Фігурантамі справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» зьяўляюцца пяцёра — Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.
Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка.
Спачатку была інфарамцыя, што суд будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, але адразу пасьля пачатку дачка Кастусёва Кацярына напісала:
«Паседжаньне афiцыйна зроблена адкрытым! У каго ёсць жаданьне i магчымасьць, а 14 гадзiне пад’яжджайце. Будынак Менскага раённага суду на Маякоўскага».
БелТА паведаміла, што Аляксандр Фядута пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня прызнаў віну ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады:
«Віну ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам я прызнаю». Выданьне Sputnik удакладніла, што Аляксандар Фядута прызнаў віну «часткова».
Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар Шчыгельскі пра зьліў запісу Zoom зь Фядутам, Зянковічам, Кастусёвым: «Свае ня здраджвалі»Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.
Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
Што гавораць сваякі пра справу і здароўе абвінавачаных
«Мы ведаем, як у Беларусі працуе судовая сыстэма, таму добрых чаканьняў ад працэсу ў мяне няма. Думаю, справу будуць разглядаць ня хутка і канкрэтна Рыгору Кастусёву дадуць восем гадоў», — заявіў BPN зяць партыйнага лідэра Дзьмітры Антончык (паводле арт. 357 — ад 8 да 12 гадоў).
Летась у красавіку яго, як і цесьця, затрымалі ў Шклове — мяркуецца, гэта было зьвязана з «падрыхтоўкай замаху» на Аляксандра Лукашэнку. Антончыка ў выніку адпусьцілі, і ён пакінуў Беларусь. Зяць Кастусёва пагадзіўся з думкай, што ўсё «злачынства» яго заключаецца ва ўдзеле ў адным стрыме зь іншымі абвінавачанымі ў справе:
«Падобна, што менавіта так. Праўда, я ня ведаю, што ён гаварыў на допытах у першыя дні пасьля затрыманьня. Але ўпэўнены: на рэальную змову з замахам Кастусёў бы ніколі не пайшоў. Ён чалавек асьцярожны, абачлівы».
«Наогул уся гэтая справа больш падобная на спэцапэрацыю спэцслужбаў — расейскіх ці беларускіх, розьніцы паміж імі ўжо асабліва не відаць. Яны раскрылі „змову“, напісалі даклад і падсунулі яе Лукашэнку. Той паддаўся на правакацыю, быў закрануты за жывое, паверыў ва ўсю гэтую лухту. Нарабіў эмацыйных заяў. Думаю, потым наверсе ва ўсім разабраліся, але ўключаць задні ход сыстэма ня ўмее».
Паводле Антончыка, фізычна цесьць пачуваецца нашмат лепш, чым раней.
«Былі праблемы са сьпінай, але болевыя адчуваньні ўдалося зьняць уколамі. Што да анкалягічнага захворваньня, то тут таксама дапамагаюць уколы, якія мы яму перадаём. Яны прыбіраюць непрыемныя сымптомы і запавольваюць разьвіцьцё хваробы», — паведаміў сваяк лідэра Партыі БНФ.
Ацаніць маральны стан Кастусёва ён ня ўзяўся:
«Тут мне складана нешта сказаць. Чытаю лісты — яны падобныя адзін да аднаго. Нават узьнікае адчуваньне, што яму няма пра што пісаць. А так цяжка, вядома. Усё ж такі доўга час у інфармацыйным вакууме. І з разуменьнем, што ніякага справядлівага суду ня будзе і ўсё ўжо прадвызначана».
Жонка Фядуты Марына Шыбко паведаміла ў чэрвені, што яе муж напісаў першы ад школьных часоў верш па-беларуску, але не працытавала яго, бо ён меў «асабістыя матывы».
Пэўны час Фядуту не даходзілі лісты ні ад кога, апрача жонкі, але затым літаратуразнаўца ўжо дзякаваў усім, хто напісаў яму і чые лісты яму перадалі. Таксама Фядута за кратамі займаўся літаратуратуразнаўчымі дасьледаваньнямі і пісаў п’есы.
Аляксандар Фядута за кратамі змагаўся з наступствамі арытміі і пнэўманіі, празь якія перанёс шмат уколаў. У сярэдзіне сьнежня ў Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасьць. У красавіку ўпершыню за тры месяцы ён змог паспаць на правым баку і паляжаць на сьпіне. Гэта было ўжо праз год пасьля арышту.
Пра здароўе адваката Юрася Зянковіча, затрыманага разам зь імі, даўно нічога не вядома.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.