Вырак у банкаўскіх колах ацэньваецца як нечаканы і палітычны, піша «Наша Ніва». Шматгадовага кіраўніка «Прыёрбанка» затрымалі на пачатку сакавіка, калі ён вярнуўся з Аўстрыі, дзе пастаянна пражывае.
«Запрасілі ў КДБ і ня выпусьцілі», — казалі выданьню ягоныя калегі.
Спачатку ў банкаўскай сфэры лічылі, што справа Касьцючэнкі зьвязаная з адной з ІТ-кампаній, дзе ён сузаснавальнік. Пазьней стала вядома, што асноўныя прэтэнзіі ляжаць у галіне «сыходу ад падаткаў».
Фармальна пытаньні ў сілавікоў выклікала легальная схема ашчаджэньня на падатках з дапамогай сыстэмы назапашвальнага страхаваньня «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў бяз выплаты падаходнага падатку.
«Гэта распаўсюджанае ў сьвеце назапашвальнае страхаваньне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансэрватыўна распараджаецца сродкамі, — клясычны пэнсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасьць па сканчэньні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пэнсію, то па дасягненьні гэтак званага „ўзросту дажываньня“.
Пры ўводзе грошай у гэтую сыстэму страхаваньня табе ня трэба плаціць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад працы ў банку.
Гэтым карыстаюцца ня толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае сьпісаньне», — лічаць суразмоўцы з банкаўскай сфэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенны камунізм не цярпіць багацеяў». Як беларускія ўлады атакуюць банкі«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочваньні супрацоўнікаў і мэнэджэраў. Маўляў, ты клясна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класьці табе на ашчаджальнае страхаваньне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч даляраў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэсьлю, легальная схема. Такім карысталіся дзясяткі, сотні тысяч людзей, усіх судзіць?» — расказалі выданьню банкіры.
Людзі зь бізнэсу, зь якімі размаўляла «Наша Ніва», мяркуюць, што ў справе Касьцючэнкі замяшаная палітыка.
Ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнэру Дзьмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Героі і ахвяры «плошчы Перамен»Сьледчыя «ByPol» прыводзілі доказы таго, што Дзьмітрый Баскаў разам з Натальляй Эйсмант знаходзіліся на «плошчы Перамен» падчас забойства 31-гадовага Рамана Бандарэнкі.
У інтэрнэце апублікаваныя запісы тэлефонных размоў чалавека з голасам, падобным да голасу Баскава, на гэтую тэму. Аднак Сьледчы камітэт і пракуратура не далі ходу расьсьледаваньню і, больш за тое, Аляксандар Лукашэнка прызначыў Баскава ў Савет Рэспублікі.
Акрамя таго, выданьне сьцьвярджае, што чула ад супрацоўнікаў «Прыёрбанка» вэрсію, што ў віну Касьцючэнку паставілі кантакты з Паўлам Латушкам.
«Нібыта на тэлефоне Касьцючэнкі знайшліся званкі ці то Латушку, ці то ад Латушкі. Але калі яны і гаварылі, то мы ж не ведаем пра што», — сказаў «Нашай Ніве» суразмоўца.
Павал Латушка пракамэнтаваў гэта так:
«Як міністар культуры я знаў многіх кіраўнікоў банкаў і кантактаваў зь імі: з Бабарыкам, Калаўрам, Касьцючэнкам, Мацюшэўскім і многімі іншымі. Што я магу быць у іх сьпісах кантактаў — адназначна. Але пасьля 2020 году я з Касьцючэнкам не камунікаваў», — сказаў Латушка, дапусьціўшы, што гэта ўкіды спэцслужбаў.
«У любым выпадку тут дадалося нешта асабістае, бо Лукашэнка Касьцючэнку ведае вельмі даўно, гэта вельмі паважаная фігура ў Беларусі. Калі ў разгар банкаўскага крызісу саджаюць кіраўніка аднаго з самых устойлівых банкаў, то тут адчуваецца, што справа не ва ўхіленьні ад падаткаў», — лічыць суразмоўца з банкаўскай сфэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: КДБ затрымаў кіраўніка «Прыёрбанку» Сяргея КасьцючэнкуУ розныя гады рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касьцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны.
56-гадовы ўраджэнец Вішнева Валожынскага раёну Сяргей Касьцючэнка стварыў «Прыёрбанк» у 1989 годзе. Банк стаў адным зь лідэраў банкаўскай сфэры Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі «Раффайзэн».
Касьцючэнка лічыцца «хросным бацькам» многіх дзяржаўных і прыватных бізнэсаў, якім даваў грошы на разьвіцьцё, маючы талент выяўляць тыя праекты, якія адназначна стрэляць.
Судзілі Касцючэнку ў Менскім гарадзкім судзе па 243 артыкуле КК у ч.2 старой рэдакцыі і ч. 1 новай рэдакцыі.
Судзьдзя — Сьвятлана Бандарэнка, менавіта яна адправіла ў калёнію журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у справе «нуль праміле»: журналістцы Барысевіч — 6 месяцаў пазбаўленьня волі, лекару Сарокіну — 2 гады з адтэрміноўкай