«Цукровы бум» дакаціўся і да Польшчы

Цэны на цукар у Польшчы вырасьлі амаль удвая. Але дэфіцыту не павінна быць.

З паліцаў польскіх крамаў зьнікае цукар. А калі зьяўляецца — ужо па новых цэнах: больш як 6 злотых за кіляграм, гэта ўдвая больш за тыя цэны, якія былі яшчэ месяц таму. Але чакаць зьніжэньня цэнаў на цукар ня варта, сьцьвярджаюць польскія вытворцы.

Апошні раз падобнае было 11 гадоў таму, калі цэны на цукар у польскіх крамах дасягалі 6 злотых.

Паводле зьвестак Галоўнай статыстычнай управы Польшчы, сярэдняя розьнічная цана 1 кіляграма цукру ў чэрвені 2021 году складала 2,77 злотага, у студзені 2022 году — ужо 3,37 злотага, а сёлета ў чэрвені — 3,92 злотага.

Тыдзень таму цукар у крамах пачаў зьнікаць. Калі зьяўляецца — каштуе ўжо ўдвая даражэй.

За месяц цукар падаражэў амаль удвая

У невялікай краме Merkus прадавачка з Украіны расказала, што ўчора цукар яшчэ быў, каштаваў каля 5 злотых, людзі скуплялі па 5–10 кіляграмаў. Спрабавалі сёньня замовіць на складзе — цукру пакуль няма. Жанчына пажартавала:

«Мабыць, яго выраблялі тут з нашых украінскіх цукровых бурачкоў, а цяпер няма з чаго».

У суседняй «Жабцы» цукар быў: звычайны белы цукар каштаваў 6,99 злотага, цукар трысьняговы — 8,99 злотага за палову кіляграма.

Некаторыя гандлёвыя сеткі (Biedronka, Netto) на пачатку тыдня ўвялі абмежаваньне на продаж цукру (да 5–10 кг у адны рукі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасадка ў сямейным бюджэце капітальная — мінус тысяча эўра ў месяц». Як шматдзетная сям’я беларусаў жыве ў Коўне

У папулярных сетках Biedronka, Carrefour, Lidl у сераду цукру ўжо не было. Не было і пустых паліцаў — іх проста заставілі іншай бакалеяй: крупамі, мукой, а прадаўцы адказваюць коратка: «Цукру няма».

Затое ажывіліся інтэрнэт-крамы і сэрвісы дастаўкі. На папулярнай польскай інтэрнэт-плятформе Allegro, дзе прадаецца літаральна ўсё, можна замовіць партыю ў 10 кг. Цэны вагаюцца ад 79 да 99 злотых за 10 кіляграмаў.

У буйной інтэрнэт-краме дастаўкі Frisco самы танны «cukier królewski biały» каштуе 6,55 злотага за кіляграм.

Такім чынам, за апошні месяц цукар у Польшчы падаражэў больш як удвая.

Вярнуцца да леташніх цэнаў ня ўдасца, але дэфіцыту цукру ня будзе

Паводле польскіх экспэртаў, вярнуцца да леташніх цэнаў на цукар ня ўдасца.

«Кошт працы, гэта значыць выкопваньня буракоў з поля, вырасьце на 50 працэнтаў. У фэрмэраў на 50% узрасьлі цэны на паліва, іншыя выдаткі на сельскагаспадарчую дзейнасьць павялічыліся на 40%, плюс цэны на ўгнаеньні вырасьлі ў тры разы. Цукровыя заводы дададуць да вытворчасьці цукру вышэйшыя выдаткі на энэргію, даражэе таксама ўпакоўка», — кажа ў інтэрвію выданьню Wiadomosci.wp.pl Рафал Страхота, дырэктар Нацыянальнай асацыяцыі вытворцаў цукровых буракоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагія цукар і алей, танныя клубніцы і памідоры». Колькі каштуе беларусам жыць у Батумі

Па словах экспэрта, у цане кіляграма цукру кошт буракоў дагэтуль складаў 80 грошаў, але пасьля сёлетняй бураковай кампаніі (якая пачнецца ў верасьні) ён вырасьце да 1,50 злотага. Год таму цукровыя заводы плацілі аграрыям 22 эўра за тону буракоў, сёлета — 40 эўра за тону.

«Усё гэта сьведчыць аб тым, што цэны на цукар могуць не вярнуцца да ранейшага ўзроўню. Не бяруся ацэньваць кошт кіляграма пасьля сёлетняга ўраджаю буракоў. Шмат што залежыць ад саміх вытворцаў цукру», — дадае дырэктар Нацыянальнай асацыяцыі вытворцаў цукровых буракоў спадар Страхота.

Польскія гандляры пачалі імпартаваць цукар зь Нямеччыны, дзе, нягледзячы на розьніцу ў заробках грамадзян гэтых краінаў, цэны ніжэйшыя, чым у Польшчы.

Паводле экспэртаў, падставаў для «цукровай панікі» няма. Што да вытворчасьці цукру, Польшча — краіна самадастатковая: вырабляе больш за 2 мільёны тон у год, а спажывае каля 1,7 мільёна тон, розьніца ідзе на экспарт. Павышэньне цэнаў можна аднесьці да тэндэнцый на эўрапейскіх і сусьветных рынках, дзе цэны на цукар таксама растуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нідзе не знайсьці цукру». Ці пагражае Беларусі дэфіцыт салодкага? Разьбіраемся