Расея аднаўляе пастаўкі газу ў Нямеччыну праз свой найбуйнейшы газаправод Nord Stream праз 10 дзён пасьля адключэньня, піша агенцтва dpa.
Вынікам спыненьня «Паўночнага патоку» стаў рэзкі рост цэнаў на паліва ў Эўропе.
Пры гэтым кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што ўжо ў ліпені пастаўкі газу па «Паўночным патоку» могуць скараціцца, і кампэнсаваць недахоп паставак ён прапанаваў запускам «Паўночнага патоку – 2». На мінулым тыдні Канада, насуперак пратэстам Украіны, вярнула Нямеччыне турбіну для газаправоду пасьля рамонту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін шантажуе Эўропу, каб тая запусьціла «Паўночны паток – 2»Эўразьвяз у сераду зацьвердзіў чарговы, сёмы пакет санкцый у дачыненьні Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Санкцыйны сьпіс апублікуюць сёньня, але ўжо вядома, што ніводны пакет санкцый ЭЗ не прадугледжвае эмбарга на расейскі газ.
Па словах прэм’ер-міністра Чэхіі Пэтра Фіялы, гэта зьвязана з тым, што шэраг краінаў ЭЗ моцна залежаць ад расейскага газу. Паводле яго, праблематычна ўводзіць абмежаваньні на імпарт энэрганосьбітаў, бо «неабходна прытрымлівацца правіла, згодна зь якім санкцыі павінны аказваць большы ўплыў на Расею, чым на краіны, якія ўводзяць санкцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін даўно рыхтаваўся да гэтай сытуацыі». Віталь Портнікаў пра шантаж холадам