Чытачы Свабоды паведамілі, што цукру не было ў Пінску:
«Звычайнага цукру няма, ёсьць толькі цукар-рафінад і некалькі пачкаў трысьняговага», — напісаў чытач.
Таксама пра адсутнасьць цукру пісалі жыхары Янава: «Нідзе не знайсьці цукру».
«Раніцай цукру не было, увечары цукар ужо быў, кошт 2,5 рубля», — паведаміў жыхар Берасьця.
А вось у Менску цукар быў, гэтаксама як і ў Віцебску.
Што з цукрам
Сьвежых дадзеных пра экспарт цукру зь Беларусі няма, але раней Беларусь экспартавала цукар у іншыя краіны. Напрыклад, за 2021 год беларускага цукру за мяжу прадалі на 112,8 мільёна даляраў. Аднак гэта менш на 25,7%, чым за 2020 год, падлічвае Белстат.
Згодна з статыстыкай, на складах сетак розьнічнага гандлю ў студзені-сакавіку гэтага году цукру і яго замяняльнікаў было 9172 тоны. Гэта амаль удвая болей, чым у мінулыя тры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод перажыў дзьве вайны, але збанкрутаваў пры Лукашэнку. Што адбываецца зь беларускімі прадпрыемстваміШто да складзкіх запасаў прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукты харчаваньня (у тым ліку цукар), то на 2021 год іх было на 1,1 мільярда рублёў, што таксама больш, чым у 2020 годзе.
Што з цукровымі заводамі
У Беларусі чатыры цукровыя заводы. У 2020 годзе розгалас набыла «цукровая справа», у межах якой затрымалі кіраўнікоў усіх чатырох цукроўняў. Былы дырэктар Гарадзейскай цукроўні Міхаіл Крыштаповіч атрымаў найдаўжэйшы сярод падсудных тэрмін — 13 гадоў турмы. Экс-кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі, зарэгістраванай у Расеі, Дзьмітры Кірылаў — 7,5 года.
- Мікалай Пруднік (Слуцкая цукроўня) — 11 гадоў
- Дзьмітры Ягораў (Скідзельская) — 11 гадоў
- Анатоль Гладкі (Жабінкаўская) — 8 гадоў
- Віктар Міронаў (Жабінкаўская) — 11 гадоў
- Бізнэсовец з Масквы Сяргей Кананенка — 7 гадоў.
З 4 цукровых камбінатаў справаздачы за мінулы год публікуюць два — Слуцкі цукроварафінадны камбінат і Жабінкаўскі цукровы завод.
Апошні з 2020 па 2021 год павялічыў вытворчасьць у 1,4 раза, а чысты прыбытак вырас у 68 разоў: з 236 тысяч рублёў да 16,1 мільёна рублёў за год.
Чысты прыбытак Слуцкага цукроварафінаднага камбінату за мінулы год — 46,8 мільёна рублёў. У параўнаньні з 2020 годам прыбытак вырас у 4,8 раза.
Як даражэе цукар
За паўгода цукар у Беларусі вырас у цане ў 1,4 раза. У студзені кіляграм каштаваў 1,7 рубля, а ўжо ў чэрвені 2,53 рубля. Па цяперашнім курсе — гэта 90 эўрацэнтаў.
Для параўнаньня, у Вільні ў краме цукар каштуе 79 эўрацэнтаў за кіляграм. У польскай «Бядронцы» цукар прадаецца па 1,1 эўра за кіляграм.
У латвійскай онлайн-краме прадуктаў кіляграм цукру каштуе 0,79 эўра.