За Расею, за Ўкраіну, за нэўтралітэт — што і чаму выбіраюць беларусы?

Помнік Тарасу Шаўчэнку на фоне разбуранага дому ў Барадзянцы Кіеўскай вобласьці, 6 красавіка 2022

Падчас чэрвеньскага апытаньня гарадзкога насельніцтва Беларусі брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House трэці раз з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне задаў рэспандэнтам пытаньне аб тым, як, на іх погляд, павінна была дзейнічаць Беларусь пасьля пачатку ваенных дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тыя нямногія, хто выступае за ўдзел Беларусі ў вайне, не асабліва лічаць сябе беларусамі». А як беларусы ставяцца да вайны?

Мы пакажам, як адказы на гэтае пытаньне залежаць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык, палітычных пазыцый і геапалітычных пераваг рэспандэнтаў.

Сьцісла

  • Жанчыны менш, чым мужчыны, схільныя да падтрымкі і Расеі, і Ўкраіны ў вайне.
  • Моладзь радзей выступае за падтрымку Расеі ў вайне.
  • Чым вышэйшая адукацыя, тым больш прыхільнікаў Украіны і менш прыхільнікаў Расеі ў ваенным канфлікце.
  • У параўнаньні з прыхільнікамі іншых апазыцыйных палітыкаў, сярод тых, хто давярае Бабарыку, — самая высокая доля прыхільнікаў падтрымкі Расеі ў вайне.
  • У параўнаньні з прыхільнікамі іншых прадстаўнікоў улады, сярод тых, хто давярае Лукашэнку, — самая нізкая доля прыхільнікаў падтрымкі Расеі ў вайне.
  • Нават сярод тых, хто добра ставіцца да Расеі, менш за палову — за падтрымку Беларусьсю Расеі ў вайне.

Адказы на пытаньне пра выбар для Беларусі падчас вайны прадстаўленыя на графіку са справаздачы Chatham House.

Для спрашчэньня далейшага разгляду аб’яднаем некаторыя варыянты адказаў на пытаньне на графіку: варыянты адказу «Падтрымаць Расею, але не ўступаць у ваенны канфлікт», «Узяць удзел у ваенных дзеяньнях на баку Расеі», «Асудзіць Украіну, але не ўступаць у ваенны канфлікт» абʼяднаем у супольны адказ «Падтрымаць Расею», варыянты адказу «Асудзіць Расею, але не ўступаць у ваенны канфлікт», «Падтрымаць Украіну, але не ўступаць у ваенны канфлікт» і «Ўзяць удзел у ваенных дзеяньнях на баку Ўкраіны» — у супольны адказ «Падтрымаць Украіну».

Такім чынам, у чэрвеньскім апытаньні опцыю «Падтрымаць Расею» выбралі 30,3% апытаных, «Падтрымаць Украіну» — 21,9%, «За нэўтралітэт» — 23,5%, і 24,3% устрымаліся ад адказу.

Разгледзім цяпер, як адказы на пытаньне аб пажаданай палітыцы Беларусі ў вайне зьвязаныя з полам, узростам, адукацыяй і тыпам паселішча.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з полам, у %

Жанчыны значна радзей схільныя выказваць падтрымку якому б там ні было боку канфлікту, і значна часьцей — утрая часьцей, чым мужчыны — ухіляюцца ад адказу на гэтае пытаньне.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з узростам, у %

Характар сувязі ў гэтым выпадку складаны. З аднаго боку, пры пераходзе да групаў больш сталага веку раўнамерна павялічваецца доля прыхільнікаў Расеі ў вайне. З другога боку, найбольшая доля тых, хто выступае за падтрымку Ўкраіны ў канфлікце, — таксама сярод старэйшага пакаленьня. Відаць вельмі моцныя адрозьненьні ў адказах паміж дзьвюма моладзевымі групамі — 18–24 гадоў і 25–34 гадоў.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з адукацыяй, у %

Сувязь лінейная — чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым больш прыхільнікаў Украіны і менш прыхільнікаў Расеі. Асобы зь няпоўнай вышэйшай і больш высокай адукацыяй — адзіная адукацыйная група, у якой прыхільнікі Ўкраіны пераважаюць. Адначасна ў гэтай групе і самая вялікая доля прыхільнікаў нэўтралітэту. Чым вышэйшая адукацыя — тым менш адмоваў ад адказу.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Ўкраінай?» з тыпам паселішча, у %

Бачны выразны падзел паміж, з аднаго боку, жыхарамі сталіцы і абласных гарадоў, з другога — жыхарамі гарадоў меншых памераў. Толькі сярод менчукоў назіраецца балянс паміж прыхільнікамі падтрымкі Расеі і Ўкраіны, сярод жыхароў малых гарадоў першая група пераўзыходзіць другую больш як у 4 разы. Адначасна сярод жыхароў Менску і абласных цэнтраў доля прыхільнікаў нэўтралітэту вышэйшая, чым сярод астатніх гараджанаў.

У якасьці паказьніку палітычных поглядаў рэспандэнтаў возьмем давер да палітыкаў. Хоць узроўні даверу да большасьці зь іх невысокія, адпаведна невысокая і значнасьць адрозьненьняў у стаўленьні іх прыхільнікаў да вайны. Але некаторыя адрозьненьні ўражваюць.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з даверам да палітыкаў, у %

Як і можна было чакаць, тыя, хто давярае апазыцыйным палітыкам, больш схільныя да падтрымкі Ўкраіны, прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі і праўладных палітыкаў — да падтрымкі Расеі. Аднак варта заўважыць, што паводле гэтага паказьніку прыхільнікі Лукашэнкі — далёка ня самыя прарасейскія. Сярод тых, хто давярае яму, за падтрымку Расеі ў вайне — толькі каля паловы. Нават у ягонага былога прэмʼера Сяргея Румаса доля тых, хто падтрымлівае Расею ў вайне, — большая за палову. А ў дзейных чыноўнікаў гэтая доля проста зашкальвае.

Зь іншага боку, варта адзначыць, што сярод апазыцыйных палітыкаў найбольшым даверам, як і ў папярэдніх апытаньнях Chatham House, карыстаецца Віктар Бабарыка — яму давяраюць 36% апытаных. Аднак сярод тых, хто яму давярае, — найбольшая, у параўнаньні зь іншымі апазыцыянэрамі, доля прыхільнікаў падтрымкі Расеі ў вайне. Сярод тых, хто давярае Бабарыку, балянс прыхільнікаў Расеі і Ўкраіны ўсё роўна, як і ў іншых апазыцыянэраў, на карысьць Украіны, але ў найменшай ступені.

Самыя высокія долі прыхільнікаў падтрымкі Ўкраіны — сярод тых, хто давярае Вользе Карач і Зянону Пазьняку, самыя высокія долі прыхільнікаў нэўтралітэту ў канфлікце — сярод тых, хто давярае Віктару Бабарыку, Марыі Калесьнікавай, Сьвятлане Ціханоўскай і Паўлу Латушку.

Геапалітычны выбар рэспандэнтаў вымяраўся ў апытаньні некалькімі пытаньнямі. Найперш гэта пытаньне пра стаўленьне да замежных дзяржаў і іх саюзаў.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» са стаўленьнем да замежных краін і саюзаў дзяржаў, у %

Паводле апытаньня, пра добрае стаўленьне да Расеі заявіў 71% апытаных. Вышэй было адзначана, што толькі 30,3% ад усіх апытаных выказаліся за падтрымку Расеі ў вайне ў той ці іншай форме. Як бачым, выказалі гэтую падтрымку 43% ад тых, хто ставіцца да Расеі станоўча. Зь іншага боку, і сярод тых, хто выказаў добрае стаўленьне да Ўкраіны, далёка ня ўсе выказаліся за падтрымку яе ў вайне.

Кожны пяты з тых, хто добра ставіцца да Ўкраіны, нават падтрымлівае Расею ў вайне. Ня выключана, што ў дадзеным выпадку добрае стаўленьне да Ўкраіны — гэта добрае стаўленьне да «рускай Украіны», якую расейскія войскі «вызваляюць ад нацыстаў».

Дзіўным чынам самая высокая падтрымка Ўкраіны — сярод тых, хто добра ставіцца да ЗША. Сярод іх жа і самая высокая падтрымка нэўтралітэту.

У чэрвеньскім апытаньні Chatham House адказы на пытаньне пра найлепшы варыянт стасункаў Беларусі з Расеяй нязначна адрозьніваліся ад папярэдніх: траціна — за зону свабоднага гандлю, траціна — за эканамічны саюз без палітычнага, 13% — за эканамічны і палітычны з наддзяржаўнымі органамі, 5% — за ўваходжаньне Беларусі ў РФ.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з выбарам найбольш прымальных стасункаў з РФ, у %

Варта зьвярнуць увагу на тое, што балянс на карысьць Расеі — ня толькі сярод прыхільнікаў паглынаньня Беларусі Расеяй і палітычнага саюзу зь ёю, але і сярод прыхільнікаў эканамічнага саюзу без палітычнай інтэграцыі. Дзіўна, што доля прыхільнікаў падтрымкі Расеі ў вайне вышэйшая сярод прыхільнікаў палітычнага саюзу зь ёю, а не сярод адэптаў далучэньня Беларусі да РФ. Але справа ў тым, што сама па сабе доля тых, хто выступае за далучэньне Беларусі да Расеі, даволі малая. Таму ў рэальнасьці сярод іх адсотак прыхільнікаў расейскай вайны можа значна вагацца: калі на графіку гэта 58%, то ў рэальнасьці гэта можа быць ад 48% да 68%.

Але ў любым выпадку можна ўпэўнена сказаць, што сярод прыхільнікаў шчыльнай інтэграцыі Беларусі з РФ доля тых, хто выступае за падтрымку РФ у вайне, большая за 50%.

Нарэшце, пра выбар паміж двума спрадвечнымі геапалітычнымі «магнітамі» Беларусі.

Сувязь адказаў на пытаньне «Што варта было б зрабіць Беларусі пасьля пачатку ваенных дзеяньняў паміж Расеяй і Украінай?» з геапалітычным выбарам паміж ЭЗ і РФ, у %

На гэтым графіку зьвяртае на сябе ўвагу, што сярод прыхільнікаў інтэграцыі ва ўсе бакі пераважаюць усё ж прыхільнікі падтрымкі Расеі ў вайне. Балянс на карысьць Украіны — толькі ў прыхільнікаў адназначнага эўрапейскага выбару і сярод праціўнікаў далучэньня Беларусі да любых геапалітычных саюзаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.