэта заходнесібірская лайка. Здаецца, я завяла вялікага паляўнічага сабаку (сьмяецца). Вельмі часта бяру яго з сабой на заданьні, ён спакойна езьдзіць у машыне эвакуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палку Каліноўскага ўручылі сьцяг ад імя Рады БНР