Паводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, Ганна Пушкарова зблізілася з палітычным кіраўніцтвам Беларусі больш за 10 гадоў таму. Яшчэ ў 2010 годзе, падчас вучобы на 3-м курсе Акадэміі мастацтваў, 20-гадовая Пушкарова лятала разам з Аляксандрам Лукашэнкам у Цюрых.
Журналісты высьветлілі, што пасьля гэтага пералёту муж сястры Пушкаровай уладкаваўся працаваць у Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. А яе сястра Юлія Брыгадная апошнія гады працавала ў кампаніі «АдамасІнвэст», якою празь «Беларусьгандаль» валодае Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.
Пачынаючы з 2012 году Пушкарова ўсё часьцей апыналася ў кампаніі Віктара Шэймана, які на той момант быў разьведзены.
Расьсьледнікі налічылі ў іх сама меней 10 сумесных паездак і пералётаў. У 2018 годзе ў Тэль-Авіве Пушкарова нарадзіла першынца, назвала яго Міхаілам, дала імя па бацьку Віктаравіч і запісала на сваё прозьвішча. Сярод спадарожнікаў маленькага Міхаіла ў ягоных пералётах расьсьледнікі не знайшлі Віктара Ўладзімеравіча Пушкарова, які пазначаны ў пасьведчаньні аб нараджэньні хлопчыка. У беларускай пашпартнай базе чалавека з такімі зьвесткамі няма. Але Віктар Уладзімеравіч Шэйман падарожнічаў у кампаніі Ганны Пушкаровай і яе сына 25 жніўня 2019 году.
Паводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, ужо праз два месяцы пасьля першага палёту ў 2012 годзе з Шэйманам у ААЭ ўчорашняя студэнтка Пушкарова стала ўладальніцай кватэры на вуліцы Харужай у Менску цаной 240 тысяч даляраў. А пасьля нараджэньня сына яна стала гаспадыняй дома ў вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёну за 60 тысяч даляраў. І суседкай Віктара Шэймана. Участак набылі на аўкцыёне ў 2017 годзе разам яшчэ з адным, побач, у 25 сотак. На гэтым кавалку зямлі Шэйман пабудаваў сабе асабняк агульнай плошчай 547 квадратных мэтраў і коштам мінімум 350 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol прэзэнтаваў расьсьледаваньне пра «вайсковую кампанію» ШэйманаПаводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, акрамя нерухомасьці, Ганна валодала і іншымі актывамі, напрыклад кампаніяй «Глобалкастам», якая займалася кантрабандай санкцыйных тавараў зь Беларусі ў Расею, а таксама рээкспартам кветак і пастаўкамі адзеньня. З «Глобалкастама» вырасьлі «Глобалкастам-мэнэджмэнт» і «Глобалкастам-камэрс». Пасьля Пушкаровай іх уладальнікамі сталі Яўген Жоўнер, Аляксандар Раманоўскі і Антон Новік. З дадзеных «Кібэрпартызанаў» расьсьледнікі даведаліся, што Раманоўскі і Новік — былыя супрацоўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі, а Жоўнер працаваў у Адміністрацыі і Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта. Толькі за 2020–2021 гады выручка «Глобалкастам-камэрс» склала больш за паўмільярда беларускіх рублёў (ці больш за 200 млн эўра).
У 2022 годзе «Глобалкастам-мэнэджмэнт» зьмяніла назву на «Ардазавод». За паўтара года да гэтага яна атрымала ліцэнзію ад Мінфіну на апрацоўку, выраб і гандаль каштоўнымі мэталамі і камянямі і адкрыла сваю краму побач з будынкам МУС у Менску. Да яе ж у 2017 годзе перайшоў брэнд «Беларускія брыльянты», якім раней валодаў «АдамасІнвэст», дзе працавала сястра Пушкаровай Юлія Брыгадная. Цяпер «АдамасІнвэст» у працэсе ліквідацыі.
Паводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, у 2019 годзе «Глобалкастам-мэнэджмэнт», саўладальнікам якога тады яшчэ была Ганна, стварыў кампанію «БелСек'юрыціГруп». У студзені 2020 году яна зьмяніла назву на «ГардСэрвіс», а ў чэрвені таго ж году Аляксандар Лукашэнка зрабіў яе першай прыватнай ахоўнай арганізацыяй з правам прымяняць і захоўваць службовую зброю. У жніўні 2020 году «ГардСэрвісам» стаў валодаць Аляксандар Мятла, кіраўнік дабрачыннага фонду «Памяць Афгану». Зь Мятлой сябруе Шэйман, ён жа дапамагае фонду з моманту яго заснаваньня. І менавіта ў Мятлы ў 2017 годзе Шэйман купіў зямлю ў Падліпках, дзе цяпер жыве ў блізкім суседзтве з Пушкаровай і ейным малым сынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атачэньне Лукашэнкі таемна здабывае золата ў Афрыцы». Як журналісты раскрылі бізнэс-схемыБеларускі расьсьледніцкі цэнтар (Belarusian Investigative Center) — незалежны прадусарскі цэнтар, які спэцыялізуецца на расьсьледавальных жанрах журналістыкі. БРЦ — сябра Цэнтру дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP. Журналісты БРЦ станавіліся ляўрэатамі нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расьсьледаваньні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гг. На конкурсе «Вольнае слова» ў 2021 годзе прадстаўніца БРЦ заняла першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёзьненскі вартавы. 8 фактаў пра Віктара Шэймана