Як склаўся лёс былога судзьдзі — у інтэрвію Свабоды.
«Першы крок быў — уцячы ад рэпрэсій, другі — вырашыць, што рабіць далей»
У 2020 годзе Аляксей Пацко працаваў судзьдзём у Пінску. Ён кажа, што пасьля масавага «хапуна» кіраўніцтва «прапанавала» даваць усім затрыманым па 15 сутак. Аляксей адмовіўся. Пачалося традыцыйнае: «Ну ты падумай, у цябе сям’я, дзеці, не гарачыся, супакойся».
Аляксей не пагадзіўся, і ўрэшце страціў працу і трапіў пад перасьлед. Прыйшлі ня толькі па Аляксея, але і па ягоную маці, якая працавала адвакатам.
Так сям’я — Аляксей з жонкай, трыма дзецьмі і маці — апынуліся ўлетку 2021 году ва ўкраінскім Ірпяні.
Як у многіх беларусаў, узьніклі праблемы зь легалізацыяй, бо ўкраінскі від на жыхарства і да вайны было атрымаць даволі складана. Таму сям’я Пацко зьвярнулася ў амбасаду Нямеччыны. Яны трапілі ў праграму падтрымкі беларусаў, якія могуць жыць і працаваць у Нямеччыне на гуманітарных падставах. Увосень 2021-га сям’я ўжо пераехала далей у Эўропу.
«Першы крок быў — уцячы ад рэпрэсій. Другі — вырашыць, што рабіць далей? Калі ты адказваеш толькі за сябе — гэта адно. Але ў нас трое дзяцей, гэта пытаньні адукацыі, здароўя, разьвіцьця. Праграма ў Нямеччыне прадугледжвае пэўныя льготы пры навучаньні, інтэграцыю ў нямецкае грамадзтва, моўныя курсы. І ты легальна жывеш у краіне. Дзеці пайшлі тут у школу, з гэтым праблем не было», — кажа Аляксей.
«Немцы — малайцы, у іх мэта — даць магчымасьць раскрыцца патэнцыялу чалавека»
На першым часе, кажа Аляксей, сям’і было даволі цяжка ў чужой краіне.
«Мовы мы ня ведалі зусім. Тут іншае грамадзтва, парадкі, законы, іншы ўклад жыцьця, ды ўсё іншае. Нам вельмі дапамаглі па прыбыцьці ў Нямеччыну беларусы з дыяспары. Накармілі, напаілі, далі прытулак, патлумачылі, як тут што працуе. У нас асабліва не было фінансавых запасаў, таму на першым часе было даволі складана. Нам тут выдзелілі даволі неблагое жытло, без раскошы, але жыць можна», — кажа былы судзьдзя.
Дзеці пайшлі ў школу. Ад пачатку вайны ў школе дадалося расейскамоўных вучняў. Частка — гэта ўцекачы з Украіны, частка — былыя жыхары Казахстану, якія пераехалі па праграме позьніх перасяленцаў.
«Дзеці за год адаптаваліся ў школе. Праграма тут прадуманая, нагрузка на дзяцей раўнамерная. Для дарослых таксама прадугледжана адукацыя. Немцы — малайцы, яны ставяць мэту — даць магчымасьць раскрыць патэнцыял. Калі ты хочаш вучыцца, яны будуць падтрымліваць цябе на ўсіх этапах», — кажа Аляксей.
Ён зь сям’ёй ходзіць на інтэграцыйныя курсы. Вывучаюць мову, мясцовыя асаблівасьці законаў, мэдыцыны, працаўладкаваньня. Сям’я атрымлівае сацыяльную дапамогу.
«Для мясцовага ўзроўню гэта мала, але па нашых мерках — нармальна. Недзе 450 эўра на дарослага і каля 250–300 — на дзіця», — удакладніў беларус.
Першая іх мэта — вывучэньне мовы. «Мы да яе ідзём, бяз мовы на добрым узроўні цяжка займець добрую працу. Апроч мовы, тут ёсьць шмат варыянтаў пацьвердзіць дыплём, прайсьці курсы, атрымаць адукацыю. Спэктар даволі шырокі, калі ведаеш мову», — кажа Аляксей.
«Шкадуем, што мы ня дома, што страцілі сацыяльнае кола — сяброў, сваякоў»
Аляксей не шкадуе пра свой учынак. Але, натуральна, сям’я шкадуе, што яны ня дома, што страцілі сацыяльнае кола стасункаў — блізкіх, сваякоў.
«Матэрыяльнае ў нас на другім пляне. Шкада, што рассыпаліся вось гэтыя ланцужкі, твой сьвет, у якім ты жыў, ён не з табой. Стасункі праз інтэрнэт — гэта ня тое. Вядома, хацелася б вярнуцца дахаты. Вядома, нам цяжка, як бы ні было добра матэрыяльна, бо ў гэтым пляне ў нас сытуацыя лепшая, чым у многіх людзей», — кажа Аляксей.
Яны жывуць у невялікім горадзе, беларусаў тут больш няма.
Былыя калегі не падтрымліваюць зь ім стасункаў.
«Яны адразу ж тады, у 2020-м, спынілі стасункі са мной, я стаў для іх „таксычным“. Хоць раней мы блізка стасаваліся. Але я іх не папракаю. Яны гэта рабілі са страху, а не зь нязгоды з маімі поглядамі», — кажа былы судзьдзя.
«Цяперашнія суды часам — не пра правасудзьдзе, а пра зьвядзеньне рахункаў, помсту»
Аляксей кажа, што яго хвалюе закрытасьць амаль усіх палітычных працэсаў.
«Гэта прыкмета адсутнасьці галоснасьці, грамадзкага кантролю, але ж галоснасьць — адзін з прынцыпаў судовага працэсу. Пры „нармальным“ судзе можна толькі пэўныя працэсы рабіць закрытымі, дый тое можна „закрыць“ толькі частку працэсу, а ня ўвесь. Цяжка гаварыць пра справядлівасьць і аб’ектыўнасьць. Вядома, кожнае рашэньне трэба індывідуальна пераглядаць, але з пункту гледжаньня абываталя справядлівымі суды называць не выпадае», — разважае Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі закон аб завочных судах над эмігрантамі, якія прадугледжваюць канфіскацыю маёмасьціЁн пакуль ня ведае, як менавіта будуць праходзіць завочныя суды над «экстрэмістамі» У беларусаў-эмігрантаў на завочных судовых працэсах плянуюць канфіскоўваць маёмасьць, але сам былы судзьдзя яшчэ ня бачыў нормаў заканадаўства.
«Дзівіць тое, што яны цяпер кажуць пра канфіскацыю маёмасьці, але такая мера была выключана з заканадаўства. Аднак, ведаючы, як працуе гэтая сыстэма, — прыдумаюць нейкія варыянты, канечне. Да 2020 году суды ішлі па шляху дэкрыміналізацыі і ўніфікацыі заканадаўства, рабілі тое, што раяць міжнародныя інстытуты, права. І потым такія рэзкія манэўры. Гэта нейкая „чрезвычайщина“. Гісторыя не пра правасудзьдзе, а пра зьвядзеньне рахункаў, помсту», — лічыць былы судзьдзя.
«Зьнешне ў Беларусі спакойна, але людзі кажуць, што ўнутры адчуваецца поўнае разбалянсаваньне мэханізмаў»
Аляксей кажа, што ягоная сям’я жыве фактам, што яны ў Нямеччыне надоўга.
«Гэта стратэгія самазахаваньня. Таму што калі будзеш сядзець і казаць: „Мы заўтра едзем дахаты“ — гэта самаразбуральна. Ты ня будзеш разьвівацца, нешта рабіць, проста будзеш сядзець і чакаць, губляць час. Калі нешта зьменіцца, тады будзем думаць. Перамены ў Беларусі — непазьбежны працэс. Але гэта пытаньне часу. Я размаўляю зь людзьмі ў Беларусі. Яны кажуць, што зьнешне ўсё спакойна, такі маналіт і стабільнасьць. Але ўнутрана — адчуваньне коркі над балотам, поўнага разбалянсаваньня мэханізмаў. Нейкіх пазытыўных адчуваньняў у людзей няма. Рана ці позна гэтая стабільнасьць трэсьне і пасыплецца. Пытаньне, як доўга гэта ўсё працягнецца. Чым больш часу гэта зойме, тым менш людзей вернецца. Асабліва калі ў сем’ях ёсьць дзеці, якія пайшлі тут вучыцца, знайшлі сяброў. Гэта гады псыхаэмацыянальнага разьвіцьця. Празь дзесяць гадоў дзеці скажуць на прапанову ехаць дамоў — „Наш дом тут!“», — разважае Аляксей.
Пакуль у плянах сям’і Пацко — здаць увосень іспыты зь нямецкай мовы і распачаць пошукі вучобы і працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне прапанавалі: „Заўтра давай усім па 15 сутак“». Шчыры аповед былога судзьдзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрыць агонь!» і пагроза вялікіх тэрмінаў. Асноўныя пытаньні да рэзананснай «пінскай справы»