Расея ў канцы ліпеня вывезла зброю з Сырыі на гандлёвым караблі «Спарта II» і абышла забарону на рух вайсковых караблёў праз Басфор і Дарданэлы, уведзеную Турцыяй з пачатку вайны ва Ўкраіне, паведамляе Bloomberg з спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША, эўрапейскай выведцы і спадарожнікавыя здымкі.
«Спарта II» належыць падкантрольнай Міністэрству абароны Расеі кампаніі «Оборонлогистика». Яна пад санкцыямі ЗША. У ліпені гандлёвы вадаплаў бесьперашкодна прайшоў Басфор па шляху з сырыйскага порту Тартус і прыбыў у Новарасійск, на ім было прынамсі 11 адзінак вайсковай тэхнікі, сьцьвярджае агенцтва.
Паводле апошніх зьвестак сыстэмы сачэньня за вадаплавамі MarineTraffic, «Спарта II» дагэтуль у порце Новарасійску.
Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Расея ня раз выкарыстоўвала гандлёвыя караблі для перавозкі зброі і вайсковай тэхнікі па Чорным моры ў абыход турэцкіх санкцыяў.
Прадстаўнік турэцкага боку сказаў, што вадаплаў можна праверыць, толькі калі яго падазраюць у парушэньні заканадаўства. Белы дом ня стаў камэнтаваць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сырыя афіцыйна прызнала незалежнасьць і сувэрэнітэт «ДНР» і «ЛНР» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт Сэнату ЗША прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні Расеі краінай-спонсарам тэрарызму