Amnesty International папрасіла прабачэньня за «пакуты і гнеў», якія яе даклад выклікаў ва ўкраінцаў, але не адмовілася ад яго высноваў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая некалькі дзён таму апублікавала даклад аб парушэньнях Украінай гуманітарнага права і правілаў вядзеньня вайны, папрасіла прабачэньня за «пакуты і гнеў», якія справаздача выклікала ва ўкраінцаў, але ня стала пераглядаць высновы дакладу. Аб гэтым паведамляе Reuters са спасылкай на прэс-службу арганізацыі.

«Amnesty International глыбока шкадуе аб пакутах і гневе, якія выклікаў наш даклад аб баявых мэтадах украінскіх вайскоўцаў», — сказана ў паведамленьні. У арганізацыі таксама заявілі, што ніякія дзеяньні ўкраінскіх сіл, якія яны задакумэнтавалі, «не апраўдваюць парушэньняў з боку Расеі»

«Гэта не азначае, што Amnesty International ускладае на ўкраінскія сілы адказнасьць за парушэньні, учыненыя расейскімі войскамі, або што ўкраінскія вайскоўцы не прымаюць адэкватных мер засьцярогі ў іншых частках краіны, — сказана ў паведамленьні. — Мы павінны выказацца вельмі ясна: нішто з таго, што мы задакумэнтавалі, ніякія дзеяньні ўкраінскіх сіл, ніякім чынам не апраўдваюць парушэнньяў з боку Расеі».

У арганізацыі таксама падкрэсьлілі, што яе галоўны прыярытэт — забесьпячэньне абароны цывільных асобаў, і менавіта гэта было «нашай адзінай мэтай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў пра абвінавачаньні Amnesty International: «Гэта стварэньне хлусьлівай рэальнасьці»

Арганізацыя 4 жніўня апублікавала даклад, у якім расказала, што ўкраінскія вайскоўцы падчас абароны ад поўнамаштабнага расейскага ўварваньня выстаўляюць небясьпецы мірнае насельніцтва, ствараючы базы і разьмяшчаючы ўзбраеньне ў жылых раёнах, у тым ліку ў школах і шпіталях.

Украінскія ўлады, у тым ліку прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, вайскоўцы, офіс амбудсмэна і грамадзкасьць назвалі справаздачу несправядлівай і маніпулятыўнай. Зяленскі ў прыватнасьці абвінаваціў праваабарончую арганізацыю ў спробе «амніставаць» Расею і «перакласьці адказнасьць на ахвяру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка ўкраінскага офісу Amnesty International звальняецца ў знак пратэсту. Пра сыход заявіла і сьпікерка офісу

Дырэктарка ўкраінскага офісу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Аксана Пакальчук пасля выхаду дакладу заявіла, што звальняецца.

«Усё разьбілася аб мур бюракратыі і глухога моўнага бар’еру. Мы, з боку ўкраінскага офісу, увесь час адзначалі, што прэс-рэліз, які арганізацыя выпусьціла 4 жніўня, павінен як мінімум дасьледаваць два бакі і ўлічыць пазыцыю Міністэрства абароны Ўкраіны. Сама таго не жадаючы, арганізацыя стварыла матэрыял, які прагучаў як падтрымка расейскіх наратываў», — заявіла яна. Даклад сапраўды шырока цытавалі расейскія прапагандысты: яны заявілі, што арганізацыя пацьвердзіла, што ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць цывільнае насельніцтва ў якасьці «жывога шчыта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра справаздачу Amnesty International: «Спроба амніставаць дзяржаву-тэрарыста і перакласьці адказнасьць з агрэсара на ахвяру»

Генэральны сакратар Amnesty International Агнэс Каламар пасьля крытыкі на адрас арганізацыі заявіла, што «ўкраінскія і расейскія тролі атакуюць расьсьледаваньне», але гэта «не аслабіць нашу бесстароннасьць і ня зьменіць фактаў».