На Падляшшы адбыўся фэстываль беларускай культуры «Тутака»

Гледачы на першым фэстывалі ў 2021-м годзе

Ён адбыўся на месцы, дзе раней 30 гадоў праводзіўся фэстываль маладой беларускай музыкі «Басовішча».

Імпрэзы на «Тутака», названай арганізатарамі «фэстывалем абуджаных», адбываліся два дні, 15-16 ліпеня ва ўрочышчы Барык каля Гарадка на Падляшшы. Сярод выступоўцаў былі J:Mors, Šuma, Лявон Вольскі і іншыя. У праграме былі заняткі для дзяцей і два спэктаклі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падзякавала ўдзельнікам фэстывалю «Тутака», яе прамову прадэманстравалі на вялікім экране фэстывальнай сцэны, піша Радыё Рацыя.

«Беручы пад увагу падзеі ў Беларусі, я думаю мы ўсе разумеем, да якой ступені кожнае сьвяткаваньне нашай спадчыны і нашай культуры ёсьць цэннае. Гэта наш спосаб сказаць суседзям, што мы жывем і не дазволім ворагам з усходу і іхным халуям сьцерці з паверхні зямлі нашую душу. Хачу падзякаваць сябрам зь Беласточчыны, што бароніце яе ўсімі сіламі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатар фэстывалю «Тутака» на Падляшшы: «На наш фэст можна прыехаць усёй сям’ёй, і кожны знойдзе цікавае для сябе»

Таксама Івонка Сурвіла адзначыла, што надзвычай важна перадаваць беларускія нацыянальныя каштоўнасьці дзецям.

«...Разам мы выратуем нашы каштоўнасьці і перададзім іх нашым дзеткам, заданьнем якіх будзе бараніць іх наступныя тысячагодзьдзі», — сказала Івонка Сурвіла.

Фэстываль «Тутака» праходзіў на Беласточчыне ў другі раз. Арганізатары абяцаюць, што фэстываль стане традыцыйным і ўжо налета адбудзецца трэці фэстываль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла беларускамоўная відэакніга для дзетак «Чытанка для маленькіх». Відэа