З гэтай нагоды праскія беларусы наладзілі сьвята на адкрытым паветры каля помніка Францішку Скарыну непадалёк ад Градчанскага замку і саду, дзе беларускі першадрукар працаваў каралеўскім батанікам.
Адкрыла імпрэзу Алена Ціхановіч-Коварава, прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці пры ўрадзе Чэскай Рэспублікі і сакратарка суполкі «Скарына».
На сьвяце зачыталі зварот беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. Агучыла яго давераная асоба офісу Ціханоўскай у Празе Крысьціна Шыянок. У звароце Ціханоўская сказала, што Скарына «не пабаяўся, дзякуючы яго сьмеласьці быў пакладзены пачатак нацыянальна-патрыятычнай традыцыі ў беларускай культуры...» У дзень 505-й гадавіны беларускай Бібліі Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў не баяцца, як не баяўся беларускі першадрукар.
Прамаўлялі старшыня суполкі «Скарына» Рыта Гаціх і беларускі журналіст, дасьледчык гісторыі БНР Сяргей Шупа. Ад праскіх студэнтаў прамовіў дактарант Карлавага ўнівэрсытэту Аляксандар Паршанкоў.
Таксама з прамовамі выступілі дэпутат чэскага парлямэнту, старшыня Падкамітэту ў справах нацыянальных меншасьцяў і ўдзельнік нефармальнай парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі Гаят Ёзаф Акамура, першы дарадца польскага пасольства ў Празе Магдалена Марыксевіч, старшыня Праскага лінгвістычнага таварыства Томаш Госкавец, дырэктар Польскага інстытуту ў Празе Мацей Ручай і іншыя.
Усе выступоўцы казалі пра велічную постаць Скарыны і пра тое, што ён аб’яднаў сваім чынам народы Беларусі, Літвы, Польшчы і Чэхіі.
Томаш Госкавец асабліва падкрэсьліў, што Скарына належыць усёй Эўропе, усёй эўрапейскай цывілізацыі.
Была прысутная на сьвяце і найстарэйшая чэская беларусістка і скарыністка Францішка Сокалава.
Паміж прамовамі выступалі флейтыстка Яніна Аляхновіч, музыкі браты Андрэй і Раман Шклёды, сьпявачка фальклёрнага гурту GUDA Сьвятлана Судноўская.
Разыгралі скарынаўскую віктарыну. Пераможца атрымаў у якасьці прыза кнігу «Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі, якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».
На сьвяце прадаваліся майкі зь лягатыпам Скарыны і беларускія кнігі.
Скарынаўскі дзень у Празе закончыўся вечаровай лекцыяй гісторыка, дактаранта Алямоўцкага ўнівэрсытэту Паўла Котава «Што мы ведаем і ня ведаем пра Скарыну» ў Беларускай клюбоўні на вуліцы 5 Kvetna.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На якой мове Скарына выдаў Біблію і як выглядаў бы яго Instagram