Цягам трэцяга жніўня расейскія сілы абстралялі 30 населеных пунктаў Украіны. Загінулі 16 мірных жыхароў, дзясяткі атрымалі раненьні. У ноч на 4 жніўня расейцы абстралялі населеныя пункты ў 9 абласьцях Украіны. З самай раніцы пэрыядычна гучыць паветраная трывога ў Запароскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Мікалаеўскай абласьцях.
Пэрымэтар абстрэлаў і баявых дзеяньняў застаецца нязьменным — Расея спрабуе выйсьці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласьці і замацавацца на поўдні — у Херсонскай і Запароскай абласьцях.
Украінскія сілы з пачатку чэрвеня канцэнтруюцца на зьнішчэньні лягістыкі для забесьпячэньня расейцаў — складоў з боепрыпасамі і апорных пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз абстрэлы Расеі з пачатку вайны бяз даху над галавой засталіся больш за 3,5 мільёна ўкраінцаўМікалаеў зноў абстралялі а 4-й раніцы
У Мікалаеве расейскія снарады трапілі ў жылыя будынкі — пашкодзілі дах і выклікалі пажар. Яшчэ некалькі ракет упалі на праезную частку вуліцы і тратуар. Папярэдне ўлады кажуць, што людзі не пацярпелі.
У Ачакаве Мікалаеўскага раёну пашкодзілі электрападстанцыю. Гэты раён разам з Баштанскім расейцы стала абстрэльваюць ужо цягам тыдня. Трэцяга жніўня раненьні атрымалі двое цывільных. Шмат пашкоджана жылых будынкаў і тэрыторый між вёскамі. Абстрэлы заўсёды выклікаюць вялікія пажары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакуе Харкаў і Крывароскі раён, Украіна працягвае ліквідоўваць расейскія складыНа Данеччыне артылерыяй рыхтуюць новы наступ
Пад моцнымі абстрэламі, якія раўняюць усю інфраструктуру з зямлёй, знаходзяцца ключавыя для ўкраінскай абароны населеныя пункты ў Данецкай вобласьці — Аўдзееўка, Пяскі, Бахмут, Салядар, Сіверск. Для гэтага расейцы выкарыстоўваюць ня толькі артылерыю, але і авіяцыю.
Аднак, як сьцьвярджаюць у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны (і гэта пацьвердзілі экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны), нягледзячы на такі інтэнсіўны наступ, расейцы вымушаны былі адступіць на чатырох кірунках — пад Славянскам, Краматорскам, Бахмутам і Аўдзееўкай.
Днём 4 жніўня стала вядома, што ў выніку масавага абстрэлу Тарэцка, які распачаўся аб 11-й, загінулі 8 і яшчэ 4 мясцовых грамадзян атрымалі раненьні, у тым ліку тры дзіцяці. Снарад пацэліў у прыпынак грамадзкага транспарту, дзе ў той момант была вялікая колькасьць людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларускім войску вельмі шмат расейцаў у беларускай форме», — украінскі палітоляг пра тое, ці можа Беларусь рыхтаваць напад на ЎкраінуАднавілася атака на Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласьці
Нікапаль знаходзіцца на мяжы Днепрапятроўскай і Запароскай абласьцей, абстрэл гэтага гораду ажыцьцяўляецца з акупаваных тэрыторый Запарожжа.
Улады Днепрапятроўшчыны сьцьвярджаюць, што ў ноч на 4 жніўня расейцы выпусьцілі на горад 60 ракет з «Градаў» — адзін жылы будынак зьнішчаны цалкам, яшчэ 50 пашкоджаныя. Зачапіла тры дзясяткі гаспадарчых пабудоў і мясцовую электрастанцыю. Улады высьвятляюць, ці ёсьць людзкія ахвяры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ты разумееш, для чаго ты тут, ня думаеш пра сьмерць». Беларус з Ізраілю ваюе ў выведцы на перадавойРасея рыхтуецца да наступу на Харкаў
На харкаўскім кірунку расейскія войскі зрабілі некалькі спроб наступу ў 40-кілямэтровым поясе Харкава — у Ізюмскім, Чугуеўскім і Харкаўскім раёне. Артылерыю на акупаваных тэрыторыях рэгіёну падтрымалі зь Белгародзкай вобласьці Расеі.
У выніку абстрэлаў шмат пашкоджаньняў жылога сэктару і прадпрыемстваў.
Мінімум чацьвёра цывільных атрымалі раненьні і адзін загінуў. Улады кажуць, што сярод загінулых — адзін грамадзянін Расеі.
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што бесьперапынныя артылерыйскія ўдары на захад ад Ізюму сьведчаць пра намер Расеі стварыць умовы для наступу на захад па лініі Ізюм — Славянск далей, да Харкаўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН накіруе місію для расьсьледаваньня гібелі ўкраінскіх ваеннапалонных у калёніі ў АленаўцыБаі пад Херсонам не спыняюцца
Улады Херсонскай вобласьці паведамляюць, што сытуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай. Цягам апошніх 24 гадзін ішлі цяжкія баі, а выбухі чулі практычна ва ўсіх грамадах рэгіёну.
Штодзень зьяўляецца інфармацыя аб атрыманьні раненьняў мясцовымі жыхарамі, а таксама аб затрыманьні расейцамі актывістаў у акупаваных населеных пунктах, а самі вёскі вельмі моцна разбураныя.
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што пасьля абстрэлу ўкраінскім войскам транспартных вузлоў на акупаванай Херсоншчыне Расея пачала ўсталёўваць на мастах пірамідальныя радыёлякацыйныя адбівальнікі, каб схаваць масты ад абсталяваньня для навядзеньня ракет.
«Гэта падкрэсьлівае пагрозу, якую Расея адчувае ў сувязі з тым, што павялічылася далёкасьць і дакладнасьць сыстэм», — адзначылі ў брытанскай выведцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць уцекачоў за час вайны Расеі супраць Украіны перавысіла 10 млн чалавекВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.