Вялікая Брытанія
Аўторак стаў самым сьпякотным днём у гісторыі Вялікай брытаніі: тут зафіксавалі тэмпэратуру звыш +40. У Лёнданскім аэрапорце расплавілася частка ўзьлётнай паласы, расклад палётаў быў парушаны. Пацярпелі чыгуначныя шляхі на поўдні краіны.
Францыя
У Францыі палаюць лясныя пажары. На поўдзень ад Бардо агонь за тыдзень выпаліў больш як 200 квадратных кілямэтраў і вымусіў пакінуць свае дамы больш як 37 000 жыхароў.
Нямеччына
У Нямеччыне фіксуюць найвышэйшую за год тэмпэратуру — зывш 39 градусаў. У сераду сьпёка перасоўваецца на ўсход і паўднёвы ўсход краіны.
Гішпанія
На поўначы краіны тэмпэратура дасягнула +43. Пажары палаюць на тэрыторыі 140 тысяч гектараў. Спынілі чыгуначныя зносіны паміж Мадрыдам і Галіцыяй.
Партугалія
Гараць лясы. Пажылая пара пры спробе прарвацца праз агонь згарэла ў машыне. Зафіксаваная рэкордная тэмпэратура +47. Ад сьпёкі паміраюць людзі.
У чым прычына?
Паводле навукоўцаў, экстрэмальная сьпякота адпавядае пэўнай тэндэнцыі. Яны кажуць, што хвалі гарачыні ў Эўропе павялічваюцца па частаце і інтэнсіўнасьці хутчэй, чым у любой іншай частцы плянэты.
Глябальнае пацяпленьне адыгрывае ў гэтым сваю ролю, як і ў выпадках хваляў цяпла па ўсім сьвеце, бо тэмпэратура ў сярэднім павысілася прыкладна на 1,1 градуса ў параўнаньні з канцом ХІХ стагодзьдзя, калі прамысловыя выкіды газаў яшчэ толькі пачыналіся.
Аднак, апроч гэтага, існуюць і іншыя фактары, якія могуць зрабіць Эўропу цэнтрам гарачых хваляў. Некаторыя зь іх тычацца атмасфэрнай цыркуляцыі паветра і акіянаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лясных пажарах у Партугаліі пацярпелі 29 чалавекЦяперашнія пякельныя тэмпэратуры, якія абрынуліся на Англію, былі часткова выкліканыя вобласьцю нізкага ціску ля ўзьбярэжжа Партугаліі — тэрыторыі, разьмешчанай вышэй над узроўнем мора. Зона нізкага ціску мае тэндэнцыю прыцягваць да сябе паветра, таму яна цягне яго з Паўночнай Афрыкі на сябе і ў бок Эўропы. «Яна пампуе гарачае паветра на поўнач», — кажуць дасьледчыкі.
Таксама навукоўцы адзначаюць, што ўсё больш частыя хвалі сьпёкі ў Эўропе ўзьнікаюць, калі струменны паток паветра часова падзяляецца на 2 часткі, пакідаючы паміж двума рукавамі арэал слабага ветру і высокага ціску, што спрыяе назапашваньню экстрэмальна высокай тэмпэратуры. У Эўропе ўжо два тыдні трымаецца такая «падвойная плынь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне: зьмена клімату істотна ўплывае на надвор’еСярод магчымых прычынаў усё часьцейшых хваляў сьпёкі ў Эўропе навукоўцы называюць і пацяпленьне ў Арктыцы, якое адбываецца хутчэй, чым у іншых частках сьвету. Па меры таго, як Арктыка праграваецца, розьніца тэмпэратур паміж ёй і экватарам зьніжаецца. Гэта прыводзіць да памяншэньня летніх вятроў, у выніку чаго паветраныя сыстэмы надворʼя застойваюцца.
Анамальная сьпёка ў Эўропе высушвае глебу, таму, калі надыходзіць чарговая хваля гарачага паветра, мала што застаецца для выпарэньня з глебы. Таму сонечная энэргія будзе выпальваць паверхню і павялічваць тэмпэратуру, прадказваюць навукоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: зьмены клімату будуць катастрафічнымі