«Скапіяваў дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян». Жыхара Віцебску асудзілі на 4,5 года калёніі
У Віцебскім абласным судзе на чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі 35-гадовага мясцовага жыхара Паўла Нікіценку, паведамляе «Вясна». У закрытым рэжыме яго асудзілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі. Справу разглядаў судзьдзя Яўген Буруноў, падрабязнасьці не вядомыя.
Паведамляецца, што работнік разьлікова-касавага цэнтру ў Віцебску за тры гады скапіяваў з інфармацыйнай сыстэмы пэрсанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі. Таксама ён нібыта быў адміністратарам «дэструктыўнага» тэлеграм-канала і разьмяшчаў у інтэрнэце інфармацыю, якая зьмяшчае: заклікі, указаньні і навучаньні пабуджальнага характару аб зьдзяйсьненьні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак; абразы ў адрас Лукашэнкі і старшыні ЦВК, інструкцыю па зьдзяйсьненьні супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да міліцыянтаў.
Праваабаронцам вядома, што пры затрыманьні Паўла Нікіценку моцна зьбілі і здароўе ён да гэтага часу не аднавіў.
Затрыманьні ў Пінску
Берасьцейскай «Вясьне» паведамляюць пра затрыманьні, якія ўчора адбыліся ў Пінску. Затрымалі ня менш за 5 чалавек, сярод іх тыя, каго раней ужо неаднаразова затрымлівалі: Алесь Рамановіч, Дзяніс Сядых.
У людзей зладзілі вобшукі. Аднаму з затрыманых, меркавана, пагражае крымінальны артыкул «за распальваньне варожасьці».
2 тыдні таму «зачысткі» праходзілі ў іншых гарадах Берасьцейскай вобласьці — Янаве і Драгічыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Драгічыне і Янаве пасьля абвяшчэньня пра перасоўваньні вайсковай тэхнікі адбыліся масавыя затрыманьні актывістаўЗатрымалі дырэктарку турагенцтва «Віяполь» Галіну Патаеву
У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя пра затрыманьне ў Менску кіраўніцы турыстычнага агенцтва «Віяполь», выкладчыцы катэдры эканамічнай геаграфіі БДУ Галіны Патаевай, заўважыла «Наша Ніва».
Жанчыне закідаюць удзел у пратэстах 2020 году. Яна, па словах сілавікоў, «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваньнем экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама ў яе на старонках у сацыяльных сетках нібыта былі лягатыпы незалежных СМІ і нацыянальная сымболіка. На відэазапісе, які апублікавалі сілавікі, яна кажа, што ў жніўні-кастрычніку 2020 году ў сваіх сацсетках разьмяшчала матэрыялы Радыё Свабода і Белсату.
Кампанія «Віяполь» ладзіла беларускамоўныя экскурсіі.
У Горадні судзяць пэнсіянэра
У судзе Ленінскага раёну Горадні 2 жніўня пачаўся разгляд справы 70-гадовага пэнсіянэра зь Нясьвіжа Васіля Дземідовіча, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дземідовіча абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза судзьдзі альбо народнага засядацеля ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім правасудзьдзя), ч. 1 арт. 368 (публічная абраза прэзыдэнта) і ч. 1 арт. 293 (падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, збройным супрацівам прадстаўнікам улады).
Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч.
Паводле сьледзтва, 70-гадовы Дземідовіч зь верасьня 2021 па студзень 2022 году разьмяшчаў у тэлеграм-каналах паведамленьні з абразамі прадстаўнікоў улады, у тым ліку вышэйшых службовых асоб. Таксама ён нібыта выказваў пагрозы прымяненьнем гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўнай і судовай сыстэм, пры гэтым публічна іх зьневажаючы. Сьледчыя зафіксавалі каля 60 такіх фактаў.
Вядома таксама, што Васіля Дземідовіча ўжо каралі за ўдзел у акцыях пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу актывіста БСДП Ледніка за паклёп на Лукашэнку перадалі ў суд. У турме яму зрабілі апэрацыюНа фэстывалі Viva Braslav затрымалі «за дэманстрацыю экстрэмісцкай сымболікі»
Праўладныя тэлеграм-канал паведамляюць пра затрыманьне Міхаіла Тарлоўскага. Яны называюць хлопца анархістам і пішуць, што падчас Viva Braslav ён хадзіў бяз майкі, таму міліцыянты і заўважылі «экстрэмісцкія» тату — сярод іх сымбаль анархізму (літара «А»), «АСАВ», герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сьцяг, «1918 БНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: справа супраць распрацоўніка праграмы дэананімізацыі сілавікоў пайшла ў суд; 2 гады калёніі за камэнтарЗатрыманьне ў Магілёве
У Магілёве затрымалі работнка «Магілёўліфтмашу» Сяргея Балашэнку. Супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ палічылі, што Сяргей Балашэнка нібыта распаўсюджваў матэрыялы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», паведамляе @MAYDAYMog.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэсту пракурора дзьвюм сёстрам з Горадні замянілі «хатнюю хімію» на калёнію. А яны больш за год жывуць за мяжой