Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Драгічыне і Янаве пасьля абвяшчэньня пра перасоўваньні вайсковай тэхнікі адбыліся масавыя затрыманьні актывістаў


Супрацоўнікі АМАПу. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі АМАПу. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля абвяшчэньня ў двух раёнах Берасьцкай вобласьці, якія мяжуюць з Украінай, пра рух вайсковай тэхнікі, зьявілася інфармацыя пра масавы перасьлед у рэгіёне актывістаў і тых, каго раней прыцягвалі да адказнасьці ў палітычных справах.

На працягу апошніх двух дзён праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні і ператрусы ў Янаве і Драгічыне.

На гэты момант вядома пра затрыманьні Андрэя Беленькага (былога намесьніка начальніка Янаўскага РАУС, які звольніўся зь міліцыі яшчэ да выбараў 2020 году), мясцовага жыхара Андрэя Дражына (у 2020 годзе ён атрымаў штраф у 1160 рублёў за бел-чырвона-белую шыльду з назвай вуліцы, якая вісела на ягоным доме 6 гадоў), а таксама Дзьмітрыя Сянчука, Аляксандра Юшкевіча і Савіцкага.

Паводле «Вясны», затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і «Алмазу».

Таксама праваабаронцам стала вядома пра суды 14 ліпеня, якія прайшлі над затрыманымі напярэдадні Тамарай Падымакай (прысуд — 30 базавых штрафу), маці траіх непаўналетніх дзяцей Марынай Кіявец (прысуд — 29 базавых штрафу), Дзіянай Міховіч (прысуд — 15 дзён арышту).

Тамару і Марыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), Дзіяну — паводле арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што на Марыну Кіявец склалі тры пратаколы, таму могуць судзіць некалькі разоў запар — пасьля першага суду жанчыну адразу перазатрымалі.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі ў сваю чаргу, што ў Янаве праходзіць «шэраг адзінкавых затрыманьняў удзельнікаў „пляну Перамога“ ад польскіх спэцслужбаў, актывістаў пратэставых акцый 2020 году і аматараў пісаць гадасьці ў інтэрнэце».

Таксама пацьвердзілася інфармацыя пра тое, што міліцыянты застрэлілі сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хіміі» за два рэпосты зь інфармацыяй пра міліцыянтаў. Сілавікі пагражалі забіць жывёліну ўжо неаднойчы і ўчора мэтанакіравана застрэлілі хатняга гадаванца. Міліцыянты хацелі таксама застрэліць сабаку Марыны Кіявец, але тая змагла яго абараніць, піша «Вясна».

Берасцейскай «Вясне» стала вядома і пра сама меней 20 затрыманых у Драгічыне. Магчыма, затрыманьні працягваюцца, адзначалі праваабаронцы. Разам з тым узброеныя сілавікі ў цывільнай вопратцы правялі ператрусы і канфіскавалі знойдзеныя грашовыя сродкі. Тых, каго не засталі дома, шантажавалі праблемамі для сваякоў. Некаторыя ўжо атрымалі прысуды ў выглядзе «сутак» і штрафаў. Мяркуецца, сярод затрыманых — Андрэй і Ірына Малашыцкія.

Раней у двух раёнах Берасьцейскай вобласьці, якія мяжуюць з Украінай, аб’явілі пра рух вайсковай тэхнікі. На сайце Янаўскага райвыканкаму паведамлялі, што на тэрыторыі раёну праходзяць вайсковыя вучэньні. Мясцовая газэта Столінскага раёну пісала, што перамяшчэньні тэхнікі будуць з 15 па 20 ліпеня «ў сувязі з заняткамі ў баявой падрыхтоўцы». Пры гэтым Мінабароны Беларусі пра якія-небудзь вучэньні ў гэтых раёнах не паведамляла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG