Сёньня 9-ы дзень, як Мікалай Аўтуховіч ня есьць і ня п'е. Праваабаронцы паведамляюць, што стан вязьня значна пагоршыўся.
«Ён ужо моцна абязводжаны, перасохлі вусны і язык. У такой сытуацыі яго зь пятніцы зьмясьцілі ў карцар зь нейкай фармальнай прычыны (як і Вольгу Маёраву), доктар да яго прыходзіў таксама ў пятніцу, але ніякіх аналізаў не рабілі. Скардзіцца на здароўе гэты ўпарты моцны чалавек катэгарычна адмаўляецца», — адзначаецца ў паведамленьні «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Маёрава і Мікалай Аўтуховіч у карцары. Аўтуховіч галадаеАдзінае патрабаваньне, якое падсудны выставіў, каб спыніць галадоўку, — зьняць абмежаваньні на ліставаньне. Адзіная рэакцыя адміністрацыі СІЗА — лісты перасталі даходзіць нават да маці.
«Мае сэнс адпраўляць яму ваду бяз газу, сокі, дзіцячыя фруктовыя пюрэ (у дой-паках), мёд (у плястыкавых упакоўках), каб у яго было ўсё неабходнае, каб у любы момант пачаць выхад з галадоўкі», — тлумачаць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўжо плююся лёгкімі». Аўтуховіч распавёў на судзе пра ўмовы ўтрыманьня ў горадзенскай турмеРаней трымаў галадоўку 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча» Ўладзімер Гундар. Ён галадаў з 30 чэрвеня, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на яго патрабаваньні, а таксама як адказ на прымусовае разьдзяваньне перад працэсам. За гэта ён правёў 10 дзён у карцары. Пазьней вязень вырашыў спыніць галадоўку, бо «зьявіліся некаторыя вынікі», паведамілі праваабаронцы «Вясны». Таксама вядома, што Гундара — інваліда ІІ групы — прасіў спыніць галадоўку і Мікалай Аўтуховіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаяў у клетцы ў трусах, рукі прышпілілі да кратаў у расьцяжцы». Фігуранта «справы Аўтуховіча» Ўладзімера Гундара катуюць у судзеХто праходзіць у «справе Аўтуховіча»?
Мікалай Аўтуховіч (59 гадоў). У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.
Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры ператрусе патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).
Таксама ў справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам са сьвятаром на лаве падсудных ягоныя жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч раней валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.
Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».
Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі жанчыну ў Крупскім раёне.
Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна нібыта давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведваньня мясцовасьці».
Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і ейны сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Гундар спыніў галадоўку, — «Вясна»У чым іх абвінавачваюць?
У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».
І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букета абвінавачаньняў. Прасьцей кажучы, людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.
Абвінавачаньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая Аўтуховіча