Кіеў пра абвінавачаньні Amnesty International: «Гэта стварэньне хлусьлівай рэальнасьці»

Зруйнаваныя расейскім войскам будынкі ў Жытоміры, ілюстрацыйнае фота

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла ўкраінскую армію ў разьмяшчэньні сваіх базаў на тэрыторыі школ і мэдычных установаў, што стварае небясьпеку для цывільнага насельніцтва. У Кіеве адказалі.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба назваў заяву Amnesty International несправядлівай:

«Такія паводзіны Amnesty International — гэта не аб пошуку і данясеньні праўды сьвету, гэта аб стварэньні фальшывага балянсу паміж злачынцам і ахвярай, паміж краінай, якая зьнішчае сотнямі і тысячамі мірных жыхароў і цэлыя гарады, — і краінай, якая адчайна абараняе сябе, ратуючы свой народ і цэлы кантынэнт ад гэтага націску».

Дзьмітро Кулеба

Дзьмітро Кулеба заклікаў не займацца «стварэньнем хлусьлівай рэальнасьці, дзе кожны ў вас хоць крыху ў нечым вінаваты».

«Займіцеся данясеньнем праўды, сыстэмнай, маштабнай праўды пра тое, чым ёсьць сёньняшняя Расея», — заклікаў ён.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што праваахоўныя органы Ўкраіны гатовыя вывучыць доказы міжнародных арганізацый аб ваенных злачынствах украінскіх вайскоўцаў, калі яны сапраўды мелі месца, як сьцьвярджаюць у арганізацыі Amnesty International.

Ганна Маляр

«Такія дасьледаваньні ня ўлічваюць шэраг фактараў. Напрыклад, тое, што расейцы выкарыстоўваюць тактыку захопу і ўтрыманьня населеных пунктаў, і пакуль мы будзем чакаць расейскага ворага ў полі, як гэта часам нехта нам раіць, то яны зоймуць усе нашыя будынкі. Таму ўкраінскія гарады і вёскі ўмацоўваюць і абараняюць ад міжнароднага злачынца, ад дзяржавы-злачынца, якой зьяўляецца Расейская Фэдэрацыя», — заявіла Ганна Маляр на брыфінгу 4 жніўня ў Кіеве.

Паводле яе, разьмяшчэньне падразьдзяленьняў супрацьпаветранай абароны для прыкрыцьця неба над населенымі пунктамі адбываецца па прынцыпе мэтазгоднай эфэктыўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Украінскае войска выкарыстоўвае школы і лякарні для сваіх базаў, Расея абстрэльвае жылыя раёны з забароненай зброі

«Сілы абароны Ўкраіны супольна з вайсковымі адміністрацыямі і органамі мясцовага самакіраваньня рэгулярна заклікаюць мясцовае насельніцтва і праводзяць эвакуацыю з раёнаў, прылеглых да [месцаў вядзеньня] баявых [дзеяньняў]. Усім надаюцца роўныя правы на добраахвотнай аснове на перамяшчэньне ў бясьпечныя рэгіёны. Але ня ўсе мірныя жыхары на гэта пагаджаюцца», — падкрэсьліла намесьніца міністра абароны Ўкраіны.

Ганна Маляр дадала, што ў справаздачы Amnesty International адсутнічае «аналіз дзеяньняў Расеі, а гэта падобна да ацэнкі дзеяньняў ахвяры без уліку дзеяньняў узброенага гвалтаўніка».

«Атрымаць аб’ектыўныя высновы пры такім падыходзе проста немагчыма», — мяркуе яна. Паводле яе, такія справаздачы скажаюць рэальную карціну міжнароднага злачынства, якім зьяўляецца агрэсія Расеі супраць Украіны.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны лічыць, што першасным для міжнародных экспэртаў павінны стаць патрабаваньні да Расеі спыніць агрэсію, а не парады Ўзброеным сілам Украіны, якія «сёньня абараняюць сабой Эўропу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Расея датычная да ваенных злачынстваў пад Кіевам

«Расея ня спыніцца на тэрыторыі Ўкраіны, таму ў гэтай сытуацыі я кажу: Украіна гатовая да расьсьледаваньняў, і мы іх праводзім, але мы лічым, што ключавым патрабаваньнем да ўсяго сьвету павінны стаць дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі, якія зьяўляюцца пагрозай для ўсяго сьвету», — падкрэсьліла Ганна Маляр.

Міжнародная няўрадавая праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла ўкраінскую армію ў разьмяшчэньні сваіх базаў на тэрыторыі школ і мэдычных установаў, што стварае небясьпеку для цывільнага насельніцтва. У сваёй справаздачы экспэрты Amnesty International назвалі сама меней 16 населеных пунктаў Харкаўскай, Мікалаеўскай і Данецкай абласьцей, дзе былі зафіксаваныя такія факты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакуе Харкаў і Крывароскі раён, Украіна працягвае ліквідоўваць расейскія склады

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.