Апэляцыю палітзьняволенага журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў 12 жніўня ў закрытым рэжыме. Прысуд пакінулі бязь зьменаў.
Па выніках паседжаньня Вярхоўны суд пакінуў у сіле ранейшы прысуд Магілёўскага абласнога суда — 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК).
Раней у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Андрэй Кузьнечык будзе ў наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
На гэты момант журналіст часова знаходзіцца ў магілёўскай калёніі (перад гэтым быў ЦІП на Акрэсьціна, СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, магілёўскім СІЗА).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты горад здаецца тут далейшым за Марс», — Андрэй Кузьнечык пра этапаваньне ў Наваполацак- Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
- Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
- Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
- 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
- 12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму.
- 8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.
- Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.